ТЫ́ТУЛ (ад лац. titulus надпіс, ганаровае званне),

1) ганаровае родавае або дараванае званне (напр., граф, барон, герцаг), якое падкрэслівае прывілеяванае становішча асобы, патрабуе суадноснага тытулавання (напр., ваша высокасць, вялікасць, сіяцельства). Пашырана ў шэрагу дзяржаў (Вялікабрытанія, Францыя). Прысвойваецца таксама ў гонар прызнання заслуг якой-н. асобы (напр., Т. чэмпіёна свету).

2) У грамадзянскім праве аснова якога-н. права (напр., Т. уласнасці).

3) Т. як элемент кнігі, брашуры гл. ў арт. Тытульны ліст.

4) Устарэлае — атэстат, дыплом пра набыццё адукацыі ў якой-н. навуч. установе.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТАНТЫВА́ЦЫЯ (ад лац. substantivum назоўнік),

пераход у разрад назоўнікаў слоў інш. часцін мовы ў выніку набыцця імі здольнасці ўказваць непасрэдна на прадмет, а не толькі на яго прыкмету; безафіксны спосаб утварэння назоўнікаў пераважна ад прыметнікаў як разнавіднасць канверсіі. Пры С. ўтвараюцца назоўнікі, што могуць мець значэнне асобы («хворы», «маладая»), прозвішча або мянушкі («Чорны», «Сівы»), відаў жывёлін («хобатныя», «хордавыя»), відаў страў («гарачае», «салодкае»), памяшканняў («мыйная», «сталовая»), інш. з’яў і прадметаў («праязны», «сутачныя») і г.д.

Субстантываваныя прыметнікі захоўваюць формы скланення прыметніка. Аказіянальна-кантэкставая С. можа закранаць і інш. часціны мовы («Ваша вечнае «не» мне надакучыла»; «Ну, давай «пяць» і не злуй болей»).

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў Міхаіл Міхайлавіч (н. 14.10.1934),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1980). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1956). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Маякоўскага, «Сучаснік», МХАТ, на Малой Броннай, у 1991—97 у Камерным т-ры Тэль-Авіва. Акцёр інтэлектуальнага плана, ігра вызначаецца спалучэннем рамант. узвышанасці і іроніі. Выконвае драм. і камедыйныя, вострахарактарныя ролі: Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1978), Качкароў («Жаніцьба» М.​Гогаля, 1975) і інш. Зняўся ў фільмах «Забойства на вуліцы Дантэ» (1956), «Чалавек-амфібія» (1962), «Добры дзень, я ваша цёця!» (1975), «20-е снежня» (1981, Дзярж. прэмія Расіі 1983) і інш. Пастаноўшчык тэлефільмаў «Безыменная зорка» (1978), «Пакроўскія вароты» (1982), «Калі верыць Лапатухіну» (1983), «Візіт Дамы» (1989). Дзярж. прэмія СССР 1967.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫГАРХАНЯ́Н Армен Барысавіч (н. 3.10.1935, Ерэван),

армянскі і расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1958). Ў 1955—66 у Рус. драм. т-ры (Ерэван), у 1969—96 у т-ры імя У.​Маякоўскага, з 1996 у «Ленкоме» (Масква). Акцёр моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення, стварае тонкі і заўсёды дакладны псіхал. малюнак вобраза. Сярод роляў: Стэнлі Кавальскі («Трамвай «Жаданне» Т.​Уільямса), Сакрат і Нерон («Гутаркі з Сакратам» і «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.​Радзінскага), Хлудаў («Бег» М.​Булгакава), Мэндэль Крык («Захад сонца» І.​Бабеля). З 1960 здымаецца ў кіно («Добры дзень, гэта я!», «Калі настае верасень», «Жураўлік», «Тэгеран-43») і тэлефільмах («Аперацыя «Трэст», «Нікало Паганіні», «Добры дзень, я ваша цёця», «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Сабака на сене» і інш.). Дзярж. прэміі Арменіі 1975, 1979.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ГІН Аляксандр Аляксандравіч (н. 25.5.1942, г. Малмыж Кіраўскай вобл., Расія),

расійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчукіна (1965). На сцэне з 1965, з 1971 у МХАТ. Заснавальнік і кіраўнік драм. т-ра «Et cetera» (з 1993).

Творчасці ўласцівы шырокі артыстычны дыяпазон — ад стрыманага драматызму да феерычнага гумару, ад камедыйнасці да тонкага псіхалагічнага аналізу і спавядальнай адкрытасці. Сярод тэатр. роляў: Ленін («Так пераможам!» М.​Шатрова, 1981), Аргон («Тарцюф» Мальера, 1981), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога, 1982), Сіман («Тамада» А.​Галіна, 1986) і інш. Здымаецца ў кіно («Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх», 1974; «Добры дзень, я ваша цёця!», 1975; «Раба кахання», 1976; «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна», 1977; «Допыт», 1979; «Іван, ты абраж», 1992; «Прахіндзіяда», 1994, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1981, 1983.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМАМО́ТА Сацуа (15.7.1910, г. Кагосіма, Японія — 11.8.1983),

японскі кінарэжысёр; адзін з пачынальнікаў руху «незалежных» у яп. кіно. Вучыўся ва ун-це Васэда. З 1933 працаваў у розных кінакампаніях. Дэбютаваў фільмам «Ваша дачка» (1937). У яго фільмах «Вайна і мір» (1947, з Ф.​Камэі), «Бура ў гарах Хаконэ», «Зона пустаты» (абодва 1952), «Вуліца без сонца» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Песня каляскі» (1959), «Барацьба без зброі» (1960) і інш. вострыя паліт. і сац. праблемы. Сярод інш. значных работ: «Вялікая белая вежа» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Маскве 1967), гіст. эпапея «Вайна і людзі» (6 серый; 1970—73; спец. прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1974), «Цудоўная сям’я» (1974), «Кольцападобнае зацьменне сонца» (1975), «Гісторыя Суйко эпохі Тэмпо» (1976), «Перавал Намугі» (1979). Для яго творчасці характэрны ідэйная глыбіня, вострая палемічнасць, бязлітаснае сац. выкрыццё.

Літ.:

Ивасаки А. История японского кино: Пер. с яп. М., 1966.

т. 18, кн. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗІНЕ́НКА Анатоль Дзмітрыевіч (н. 23.1.1940, с. Ленінскае Хабараўскага краю, Расія),

бел. архітэктар, педагог. Канд. архітэктуры (1972). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1967 у ін-це «Брэстграмадзянпраект», з 1974 выкладчык Брэсцкага тэхн. ун-та. Асн. работы: генпланы гарадоў Калінкавічы (1965), Драгічын (1973), планіроўка турбазы «Белае возера» ў Брэсцкім р-не (1970—73), забудова мікрараёнаў №1, 2 і па вул. Набярэжнай у Брэсце (1967—75), праекты жылых дамоў у гарадах Шклоў (1989), Барань Аршанскага р-на (1990) і інш., рэканструкцыя стадыёна на 5 тыс. гледачоў у Шклове (1998—2000) і інш.

Тв.:

Планировка и застройка сельских населенных мест. Мн., 1984;

Районная планировка и региональное расселение. Мн., 1986 (разам з І.​Дз.​Белагорцавым, В.​М.​Саламеннікам);

Фермерское хозяйство. Могилев, 1993 (разам з Г.​М.​Сіваевым, А.​Г.​Шпаннікавым);

Ваша усадьба. Мн., 1994 (у сааўт.);

Экологические основы архитектурного проектирования: Учеб. пособие. Брест, 2003.

т. 18, кн. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКІНА Людміла Іванаўна (н. 15.5.1925, с. Новае Сяло Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1956), нар. арт. СССР (1975). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1947), у 1982—94 выкладала ў ім (з 1986 праф.). З 1947 актрыса Цэнтр. т-ра Рас. Арміі. Стварыла больш за 60 рознахарактарных вобразаў: Мар’я Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Марфінька («Абрыў» паводле І.​Ганчарова), Анечка («Акіян» А.​Штэйна), Савіна («Элегія» П.​Паўлоўскага), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Кавалёва («Кавалёва з правінцыі» І.​Дварэцкага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), каралева Лізавета («Ваша сястра і палонніца» Л.​Разумоўскай). Знялася ў кіна- і тэлефільмах: «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Выклікаем агонь на сябе» (1964), «Помні імя сваё» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Утаймаванне свавольніцы» (1961, 1-ы прыз «Залатая німфа» на 2-м Міжнар. фестывалі тэлефільмаў у Монтэ-Карла), «Маці Марыя» (1982), «Дарогі Ганны Фірлінг» (1985).

Літ.:

Чеботаревская Т.А. Людмила Касаткина. М., 1972.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРУ́К Ігар Хведаравіч (н. 23.7.1964, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1986). З 1988 карэспандэнт перыяд. выданняў. З 1993 заг. літ.-драм. часткі Брэсцкага абл. т-ра лялек. Друкуецца з 1986. Выдаў кн. паэзіі «Чарнабел» (1991), «Саната Арганата» (1993), «Моўкнасць» (1997), кн. прозы «Квадратная варона» (2000), кн. для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» (1994). Аўтар п’ес «Люстрынка, або Ваша несусветнае зладзейства!» (паст. 1992), «Галава» (паст. 1992, апубл. 1997), «Меч анёла» (паст. 1993), «Пра дзедку Міхедку, пра бабку Агапку ды пра Катка — Залатога лабка», «Янка зух і нячысты дух» (абедзве паст. 1994), «Збавіцель», «Штукары» (абедзве паст. 1995), «Плач, саксафон!» (паст. 1995, Нац. т-р імя Я.​Коласа 1996), «Дрэва багоў» (паст. 1996), «Кірмашовы балаган» (паст. 1998), «Залатая табакерка» (паст. 2001, Гран-пры на Міжнар. тэатр. фестывалі «Белая вежа», Брэст) і інш. Апубл. п’есы «Кветкі пад ліўнем», «Прагнасць — не ў радасць» (абедзве 1992), «Торба» (1993), «Крывая імша», «Крык» (абедзве 1995) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ЛЬ Леў Абрамавіч (10.7.1905, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 21.6.1970),

расійскі пісьменнік. Чл.-кар. АПН СССР (1965). Вучыўся ў Маск. ун-це. Друкаваўся з 1925. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва, тэматычна разнапланавыя — падзеі 1917 і Вял. Айч. вайны, людзі спорту і мастацтва, этычная праблематыка: аўтабіягр. аповесці «Кандуіт» (1930) і «Швамбранія» (1933), аповесці «Чарамыш, брат героя» (1938), «Вялікае процістаянне» (ч. 1—2, 1941—47), «Вуліца малодшага сына» (1949, з М.​Паляноўскім; Дзярж. прэмія СССР 1951; экранізацыя «Беларусьфільмам» 1962), «Будзьце гатовы, Ваша вялікасць!» (1964), «Так было» (з Паляноўскім, 1970), раманы «Варатар рэспублікі» (1938), «Ход белай каралевы» (1956), «Чаша гладыятара» (1961). Аўтар публіцыст. кн. «Твае абаронцы» (1942), дарожных нататак, кніг пра У.​Маякоўскага, С.​Міхалкова і інш. Творчасць адметная разуменнем дзіцячага светаўспрымання, аптымізмам, спалучэннем лірызму з гумарам і сатырай, трапнасцю мовы. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Вольскі, А.​Якімовіч, Я.​Васілёнак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1965—66;

Бел. пер. — Турэцкія буцы. Мн., 1937;

Кандуіт і Швамбранія. Мн., 1939;

Дарагія мае хлапчукі. Мн., 1947;

Выбуховы груз і іншыя апавяданні. Мн., 1947;

Пра жыццё зусім добрае. Мн., 1962.

Літ.:

Жизнь и творчество Льва Кассиля. М., 1979.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)