Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЫ,
некалькі блізкіх відаў птушак сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы. На Беларусі найб. вядомая варона шэрая (Corvus cornix) — шматлікая аселая (у некат. мясцінах часткова пералётная); зрэдку з Зах. Еўропы залятае варона чорная (Corvus corone). Некаторыя вучоныя лічаць іх падвідамі аднаго віду (Corvus corone). Летам варона шэрая трымаецца ўзлескаў, палёў, поймаў рэк, зімой — бліжэй да жылля.
Даўж. цела ў сярэднім 47 см. У вароны шэрай апярэнне на спіне і брушку шэрае, крылы, хвост, галава і грудзі чорныя, у вароны чорнай — усё чорнае. На межах арэалаў гэтых відаў трапляюцца гібрыды пераходнай афарбоўкі. У гнездавы перыяд трымаюцца парамі, у астатні час — чародамі. Гняздуюць у лясах, парках, на дрэвах, зрэдку ў зарасніках чароту. Усёедныя. Часам разбураюць гнёзды інш. птушак, у т. л. паляўніча-прамысловых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 16 км на У ад Віцебска, на шашы Віцебск—Лёзна. 756 ж., 314 двароў (1996). Міжнар. вузел сувязі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. У час Вял. Айч. вайны была спалена. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік на месцы бою рус. і франц. войск у 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДРА́НКА (Paris),
род кветкавых раслін сям. трыліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. чатырохлістая (P. quadrifolia). Трапляецца ў лясах, ярах, хмызняках.
М. чатырохлістая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з паўзучым карэнішчам. Сцябло прамастойнае. Лісце яйцападобнае або ланцэтнае, амаль сядзячае, сабранае ў кальчак у верхняй ч. сцябла. Кветка адзіночная, верхавінкавая. Плод — шызавата-чорная ягада, нагадвае вока вароны. Расліна лек.; ядавітая, асабліва ягады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л.даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.