ЛАТУ́Р, Ла Тур (La Tour) Жорж дэ (19.3.1593, г. Вік-сюр-Сей, Францыя — 30.1.1652), французскі жывапісец; прадстаўнік караваджызму. Пісаў рэліг. і жанравыя карціны, якім уласцівы прастата і напружанасць кампазіцыйнай пабудовы, лаканізм выяўл. сродкаў. Карціны падзяляюцца на дзённыя сцэны, якія трактуюцца ў халодным і яркім асвятленні, і начныя, якія будуюцца на рэзкім кантрасце святла і ценю з вызначанай крыніцай святла (свечка, паходня), што надае ім загадкавасць і драматызм. Сярод твораў: «Варажбітка» (1610-я г.), «Махляры» (каля 1625), «У ліхвяра», «Нараджэнне Хрыста» (абедзве 1630-я г.), «Іосіф-цясляр», «Магдаліна са свяцільнікам» (абодва 1640-я г.), «Адрачэнне апостала Пятра» (1650) і інш.

Літ.:

Золотов Ю.К. Ж. де Ла Тур. М., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

Ж. дэ Латур. Варажбітка. 1610-я г.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БА-ЯГА́, Баба-Юга,

персанаж чарадзейных усх.-слав. казак. Падобна на Ендзі-бабу польскіх, Ежы-бабу чэшскіх, Гіндзі-бабу славацкіх казак, мае агульныя рысы з героямі казак інш. народаў. Каларытны вобраз Бабы-Ягі на касцяной назе: яна лётае на ступе, паганяючы памялом, жыве ў лясной хатцы на курынай ножцы, якая паварочваецца, калі сказаць магічныя словы. Ён складваўся на працягу эпох і ўвабраў у сябе ўяўленні аб пачынальніцы мацярынскага роду, царстве мёртвых, абрадзе ініцыяцый. Паступова зліўся з вобразам злой варажбіткі, ведзьмы і стаў служыць яго заменай. У некат. казках Баба-Яга выступае як дарадчыца героя, якому памагае. Аднак часцей яна — пярэварацень, злая варажбітка, выкрадальніца-людаедка.

Л.​Р.​Бараг.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́ЎСКІ (Ціт) (1799, г.п. Лагойск Мінскай вобл. — 1843),

бел. жывапісец. З прыгонных графа Тышкевіча. Вучыўся ў Віленскім ун-це ў Я.Рустэма. У 1827 з дапамогай Тышкевіча пасланы ў Германію, дзе займаўся капіраваннем экспанатаў Дрэздэнскай галерэі. У 1836—42 у Мюнхенскай АМ. У 1843 паехаў у Венецыю, дзе раптоўна скончыў самагубствам. Аўтар карцін: «Касец, што менціць касу», «Дзяўчынка з разбітым збанам», «Музыкант настройвае віяланчэль», «Варажбітка прадказвае лёс», «Святая Вікторыя збірае сродкі для беднякоў», партрэтаў Ю.​Славацкага (1831), К.​Князевіча, генерала Вайчынскага (1836, музей А.​Міцкевіча ў Варшаве) і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. М., 1974. С. 100—104.

Н.​В.​Федасеенка.

Ц.Бычкоўскі. Партрэт генерала Вайчынскага. 1836.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)