БА́БА-ЯГА́,

Баба-Юга, персанаж чарадзейных усх.-слав. казак. Падобна на Ендзі-бабу польскіх, Ежы-бабу чэшскіх, Гіндзі-бабу славацкіх казак, мае агульныя рысы з героямі казак інш. народаў. Каларытны вобраз Бабы-Ягі на касцяной назе: яна лётае на ступе, паганяючы памялом, жыве ў лясной хатцы на курынай ножцы, якая паварочваецца, калі сказаць магічныя словы. Ён складваўся на працягу эпох і ўвабраў у сябе ўяўленні аб пачынальніцы мацярынскага роду, царстве мёртвых, абрадзе ініцыяцый. Паступова зліўся з вобразам злой варажбіткі, ведзьмы і стаў служыць яго заменай. У некат. казках Баба-Яга выступае як дарадчыца героя, якому памагае. Аднак часцей яна — пярэварацень, злая варажбітка, выкрадальніца-людаедка.

Л.Р.Бараг.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)