КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр.Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.П.Рубенса, Д.Веласкеса і інш.Гл. таксама Караваджызм.