Вакх, гл. Дыяніс

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХ, Бахус,

у антычнай міфалогіі адно з імён бога вінаградарства і вінаробства Дыяніса.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНА́ДЫ, вакханкі, басарыды,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі спадарожніцы Дыяніса (Вакха). Паводле міфаў, М., паўаголеныя, упрыгожаныя вінаградным лісцем і плюшчом, усё знішчаюць на сваім шляху жэзламі, забіваюць жывёл і п’юць іх кроў. Часам іх ахвярамі становяцца і людзі. У вар’яцкім захапленні М. клічуць Дыяніса Бромія («Шумлівага») або Дыяніса Плюшчавага воклічамі «Вакх, Эвое». Пад іх ударамі з зямлі цякуць малако і мёд.

т. 10, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВІ́ЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,

адна з асн. маст. школ Іспаніі ў 15—17 ст. з цэнтрам у г. Севілья. Творы мастакоў С.ш. А.​Фернандэса, Ф. дэ Эрэры Старэйшага, Х. дэ Раэласа, Ф.​Пачэкі адметныя пачуццёвай дакладнасцю ў адлюстраванні рэчаіснасці. Найб. росквіту дасягнула ў 17 ст. ў творчасці Д.Веласкеса, Ф.Сурбарана, Б.Э.Мурыльё. Гэтаму перыяду ўласцівы глыбокі дэмакратызм вобразаў, канкрэтнасць маст. мовы, увага да праблем каларыту і і святлаценю.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Севільская школа жывапісу. Д.​Веласкес. Вакх. 1630.
Да арт. Севільская школа жывапісу. Б.​Э.​Мурыльё. Адпачынак на шляху ў Егіпет. 1665—70.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯНІ́С,

у грэчаскай міфалогіі бог расліннасці, вінаградарства і вінаробства, сын Зеўса і фіванскай царэўны Семелы. Нарадзіўся неданошаным пасля смерці маці, але Зеўс зашыў Д. ў сваім бядры і данасіў. Спадарожнікамі Д. былі німфы, дэманы, сатыры і сілены. Першапачаткова Д. ўяўлялі сталым, барадатым мужчынам, пазней — прыгожым юнаком. Святы ў гонар Д. — дыянісіі, мелі характар оргій. Міф пра Д. — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (фрэскі ў Пампеях, мазаіка з Дэласа, рэльеф на мануменце Лісікрата ў Афінах, карціны А.​Альтдорфера, Тыцыяна, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш.). У рымлян вядомы пад імем Вакх (Бахус).

Дыяніс. Фрагмент размалёўкі амфары «майстра Клеафрада». Каля 500 да н.э.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЛЬ (Roussel) Альбер Шарль Поль Мары (5.4.1869, г. Туркуэн, Францыя — 23.8.1937),

французскі кампазітар, педагог. Скончыў «Схола канторум» (1898, у 1902—14 выкладаў у ёй, з 1913 праф.), вучыўся ў В. д’Эндзі. Раннія творы вытрыманы ў імпрэсіяністычных традыцыях, пазней адзін з буйн. прадстаўнікоў неакласіцызму ў франц. музыцы. Значнае месца ў яго творах заняла ант. тэматыка. Адным з першых выкарыстаў у еўрап. музыцы кіт., інд. і інш. лады. Сярод твораў: оперы, у т. л. опера-казка «Нараджэнне ліры» (1924), опера-балет «Падмаваці» (паст. 1923); балеты, у т. л. «Баляванне павука» (1913), «Вакх і Арыядна» (1930); сімфоніі, камерна-інстр. творы і інш. З 1935 прэзідэнт Нар. муз. федэрацыі. Сярод вучняў Э.Саці, Б.Марціну і інш.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНСАВІ́НА [Sansovino; сапр. Таці

(Tatti)] Якапа (2.7.1486, г. Фларэнцыя, Італія — 27.11.1570),

італьянскі архітэктар і скульптар Высокага і Позняга Адраджэння. Вучыўся ў А.​Сансавіна (узяў яго прозвішча) у Фларэнцыі. Працаваў у Рыме (1503—10 і 1518—27), Фларэнцыі (1510—18), Венецыі і Падуі (з 1529 гал. архітэктар Венецыянскай рэспублікі). Яго арх. творы ў Венецыі (палацца Корнер, з 1532, б-ка Сан-Марка, 1536—54; манетны двор, з 1536) адметныя пластычнай выразнасцю строгіх класічных форм, багаццем скульпт., а часам і жывапіснага ўбрання, тонка падначаленага тэктоніцы будынка. У скульптуры жывапісная гульня святлаценю спалучаецца з вытанчанай экспрэсіяй вобразаў («Вакх», 1518; 4 статуі на фасадзе Ладжэты ў Венецыі, 1540—45).

Я.Сансавіна. Бібліятэка Сан-Марка ў г. Венецыя. 1536—54.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў (Смірноў-Галаванаў) Віктар Віктаравіч

(н. 6.4.1934, Масква),

расійскі і ўкр. артыст балета, балетмайстар. Засл. дз. маст. Украіны (1981). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1953). У 1953—74 саліст Вял. т-ра ў Маскве. З 1976 гал. балетмайстар Адэскага т-ра оперы і балета, з 1988 дырэктар і маст. кіраўнік Маскоўскага гар. балета. Яго пастаноўкам уласцівы выкарыстанне розных відаў сучаснага сцэн. танца, імкненне да сінтэзу яго выразных сродкаў, эксперыментатарства ў харэагр. лексіцы. Сярод партый: Вакх («Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.​Гуно), Акцёр («Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева) і інш. Сярод пастановак: балеты «Азоранасць» А.​Пахмутавай (1973), «Вайна і мір» на музыку В.​Аўчыннікава (1987), опера-балет «Вій» В.​Губарэнкі (1984) і інш. Адзін са стваральнікаў рас. тэлебалета: «Рамэо і Джульета» на муз. П.​Чайкоўскага (1968), «Трапецыя» на муз. С.​Пракоф’ева (1970), «Белыя ночы» на муз. А.​Шонберга (1972) і інш.

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,

камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.

Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.​Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.​Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.​Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.​Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.​Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).

У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».

Літ.:

Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКТО́ (Cocteau) Жан (5.7.1889, г. Мезон-Лафіт, Францыя — 11.10.1963),

французскі пісьменнік, мастак, кінарэжысёр, тэатр. дзеяч. Чл. Франц. акадэміі (1955). Дэбютаваў у 1909 як паэт-сімваліст (зб. «Лямпа Аладзіна»), Выступаў за балетны спектакль новага тыпу, заснаваны на збліжэнні харэаграфіі з эстрадай і эксцэнтрыкай; супрацоўнічаў з С.Дзягілевым. Паэтычная творчасць развівалася ад куба-футурызму і дадаізму («Ода Пікасо», 1919, зб. «Вершы», 1920) да сюррэалізму (зб. «Опера», 1927). У зб-ках крытычных афарызмаў «Певень і арлекін» (1918) і «Прафесійны сакрэт» (1922) выступіў як прыхільнік авангардысцкай групы «Шасцёрка» ў музыцы і дадаізму ў л-ры. Аўтар раманаў «Самазванец Тама» (1923) і «Цяжкія дзеці» (1929), п’ес «Антыгона», «Рамэо і Джульета» (спроба «амаладжэння» ант. і шэкспіраўскай трагедыі), «Арфей» (усе 1928), «Адская машына» (1934), псіхал. манадрамы «Чалавечы голас» (1930; паводле яе ў Мінску ў 1985 паст. аднайм. монаопера Ф.​Пуленка), «Цяжкія бацькі» (1938), «Двухгаловы арол» (1946), «Вакх» (1952) і інш. Адзін з заснавальнікаў «Балета Елісейскіх палёў» (1944). Пісаў лібрэта балетаў, опер, кінасцэнарыі. Ставіў кінафільмы («Прыгажуня і пачвара», 1946; «Арфей», 1950; «Запавет Арфея», 1960).

Тв.:

Рус. пер. — Портреты-воспоминания: Эссе. М., 1985.

Літ.:

Bross J. Cocteau. Paris, 1970.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)