Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл.Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Й (Ала Мікалаеўна) (н. 14.9.1932, с. Займо-Абрыў Растоўскай вобл., Расія),
бел. мастачка. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладала ў Мінскай дзіцячай маст. школе (1959—63), працавала ў газ. «Піянер Беларусі» (1963—80). Творчасці ўласцівы арыгінальнасць колеравага бачання і жанравая разнастайнасць, работы адметныя аптымістычнасцю і цеплынёй. Сярод твораў: тэматычныя карціны «Будаўнікі» (1957), «Апошні з нашага квартала» (1961), «Купалле» (1976), «Крыніца жыцця» (1982), «Сонейка» (1988), «Звон святыні» і «Цішыня» (абодва 1994), «Маё дзяцінства» (1995); пейзажы «Макі» (1966), «Восень» (1990), «Бярозавы гай» (1991), «Ваколіца Забалоцця» (1995), «Раніца» (1996); нацюрморты «Антоны» (1984), «Водар лесу» (1986), «Васількі» і «Армянскі вінаград» (абодва 1992), «Палявыя кветкі» (1995); партрэты, ілюстрацыі да кніг. Іл.гл. таксама ў арт.Нацюрморт.
эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Друя на лініі Варапаева—Друя. 10,7 тыс.ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М.Стрыйкоўскага пад 1065. Летапісныя назвы Браславль, Браславль Завельски. З пач. 14 ст. велікакняжацкае ўладанне. У 15 ст. цэнтр Браслаўскага павета Віленскага ваяв. У 1500 атрымаў прывілей на магдэбургскае права, у 1792 — герб: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам. У канцы 18 ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага пав. (цэнтр павета г. Відзы). У 1793 утворана Браслаўскае ваяводства. У 1850-я г. ў Б. 220 ж., 60 двароў, у 1913 — 1550 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 4,9 тыс.ж. З 1940 Браслаў — цэнтр раёна Вілейскай вобл. З 27.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Браславе і раёне 5456 чал. Дзейнічала Браслаўскае патрыятычнае падполле. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. У 1969 — 4,6 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч., лёгкай прамысловасці і сац.-быт. абслугоўвання. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Арх. помнікі 19 ст.: Браслаўская Мікалаеўская царква, Браслаўскі касцёл, калодзежны шацёр; археал. помнік — гарадзішча. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяраў фашызму.