БРА́СЛАЎ,

горад у Беларусі, цэнтр Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Друя на лініі Варапаева—Друя. 10,7 тыс. ж. (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М.Стрыйкоўскага пад 1065. Летапісныя назвы Браславль, Браславль Завельски. З пач. 14 ст. велікакняжацкае ўладанне. У 15 ст. цэнтр Браслаўскага павета Віленскага ваяв. У 1500 атрымаў прывілей на магдэбургскае права, у 1792 — герб: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам. У канцы 18 ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага пав. (цэнтр павета г. Відзы). У 1793 утворана Браслаўскае ваяводства. У 1850-я г. ў Б. 220 ж., 60 двароў, у 1913 — 1550 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 4,9 тыс. ж. З 1940 Браслаў — цэнтр раёна Вілейскай вобл. З 27.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Браславе і раёне 5456 чал. Дзейнічала Браслаўскае патрыятычнае падполле. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. У 1969 — 4,6 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч., лёгкай прамысловасці і сац.-быт. абслугоўвання. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Арх. помнікі 19 ст.: Браслаўская Мікалаеўская царква, Браслаўскі касцёл, калодзежны шацёр; археал. помнік — гарадзішча. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)