Біскуп 4/384, гл. Епіскап

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛА (Belo) Карлас Феліпе Хіменес (н. 3.2.1948, в. Вайлакама, Усх. Тымор),

рэлігійны і грамадскі дзеяч Усходняга Тымора. Біскуп каталіцкай царквы. У 1973—80 атрымаў духоўную адукацыю ў Партугаліі. З 1981 дырэктар каледжа на радзіме. У 1983 (афіцыйна пасвячоны ў 1987) — ліст. 2003 біскуп сталіцы Усх. Тымора г. Дылі. Асуджаў рэпрэсіі супраць мясц. насельніцтва з боку ўлад Інданезіі, якая ў 1975—99 акупіравала Усх. Тымор, дамогся прыцягнення ўвагі сусв. грамадскасці да масавых парушэнняў тут правоў чалавека. Адыгрываў важную ролю ў паліт. жыцці Усх. Тымора ў перыяд пасля вываду інданезійскіх войск (1999) і да афіц. абвяшчэння незалежнасці (20.5.2002). Нобелеўская прэмія міру 1996 (з Х.​Рамасам-Ортам).

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІ Канстанцін Казімір (1644—кастр. 1722),

царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром I спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНЫ-ГРЫЧЫ́НАВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»). Паходзяць ад Войны (упамінаецца ў 1528), аднаго з баяр Грычынавічаў з маёнтка Парэчча ў Пінскім пав. Найб. вядомыя: Мацей, сын Войны, рэферэндар і пісар ВКЛ, падкаморы пінскі з 1566. Лаўрын (Ваўжынец; ? — 23.10.1580), сын Мацея. Староста пінскі (1574—80), гарадзенскі, кобрынскі, падскарбі надворны ВКЛ (1569), падскарбі земскі (1576). Сямён (?—1599), сын Мацея. Маршалак гаспадарскі (1584), кашталян мсціслаўскі (1588). Грыгорый (?—1603), сын Мацея, кашталян брэсцкі (1593). Сокал (?—1610), сын Мацея. Кашталян мсціслаўскі (1599), брэсцкі (1603). Габрыэль (?—1.1.1615), сын Мацея. Пісар ВКЛ (1585), падканцлер ВКЛ (1589). Прымаў удзел у ваенных паходах Стафана Баторыя, быў паслом Жыгімонта III Вазы ў Маскву. Бенядзікт (?—1615), сын Мацея. Сакратар вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя, біскуп віленскі (1600). Мацей (?—1607?), сын Лаўрына. Пісар ВКЛ (1589), падскарбі надворны ВКЛ (1605). Абрагам (1569—1649), сын Сямёна. Біскуп метонскі, жмудскі (1627) і віленскі (1630).

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ. Найб. вядомыя:

Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл. Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл. Валовіч М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ-СЕСТРАНЦЭ́ВІЧ Станіслаў Іванавіч (3.9.1731, в. Занкі Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 13.12.1826),

бел. вучоны, рымска-каталіцкі царк. дзеяч, літаратар. Дзядзька В.Дуніна-Марцінкевіча. Скончыў Варшаўскую школу піяраў (1763), настаяцель у Гомелі і Бабруйску, канонік і біскуп-суфраган у Вільні, З 1773 біскуп Бел. біскупства (цэнтр у Магілёве), з 1782 магілёўскі арцыбіскуп. Мітрапаліт рымска-каталіцкай царквы Рас. імперыі (1798—1826). З 1801 жыў у Пецярбургу, выбіраўся чл. Расійскай АН і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Заснаваў у Магілёве друкарню, у ёй выдаваў і свае творы. Аўтар твораў па гісторыі, філалогіі: «Аб Заходняй Расіі» (Магілёў, 1793; разглядае пытанне пра паходжанне беларусаў, украінцаў і рускіх), «Гісторыя Таўрыды» (т. 1—2, Браўншвейг, 1800; рус. пер. СПб., 1806), «Гісторыя сарматаў і славян» (т. 1—4. СПб., 1812), «Граматыка літоўская» (бел. мовы; не выдадзена). Выдаў і паставіў у Магілёве сваю вершаваную трагедыю «Гіцыя ў Таўрыдзе» (1783). Пісаў вершы, казанні і інш. дыдактычныя творы.

С.І.Богуш-Сестранцэвіч. З карціны невядомага мастака.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОП (Ropp) Эдвард фон

(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),

рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з роду Плятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.

Літ.:

Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел. гіст. часоп. 1994. № 3;

Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;

Мюнхен, 1999.

А.​Ф.​Смалянчук.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЗЕНГА́ЎЗЫ, фон Тызенгаўзены,

шляхецкі род уласнага герба «Буйвал» у Рэчы Паспалітай. Маюць ням. паходжанне, у пач. 13 ст. прыбылі з Гальштэйна ў Інфлянты. З Т., што жылі ў ВКЛ, найб. вядомы:

Готард Ян (? — 1640), кашталян вендэнскі ў 1621—34, ваявода дорпцкі з 1634. Готард (? — 1669), канонік і суфраган віленскі з 1661, абат гебдоўскі, біскуп-намінат метонскі, біскуп смаленскі з 1667. Юрый (? — 6/7.9.1679), палкоўнік войска ВКЛ, мечнік ВКЛ з 1650. Андрэй (? — 8.2.1673), лоўчы ВКЛ з 1667. Стафан (? — 24.12.1708), падстолі ВКЛ у 1687, ваявода новагародскі з 1689. Ян Стафан (? — 1730), вял. пісар ВКЛ у 1669—1714, ваявода мсціслаўскі з 1714, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1716 і 1720. Міхал Бенядзікт (? — да 12.10.1726), вял. пісар ВКЛ з 1714. Антоній (1733—85), гл. Тызенгаўз А. Канстанцін (3.6.1786, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.3.1853), арнітолаг. Аўтар прац «Асновы арніталогіі, або Навукі пра птушак» (1841), «Усеагульная арніталогія, або Апісанне птушак усіх частак свету» (1843—46). Захапляўся жывапісам, быў вучнем Я.​Рустэма. У сваім маёнтку ў Паставах стварыў арніталагічны музей, сабраў карцінную галерэю, значную б-ку.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН (Януш; 8.1.1499, г. Кракаў, Польшча — 18.2.1538),

віленскі біскуп, пазашлюбны сын караля польскага і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога і Катажыны Охстат Цельнічанкі. Выхоўваўся ў Кракаве і Глогаве. У 1512 Я. «з князёў літоўскіх» кракаўскі, пазнанскі і плоцкі канонік. У 1515 вывучаў у Балонскім ун-це права. Працаваў у каралеўскай канцылярыі. У 1519 папа Леў X прызначыў Я. кіраўніком віленскага біскупства. Аднак паўнату ўлады біскупа ён атрымаў толькі ў 1531 пасля канчатковага святарскага пасвячэння. Пасля прыезду ў Вільню стаў фактычным намеснікам вял. князя ў ВКЛ (1519—36). Актыўна ўдзельнічаў у кананізацыйным працэсе каралевіча Казіміра і стварэнні Статута ВКЛ 1529. Пры яго дапамозе Ф.Скарына заснаваў у Вільні друкарню, а з сярэдзіны 1520-х г. стаў яго сакратаром. Праводзіў палітыку бацькі ў адносінах абмежавання ўлады свецкіх магнатаў. Для ўмацавання ўлады дынастыі Ягелонаў распрацаваў (з Юрыем Радзівілам) праект прызнання ВКЛ каралеўствам (1526), аднак польскія магнаты не дапусцілі гэтага. 19.5.1536 з-за рознагалоссяў з літ. магнатамі Я. адмовіўся ад віленскага біскупства (прыкладна ў той час пакінуў Вільню і Ф.​Скарына). З сак. 1537 біскуп пазнанскі.

т. 18, кн. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

духоўная рымска-каталіцкая вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў Гродне ў 1990 1-м апостальскім адміністратарам біскупам Т.​Кандрусевічам. Рыхтуе святароў. Тэрмін навучання 6 гадоў. Выкладаюцца: лац., англ., ням., польск., рус., бел. мовы; філасофія, тэалогія, літургія і інш. прадметы філасофскага і тэалагічнага зместу. Узначальвае семінарыю рэктар, якога, як і прэфекта, і выкладчыкаў, назначае дыяцэзіяльны біскуп. Размешчана ў будынку Гродзенскага кляштара бернардзінцаў.

т. 5, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)