Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́ЛЫ,
неарганічныя пігменты белага колеру. Найб. пашыраны бялілы цынкавыя (цынку аксід, ZnO) і тытанавыя (тытану дыаксід, TiO2).
Цынкавыя бялілы не ядавітыя, устойлівыя да ўздзеяння святла, надаюць пакрыццю бляск, які доўга захоўваецца. Тытанавыя бялілы не ядавітыя, маюць высокую покрыўную здольнасць і інтэнсіўнасць, але пад дзеяннем святла страчваюць бляск, найб. святлоўстойлівая рутылавая форма (гл.Тытану аксіды). Атрымліваюць бялілы сінтэтычна. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ўсіх відаў фарбаў і эмаляў, разведзеныя на пакосце для фарбавання паверхняў з розных матэрыялаў (дрэва, металаў, гумы, пластмасаў, паперы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТ (ад лац. pigmentum фарба) у выяўленчым мастацтве, каляровы парашок, што ўваходзіць як састаўная частка ва ўсе віды фарбаў і вызначае іх колеравыя якасці. Бываюць П. арганічныя і неарганічныя, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на натуральныя (вохра, мел, сурык і інш.) і штучныя (сажа, ультрамарын, бялілы і інш.). Да П. адносяць таксама арган. лакі. Дамешкі да П. сувязнога рэчыва вызначаюць тэхн. якасці фарбаў (напр.Акварэль, Пастэль і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕНІ́Т (ад лац. galena свінцовая руда),
свінцовы блішчак, мінерал класа сульфідаў, сульфід свінцу, PbS. Мае 86,6% свінцу. Прымесі: селен, серабро, вісмут, волава, цынк, жалеза і інш. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі кубічныя і актаэдрычныя, вядомыя двайнікі. Часцей трапляецца ў выглядзе зярністых (свінчак) і суцэльных мас. Колер свінцова-шэры. Бляск ярка-металічны. Цв. 2—3. Крохкі. Шчыльн. 7,4—7,6 г/см³. Электраправодны. Трапляецца ў гідратэрмальных радовішчах разам з пірытам, сфалерытам, арсенапірытам і інш. сульфідамі. Галеніт — свінцовая руда і каштоўная руда серабра. З галенітавага канцэнтрату атрымліваюць бялілы і інш. фарбы. Радовішчы ў Расіі, ЗША і інш. На Беларусі галеніт трапляецца ў крышт. фундаменце, у пародах дэвону і карбону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́ЛКІ,
драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).
Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТЫў хіміі,
тонкадысперсныя афарбаваныя парашкі, нерастваральныя ў вадзе і плёнкаўтваральных рэчывах. Паводле паходжання П. падзяляюць на прыродныя і сінт., паводле складу — на мінер. (неарган.) і арган., паводле колеру — на ахраматычныя (белыя, шэрыя, чорныя) і храматычныя (інш. колераў), паводле прызначэння — на дэкар., ахоўныя, мэтавага прызначэння (сігнальныя, тэрмаіндыкатарныя, бактэрыцыдныя і інш.).
П. неарганічныя — пераважна аксіды, сульфіды і солі пераходных металаў (жалеза, кобальту, хрому і інш.), парашкі каляровых металаў (алюмінію, медзі, цынку, нікелю) і сплаваў (бронзы, латуні), сажа. Прыродныя (напр., жалезны сурык, вохра, умбра) атрымліваюць з мінералаў, сінт. — хім. асаджэннем з водных раствораў і суспензій (напр., кроны), награваннем (напр., аксід хрому Cr2O3 — з хромпіку), рэакцыямі ў паравой ці газавай фазе з наступнай кандэнсацыяй прадуктаў (напр., бялілы). П. арганічныя — найб. пашыраны азапігменты (гл.Азафарбавальнікі), азалакі (нерастваральныя солі азазлучэнняў), трыфенілметанавыя, поліцыклічныя (спец. формы кубавых фарбавальнікаў) і фталацыянінавыя П. (комплексныя злучэнні фталацыяніну). Выкарыстоўваюць для вырабу лакафарбавых матэрыялаў і паліграф. фарбаў, фарбавання неарган. буд. матэрыялаў, пластмас, хім. валокнаў, гумы, паперы, штучнай скуры і інш.