ШПАКЛЁЎКА,

пастападобны лакафарбавы матэрыял для выраўноўвання (шпаклявання) паверхняў перад нанясеннем на іх фарбаў. У састаў Ш. ўваходзяць плёнкаўтваральныя рэчывы (напр., алкідныя смолы ці эпаксідныя смолы), запаўняльнікі (мел, тальк, барыт) і пігменты (напр., цынкавыя бялілы, вохра). Адрозніваюць Ш. лакавыя, алейныя, клеявыя. Наносяць на пакрытую антыкаразійнымі матэрыяламі (грунтоўкамі) паверхню; слой, што высах, шліфуюць абразіўнай шкуркай. Лакавыя Ш. выкарыстоўваюць у машынабудаванні, алейныя і клеявыя — пераважна ў буд-ве.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)