СТРАБІ́РАВАННЕ (англ. strobing ад strobe пасылаць выбіральныя імпульсы, ад грэч. strobos кружэнне, бязладны рух),

метад вылучэння з паслядоўнасці імпульсаў толькі тых, якія адрозніваюцца пэўнымі прыкметамі (амплітудай, працягласцю, становішчам на часавай восі і інш.). Ажыццяўляецца падачай на схемы супадзенняў (гл. Супадзенняў метад) строб-імпульсаў, якія прапускаюць у наступныя эл. ланцугі імпульсы з выбранай прыкметай. Выкарыстоўваецца ў радыёлакацыі, імпульснай радыёсувязі, выліч. тэхніцы, тэлебачанні і інш.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАБАСКО́П (ад грэч. strobos кружэнне, бязладны рух + ...скоп),

дэманстрацыйная ці кантрольна-вымяральная прылада, прынцып дзеяння якой грунтуецца на страбаскапічным эфекце.

У дэманстрацыйных С. відарысы (рысункі, фатаграфіі) паслядоўных фаз руху якога-н. аб’екта размяшчаюцца на дыску (найб. пашырана), барабане ці папяровай стужцы. Пры хуткай змене гэтых відарысаў у назіральніка, які бачыць іх праз вузкія шчыліны, ствараецца ўражанне неперарыўнага руху аб’екта. Удасканаленыя дэманстрацыйныя С. былі папярэднікамі кінематографа. Кантрольна-вымяральныя С. маюць імпульсную крыніцу святла. Калі частата імпульсаў святла супадае, напр., з перыядам вярчэння аб’екта, то ствараецца ўражанне, што аб’ект нерухомы. Пры невял. рознасці гэтых частот здаецца, што аб’ект рухаецца павольна. Гл. таксама Страбаскапічныя прылады.

Схема дыскавага страбаскопа.

т. 15, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРБУЛЕ́НТНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ (ад лац. turbulentus бурны, бязладны),

цячэнне вадкасці ці газу, пры якім асобныя часцінкі рухаюцца неўпарадкавана, па складаных траекторыях. Скорасць, т-ра, ціск і шчыльнасць асяроддзя характарызуюцца пры гэтым хаатычнымі флуктуацыямі. Ад ламінарнага цячэння адрозніваецца інтэнсіўным перамешваннем, цеплаабменам, вял. значэннямі каэф. трэння, размеркаваннем усярэдненай скорасці па сячэнні патоку (пры Т.ц. ў трубцы макс. значэнне скорасці патоку перавышае яе сярэдняе значэнне ў 1,23 раза, пры ламінарным — у 2 разы) і інш. Цячэнне становіцца турбулентным, калі яго Рэйнальдса лік перавышае крытычнае значэнне. У прыродзе і тэхніцы большасць цячэнняў вадкасцей і газаў турбулентныя.

Да арт. Турбулентнае цячэнне. Формы цячэнняў: а — ламінарнае, б — турбулентнае цячэнні.
Да арт. Турбулентнае цячэнне. Профіль усярэдненай скорасці: а — пры ламінарным. б — пры турбулентным цячэннях.

т. 16, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)