СТРАБАСКО́П (ад грэч. strobos кружэнне, бязладны рух + ...скоп),
дэманстрацыйная ці кантрольна-вымяральная прылада, прынцып дзеяння якой грунтуецца на страбаскапічным эфекце.
У дэманстрацыйных С. відарысы (рысункі, фатаграфіі) паслядоўных фаз руху якога-н. аб’екта размяшчаюцца на дыску (найб. пашырана), барабане ці папяровай стужцы. Пры хуткай змене гэтых відарысаў у назіральніка, які бачыць іх праз вузкія шчыліны, ствараецца ўражанне неперарыўнага руху аб’екта. Удасканаленыя дэманстрацыйныя С. былі папярэднікамі кінематографа. Кантрольна-вымяральныя С. маюць імпульсную крыніцу святла. Калі частата імпульсаў святла супадае, напр., з перыядам вярчэння аб’екта, то ствараецца ўражанне, што аб’ект нерухомы. Пры невял. рознасці гэтых частот здаецца, што аб’ект рухаецца павольна. Гл. таксама Страбаскапічныя прылады.