АСАЦЫЯНІ́ЗМ, асацыяцыянізм,

асацыятыўная псіхалогія, тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.

На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Юм, Д.Гартлі, А.Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.Эбінгаўз, Т.Зіен, Г.Мюлер), сацыёлагаў (Г.Спенсер), педагогаў (І.Гербарт).

Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.

Літ.:

Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909;

Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957;

Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 2, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЛО́ГІЯ

[ад грэч. on (ontos) існае + ...логія)],

раздзел філасофіі, вучэнне аб быцці. Даследуе сутнасць быцця, яго універсальныя, усеагульныя асновы, заканамернасці і структуры. Тэрмін уведзены ням. філосафам Р.Гакленіусам (1613) у значэнні «космас», «прырода», «прадметны свет» (у адрозненне ад гнасеалогіі — вучэння аб пазнанні). Пазней сталі выкарыстоўваць і ў дачыненні да чалавека і яго свядомасці, вызначэнні анталагічнага зместу паняццяў, што набылі формы пазнання. На розных этапах развіцця філасофіі бытавала думка, што свет, які ўспрымаецца пачуццём, несапраўдны і трэба шукаць пастаянны свет існага быцця, які можна спасцігнуць толькі розумам. Быццё як саматоесную існасць Парменід уяўляў нязменным, адзіным і супрацьпастаўляў яго пачуццёваму, множнаму, рухомаму. Арыстоцель уключаў у анталогію станаўленне, рух, якія ён звязваў з пераходам магчымасці ў рэальнасць. Філосафы сярэднявечча вырашалі праблемы ўзроўняў быцця (актуальны, патэнцыяльны, субстанцыяльны і інш.). Матэрыялістычная анталогія новай філасофіі разглядае асвоеную чалавекам з дапамогай навукі і тэхнікі прыроду, матэрыяльна-прадметную рэальнасць па-за чалавекам. Паварот ад прыродна-натуралістычнай да суб’ектыўна-гнасеалагічнай трактоўкі быцця з улікам вопыту суб’екта зроблены ў філасофіі Р.Дэкарта, І.Канта, І.Фіхтэ, Г.Гегеля і інш. Паводле К.Маркса, адзінства прыроднага і чалавечага быцця дасягаецца ў працэсе сац. дзеяння, якое ахоплівае і матэрыяльную, і духоўную вытв-сць. М.Хайдэгер, спалучаючы сэнс быцця з быццём чалавека, асаблівае значэнне ў анталогіі надаваў часу, мове (як «дому быцця»), культуры. Сучасны стан анталогіі абумоўлены гіст. этапам развіцця грамадства з уласцівай яму на гэтым узроўні спецыфікай узаемасувязі быцця і свядомасці супярэчнасцямі паміж імі. Адна з гэтых супярэчнасцяў у тым, што прыроданавук. і сацыялагічным мадэлям не заўсёды можна знайсці адпаведнасці ў прыродзе і грамадстве. Другая супярэчнасць звязана з працэсамі інтэграцыі грамадскага быцця ў агульначалавечае з узвышэннем да яго ўзроўню нац., рэгіянальных інтарэсаў, ідэй і культуры. Гэта абвастрае праблематыку анталогіі, але павышае яе актуальнасць, асабліва ролю ўсеагульнасці, навук. спасціжэнне якой дазваляе чалавеку (яго свядомасці) правільна арыентавацца ў розных абставінах.

Літ.:

Лосев А.Ф. Философия. Мифология. Культура. М., 1991;

Хайдеггер М. Время в бытие: Статьи и выступления. Пер. с нем. М., 1993;

Широканов Д.И. Основные этапы становления единства и развития как логических принципов // Принципы единства и развития в научном познании. Мн., 1988;

Петрущик А.И. Перспективы единства мышления и бытия в современном мире // Научно-технический прогресс: взаимодействие факторов и тенденции развития. Мн., 1989;

Алексеева Е.А. Разум и онтология сознания // Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

А.І.Пятрушчык, Д.І.Шыраканаў.

т. 1, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)