АСАЦЫЯНІ́ЗМ,
асацыяцыянізм, асацыятыўная псіхалогія, тэорыя ў псіхалогіі, паводле якой уся сукупнасць псіхічнага жыцця чалавека заснавана на асацыяцыях, гэта значыць сувязях паміж псіхічнымі ўтварэннямі — адчуваннямі, успрыманнямі, ідэямі.
На існаванне асацыяцый звярнуў увагу яшчэ Арыстоцель. Як тэарэт. сістэма асацыянізм сфарміраваўся гал. чынам у англ. эмпірычнай і сенсуалістычнай філасофіі 17—18 ст. (Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Юм, Д.Гартлі, А.Бэн). У 2-й пал. 19 ст. тэорыя развіта ў выніку эмпірычных даследаванняў псіхолагаў (Г.Эбінгаўз, Т.Зіен, Г.Мюлер), сацыёлагаў (Г.Спенсер), педагогаў (І.Гербарт).
Асацыянізм — асноўная тэорыя ў класічнай псіхалогіі свядомасці. У новы час асацыянізм — псіхал. і гнасеалагічная тэорыя новага навук. прыродазнаўства, дзе чалавек і яго розум усведамляюцца як частка прыроды, якая праз розум і навуку авалодала законамі свету і самога розуму. На пач. 20 ст. ў крыху мадыфікаваным выглядзе асацыянізм пераняты прадстаўнікамі класічнага біхевіярызму. Даследаванні працэсаў мыслення з канца 19 ст. выявілі абмежаванасць асацыянізму, крытыкавалі яго і прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі, якія сцвярджалі, што свядомасць і паводзіны чалавека падпарадкаваны законам структуры, а не асацыяцый.
Літ.: Ивановский В.Н. Ассоцианизм психологический и гносеологический. Казань, 1909; Рубинштейн С.Л. Бытие и сознание. М., 1957; Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 2, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)