ФЕНАМЕНАЛО́ГІЯ (ад феномен + ...логія),

у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне пра з’явы свядомасці; у вузкім — кірунак у філасофіі 20—пач. 21 ст., прадстаўнікі якога імкнуцца Вызваліць філас. свядомасць ад натуралістычных установак. Яны абвяшчаюць сферай філас. аналізу рэфлексію свядомасці пра свае акты і іх змест, выяўленне першапачатковых асноў пазнання чалавечага існавання і культуры.

У гісторыі філасофіі паняцце Ф. атрымала шэраг трактовак: як навука пра прадметы вопыту (І.​Кант, І.​Г.​Ламберт), вучэнне пра канкрэтныя выяўленні абсалютнага духу, якія ў гіст. развіцці паслядоўна змяняюць адно аднаго (Г.​Гегель). У 19 ст. пад Ф. таксама разумелася апісальная псіхалогія, якая проціпастаўлялася тлумачальнай. Аўстр. філосафы і псіхолагі Ф.​Брэнтана, К.​Штумпф, А.​Мейнанг распрацавалі метадалагічныя сродкі апісання і класіфікацыі псіхічных феноменаў. Узнікненне Ф. як самаст. ўплывовага кірунку ў філасофіі звязана з канцэпцыяй Э.Гусерля, які прапанаваў разглядаць Ф. як метад даследавання «чыстай» свядомасці і іманентных, апрыёрных структур чалавечага існавання.

Гал. ўвага ў Ф. звяртаецца на пазавопытныя, пазагіст. структуры свядомасці, што забяспечваюць яе рэальную дзейнасць і супадаюць з ідэальнымі значэннямі ў мове і псіхал. перажываннях. Ф. дапамагае раскрываць у свядомасці неабходныя сэнсавыя, інварыянтныя перадумовы ўспрымання аб’ектаў і інш. форм пазнання. Ф. выступае супраць пазнання рэальных фактаў у прыроднай ці сац. сферы, а суб’ект пазнання разглядае як увасабленне «чыстай» свядомасці, а не як эмпірычную, сац. і псіхафізіял. істоту. У псіхічных феноменах фенаменолагі вылучаюць шэраг структурных элементаў: моўныя абалонкі, разнастайныя псіхічныя перажыванні, прадмет мыслення ў свядомасці, сэнс — інварыянтную структуру і змест моўных выразаў; прадмет мыслення і сэнс, на іх думку, складаюць інтэнцыянальную («сэнсастваральную») структуру свядомасці. Згодна з Ф., прадметнае быццё іманентна ўласціва свядомасці і набывае сэнс у суадносінах з ёю. Фенаменалагічная ўстаноўка здзяйсняецца з дапамогай метаду рэдукцыі, які дазваляе разглядаць суб’ект пазнання як трансцэндэнтальны свет агульназначных ісцін, што ўзвышаюцца над эмпірычна-псіхал. свядомасцю і надаюць ёй акрэслены сэнс. Ф. значна паўплывала на гуманіт. думку 20 ст.; яе ідэі пакладзены ў аснову экзістэнцыялізму (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер), увайшлі ў склад філас. герменеўтыкі (Г.​Г.​Гадамер) і аксіялогіі (М.​Шэлер), знайшлі адлюстраванне ў эстэтыцы (Р.​Інгардэн), правазнаўстве (Х.​Конрад-Марціус), сацыялогіі (М.​Натансон, А.​Шуц, А.​Фіркант) і інш.

Літ.:

Мотрошилова Н.В. Принципы и противоречия феноменологической философии. М., 1968;

Гуссерль Э. Философия как строгая наука: Пер. с нем. Новочеркасск, 1994;

Антология феноменологической философии в России. Т. 1—2. М., 1998—2000;

Хайдеггер М. Основные проблемы феноменологии: Пер. с нем. СПб., 2001;

Сартр Ж.П. Бытие и ничто: Пер. с фр. М., 2002.

В.​І.​Боўш.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)