БУ́БЕН,

бел. нар. інструмент класа мембранафонаў. Лакальная назва ручны барабан. Драўляны (часам металічны) абруч («бячайка», «рэшата»); абцягнуты з аднаго боку скурай (сабакі, цяляці, казляняці); у падоўжныя проразі абруча ўстаўлены штыфты з парамі рухомых круглых бляшак («талерачак», «ляскотак»); пад скурай накрыж падвязаны бразготкі (званочкі, шархуны). Гук узнікае пры патрэсванні бубна, ударах па мембране пальцамі, далонню, кулаком або драўлянай калатушкай, вібрыруючым трэнні вял. пальцам па скуры. Гучанне бубна вызначаецца разнастайнасцю гукавых, тэмбравых і дынамічных адценняў.

Назва «бубен» сустракаецца ў гіст. дакументах 11 ст. ў сувязі з ваен. падзеямі ці выступленнямі скамарохаў, але дакладна невядома, які менавіта інструмент (уласна бубен, барабан або літаўры) яна абазначала. Сведчаннем таго, што бубен быў вядомы на Беларусі ў 15 ст., даследчыкі лічаць выяву скамароха з бубнам на фрэсцы касцёла св. Тройцы ў Любліне работы «рускіх майстроў» (майстроў з Вял. кн. Літоўскага). У сучасным сял. побыце выкарыстоўваецца як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент пры выкананні танцаў і вясельных маршаў. Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі.

І.​Дз.​Назіна.

Бубен. Вёска Забалоцце Глыбоцкага раёна Віцебскай вобл.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,

агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.

І.​Дз.​Назіна.

Бразготка.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НДЖА (англ. banjo),

струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц. джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).

Банджа.

т. 2, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫЯ АНСА́МБЛІ,

устойлівыя групы народных музыкантаў, аб’яднаных сумесным выкананнем. Вядомы многім народам свету. Нар. вызначэнні на Беларусі — музы́кі, музы́ка, капэла, кампанія, гурт, скамарохі, вясёлыя людзі (вясельныя музыканты). Ансамблевая ігра, якая суправаджала многія каляндарныя і сямейныя абрады, нар. святкаванні (бяседы, вечарынкі), — адна з даўніх форм бел. нар. выканальніцтва. Традыцыйныя ансамблі звычайна невял. складу (2—4 інструменты). Некаторыя з папулярных у мінулым інстр. складаў (дуда і скрыпка, скрыпка і вугольнік, скрыпка і басэтля, 3 скрыпкі і інш.) зніклі. У наш час існуюць ансамблі з інструментаў адной групы (т. зв. «струнная музыка» — 2 скрыпкі, скрыпка і балалайка, скрыпка і цымбалы) і розных (скрыпка і бубен, гармонік і скрыпка, скрыпка і кларнет, гармонік і цымбалы; цымбалы, гармонік, скрыпка і турэцкі барабан і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі пашыраны ансамблі большага складу — «аркестры» (скрыпкі, гармонік, балалайка, кларнет, барабан і бразготка; скрыпкі, цымбалы, баян, кларнет, бубен і інш.). Існуюць нар. духавыя аркестры, якія часцей трапляюцца ў невял. гарадах. пасёлках, вял. вёсках і абслугоўваюць значную тэрыторыю. Іх рэпертуар уключае вясельныя маршы, традыц. і сучасныя танцы і песні. У ансамблі дакладна вызначаны функцыі кожнага выканаўцы: напр., у ансамблі з 2 скрыпак і бубна 1-ы скрыпач «трымае вярхі», другі «туруе» (суправаджае), бубніст «паддае тахціку» (адбівае такт), «выбівае рытм»; у ансамблі са скрыпкі і цымбалаў скрыпач «вядзе матыў», цымбаліст спалучае меладычна-падгалосачную, рытмічную і гарманічную функцыі. У Н.і.а. рэалізуюцца розныя прынцыпы спалучэння ансамблевых галасоў — поліфанічны (падгалосачнага, кантрастнага відаў) і гамафонна-гарманічны з элементамі скрытай поліфаніі, што фарміраваліся ў залежнасці ад мясц. традыцый песенна-хар. шматгалосся, тыпу ансамбля і жанру музыкі. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да значнай рухомасці ансамблевых складаў, абумоўленая знікненнем многіх традыц. інструментаў, актыўным асваеннем нар. музыкантамі новых (баяна, акардэона, саксафона, электрагітары), спалучэннем у адным ансамблі традыц. інструментаў з прафесійнымі (напр., гармонік, труба, бубен), увядзеннем у склад нар. духавога аркестра скрыпкі і гармоніка, пашырэннем мяшаных вак.-інстр. ансамбляў.

Літ.:

Назіна І.​Дз. Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)