ЯКІМО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іванавіч; 17.1.1904, в. Чурылава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1979),
бел. пісьменнік; адзін з заснавальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1930). З 1924 рэдагаваў час. «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», у 1945—48 — «Бярозку». З 1948 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі, у 1955—60 літкансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1923. Першая кн. — «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей: зб-кі «Гул бубна» (1925), «Залаты зуб» (1937), «Сябры» (1948), «Я — юны піянер» (1952), «Залатыя рукі» (1975). Аповесці «Перамога» (1930), «Незвычайны мядзведзь» (1934) пра станаўленне характару вясковых хлапчукоў. Праблемы прац. і маральнага выхавання дзяцей у школе і сям’і ў аповесці «Гаворыць Масква» (1951), многіх апавяданнях. Аповесць «Смелыя людзі» (1960) пра гераізм сав. людзей у гады Вял.Айч. вайны. Тэтралогія (аповесці «Адкуль ліха на свеце», 1963; «Канец сервітуту», 1966; «Кастусь Каліноўскі», 1971, — за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1974; «Цяжкі год», 1975) пра гіст. мінулае Беларусі. Апрацоўваў нар. казкі: зб-кі «Каток — залаты лабок» (1955), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1975). Пісаў літ. казкі ў вершах і прозе: «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965). Аўтар кніг для чытання «Чытанка» (1933, з Е.Гародкінай), «Роднае слова» (1932), «Слухай—запамінай. Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951). Выступаў з артыкуламі па пытаннях тэорыі і практыкі бел. дзіцячай л-ры. На бел. мову пераклаў асобныя творы Х.Андэрсена, І.Крылова, Дж.Лондана, Гі дэ Мапасана, Дз.Маміна-Сібірака, У.Маякоўскага, М.Някрасава, А.Пушкіна, Л.Талстога, І.Тургенева, К.Чукоўскага, А.Чэхава, П.Яршова і інш. Асобныя вершы Я. пакладзены на музыку.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—3. Мн., 1978—80.
Літ.:
Барсток М.М. Алесь Якімовіч // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980;
Разанаў І. Шчодрае сэрца пісьменніка // Якімовіч А. Зб.тв.Мн., 1978. Т. 3.