БАРСТО́К Марына

(Марыя Мікітаўна; 15.4.1916, в. Наркавічы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — чэрв. 1994),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыла БДУ (1945). Настаўнічала. У 1949—53 і 1959—78 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкавалася з 1934. Аўтар даследаванняў пра творчасць Я.Коласа, П.Глебкі, П.Броўкі, Я.Маўра, М.Танка, Г.Бураўкіна, кніг «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; 2-е выд. 1973), «Максім Багдановіч» (1961; 3-е выд. 1991). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 2, 1966), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966, 2-е выд. 1980) і інш. Пісала вершы.

Тв.:

Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі. Мн., 1973.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНЯЦВЕ́Т Эдзі

(сапр. Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),

бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед. ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.

Літ.:

Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980.

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БКА Пятро

(Пётр Фёдаравіч; 6. 7.1905, в. Вялікая Уса Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 18.12.1969),

бел. паэт. Акад. АН БССР (1957, чл.-кар. 1950). Скончыў БДУ (1930). Працаваў сакратаром рэдакцыі час. «Узвышша», у газ. «Калгаснік Беларусі», час. «Полымя рэвалюцыі». З 1945 у АН Беларусі: у Ін-це л-ры, мовы і мастацтва, у 1952—56 заг. сектара лексікаграфіі, у 1956—57 дырэктар Ін-та мовазнаўства, у 1957—69 дырэктар Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, адначасова ў 1968—69 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук. Друкаваўся з 1924. Першы зб. лірыкі «Шыпшына» (1927) выявіў прыхільнасць да рамант. паэзіі, літ. і фалькл. традыцый. Кнігі «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935) вызначаюцца жанравай разнастайнасцю, узмацненнем грамадз. матываў. Асобныя вершы 1930-х г. рытарычныя, дэкларацыйныя. Тэма рэвалюцыі і Грамадз. вайны ў паэмах «Трывожны сігнал» (1929), «Арлянка» (1931), «Мужнасць» (1934), «У тыя дні» (1937), драм. паэме «Над Бярозай-ракой» (паст. 1940). Вершы часоў Айч. вайны прасякнуты філас. роздумам, напоўнены пачуццём любові да Радзімы, лірызмам. Гал. тэмы пасляваен. творчасці — аднаўленне, памяць вайны, барацьба за мір. Аўтар лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (нап. 1947, паст. 1970), вершаванай п’есы «Святло з Усходу» (паст. 1957), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў. Вёў даследчую работу ў галіне бел. лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага (паэма «Дзяўчына і смерць», апавяданні), У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, Т.Шаўчэнкі (паэма «Марына», вершы), М.Рыльскага і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1984—86.

Літ.:

Барсток М. Пятро Глебка. Мн., 1952;

Перкін Н. Пятро Глебка. Мн., 1955;

Пясняр мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. Мн., 1976.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЎКІН Генадзь Мікалаевіч

(н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.Коневым і У.Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)