УШАКО́Ў Андрэй Фёдаравіч (16.10.1912, в. Рабяткі Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — ліпень 1941),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў Вышэйшым пед. ін-це ў Мінску (1930—31), Віцебскім кінатэхнікуме (1932—33), Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (1933—34, Масква), скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры (1939). З 1939 у Чырв. Арміі, працаваў у дывізійнай газеце. Загінуў на фронце ў Вял. Айч. вайну. Друкаваўся з 1928 пад псеўд. Андрэй Бязмежны. Аўтар зб-каў вершаў «Рабочы пульс» (1932, з П.​Ананьевым), «Праца і маладосць» і «Зарава вагранак» (абодва 1933), «Голас Радзімы» (1938), паэм «Говар машын» (1930), «Пра. слаўных папанінцаў з нашага саду» (1938, з А.​Жаўруком). Пісаў апавяданні, нарысы, казкі («Пра муху Буркуху і дзяўчынку Гразнуху», 1939, з Жаўруком). Для дзяцей напісаў (з Жаўруком) кнігі «Пра майго таварыша» (1939), «Пра майго катка» (апубл. 1950), а таксама лібрэта аперэты «Зарэчны барок». На бел. мову пераклаў (з Жаўруком і А.​Зарыцкім) творы М.​Горкага, У.​Маякоўскага, Ш.​Руставелі. Аўтар слоў песні «Дзе ж ты, чарнавокая» (муз. І.​Любана).

Тв.:

Наша маладосць Мн., 1962.

Літ.:

Барсток М. Прысяга ў акопах // Вобраз-85. Мн., 1985;

Зарыцкі А. Андрэй Ушакоў // Зарыцкі А. За словам-падарункам. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

А.Ф.Ушакоў.

т. 16, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)