БА́БІН ЯР,

урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс. чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц. ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.Эрэнбург, Я.Еўтушэнка, А.Кузняцоў, Дз.Шастаковіч.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЧАЎНАКО́ВЫ СТАНО́К,

ткацкі станок, у якім уточная нітка ўводзіцца ў зеў (прастору паміж ніткамі асновы) не чаўнаком, а з дапамогай пракладчыка ўтку: рапіраў, іголак, вадзянога ці паветранага струменю, што выходзіць з сапла пад ціскам. Пасля кожнага пракладвання ўточнай ніткі яна абразаецца. У параўнанні са звычайным ткацкім станком, дзе ніткі ўтку змотваюцца са шпулі, якую нясе чаўнок, на бесчаўнаковым станку ніткі ўтку змотваюцца з нерухомых бабін, што знаходзяцца па-за зевам. Бесчаўнаковы станок адрозніваецца большай (у 2—4 разы) скорасцю пракладвання нітак, прадукцыйнасцю ткацтва, меншай вібрацыяй і шумам.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА КАНГРЭ́СА

(The Library of Congress) у Вашынгтоне, нацыянальная бібліятэка ЗША. Адна з буйнейшых б-к свету. Засн. 24.4.1800 як даведачная для патрэб кангрэса, паступова ператварылася ў нац. ін-т. Пасля 2-й сусв. вайны буйная універсальная бібліятэчна-інфарм. сістэма, у складзе якой: заканад. б-ка і гал. даследчы цэнтр кангрэса ЗША; публічная б-ка; урадавая для абслугоўвання выканаўчых і суд. органаў; агенцтва па аўтарскім праве; цэнтр нац. бібліяграфіі; міжнар. ін-т (збірае даследчыя матэрыялы на больш як 400 мовах, мае 7 замежных агенцтваў); нац. цэнтр бібліятэчнага абслугоўвання сляпых і інвалідаў (выдала больш за 2 млн. кніг па сістэме Брайля і гуказапісаў для сляпых). Агульны фонд (на 1.1.1992) 90 млн. экз. кніжных выданняў, у т. л. 36 млн. рукапісаў, 4 млн. картаў і атласаў, 7 млн. адзінак муз. матэрыялаў, 10 млн. гравюр і фотакартак, 500 тыс. гукавых запісаў, больш за 400 тыс. бабін кінаплёнкі і каля 3 млн. мікрафільмаў. У яе фондах захоўваюцца матэрыялы на 470 мовах народаў свету; каштоўная калекцыя інкунабулаў, кніжныя зборы некаторых прэзідэнтаў ЗША, калекцыі кіт., яп., араб. л-ры, збор рус. л-ры на аснове б-кі краснаярскага купца Г.Юдзіна (прададзена ім у ЗША у 1907; 80 тыс. тамоў); больш за 1700 мініяцюрных выданняў і спец. калекцый, у т. л. самая малая кніга ў свеце «Мураш» (1,4 мм²),

«Біблія» І.Гутэнберга, 5 скрыпак Страдывары і інш. У штаце б-кі 5 тыс. чал. Працуюць 22 залы, размешчаныя ў 3 спец. будынках побач з Капітоліем ЗША. Штогод абслугоўвае каля 2,5 млн. чытачоў. Пошук матэрыялаў ажыццяўляецца ў камп’ютэрным рэжыме, захаваны і гал. традыцыйны картачны каталог. У сярэдзіне 1960-х г. створаны фармат МАРК для падачы бібліягр. звестак у машыначытальнай форме. Выдае «Нацыянальны зводны каталог» кніг і інш. зводныя каталогі з указаннем месцазнаходжання кніг на славянскіх, яп. і кіт. мовах, іўрыце.

Літ.:

Библиотека и библиотечное дело США: комплексный подход. М., 1993;

Библиотека Конгресса;

На службе стране. Вашингтон, 1988.

Т.І.Папова.

т. 3, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)