ТКА́ЦТВА,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па вырабе тканін тэкстыльных. Уключае падрыхтоўчыя аперацыі, выраб тканін на ткацкіх станках і заключныя аперацыі апрацоўкі тканін.
Да падрыхтоўчых аперацый адносяцца перамотка нітак асновы і ўтку, снаванне, шліхтаванне, прабіранне асновы і звязванне канцоў нітак — стваранне паковак нітак асновы і ўтку для работы на станку. Перамотка нітак асновы ажыццяўляецца на матальных машынах і аўтаматах, перамотка ўтку на шпулі для чаўнаковых станкоў — на ўточна-перамотачных аўтаматах. Для бесчаўнаковых станкоў выкарыстоўваюцца бабіны з матальных або прадзільных машын. Уточная пража праходзіць дадатковыя аперацыі — увільгатненне, эмульграванне, запарванне. Пры снаванні ніткі з вял. колькасці бабін або шпуль навіваюцца на снавальны валік (на снавальных машынах). Для павышэння трываласці, зносаўстойлівасці, супраціўляльнасці сціранню і расцяжэнню ніткі асновы шліхтуюцца — прамочваюцца клейкім калоідным растворам (шліхтай). У вочкі (дзіркі) галеў рамізак ніткі прасоўваюць для ўтварэння зева на станку (прастора для руху чаўнака) і атрымання тканіны зададзенага перапляцення. Прабіранне нітак у зубы бёрда забяспечвае ўшчыльненне ўточнай ніткі і атрыманне неабходнай шчыльнасці тканіны на аснове. З падрыхтаваных нітак асновы і ўтку на ткацкіх станках вырабляюць тканіны пэўных перапляценняў, шчыльнасці і шырыні. Заключныя аперацыі: вымярэнне даўжыні тканіны, чыстка, стрыжка (на стрыгальных машынах), кантроль якасці (паводле колькасці дэфектаў вызначаецца гатунак тканіны) і ўкладка, што ажыццяўляюцца на паточных лініях.
Т. вядома з 6—5-га тыс. да н.э. на Б.Усходзе (Сірыя, Месапатамія, Егіпет). Пазней удасканальваліся канструкцыі станка, ствараліся прыстасаванні для падрыхтоўкі пражы. Механізацыя працэсаў Т. адносіцца да 16—18 ст. У канцы 19—20 ст. створаны станкі з аўтам. зменай чаўнакоў, у пач. 20 ст. — бесчаўнаковыя.
На Беларусі Т. вядома з часоў позняга неаліту і ранняга бронзавага веку. У 11—13 ст. вырабляліся тканіны палатняныя, саржавыя, што сведчыць пра высокі ўзровень развіцця Т. Для вырабу тканін выкарыстоўвалі 4-нітовае прыстасаванне, якое нагадвала бердзечка (прыстасаванне для Т. паясоў). Бел. нар. Т. 19 — пач. 20 ст. адлюстроўвае багаты маст. і тэхн. вопыт рамяства: пераважна 2- і 4-нітовая тэхніка, бранае і выбарнае Т., перабор «пад палатно» і інш. (гл. Тканіны мастацкія). З канца 19 ст. існавалі саматужныя ткацкія промыслы, якія выраблялі тканіны на продаж: ствараліся ткацкія школы-майстэрні, дзе павышаўся якасны ўзровень саматужнага Т. ў выніку ўкаранення больш дасканалага абсталявання, выкарыстання новых тэхнік Т. (напр., шматнітовае Т., розныя віды перабору). З 1930-х г. традыцыйнае нар. Т. пачало скарачацца. У канцы 20 ст. лепшыя традыцыі бел. нар. Т. распрацоўваліся на Аршанскай, Гомельскай, Гродзенскай, Пінскай, Полацкай, Слуцкай фабрыках маст. вырабаў (гл. адпаведныя арт.).
І.У.Косціна.
т. 15, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)