аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕЗАБАКТЭ́РЫІ мікраарганізмы, здольныя акісляць закісныя злучэнні жалеза ў вокісныя. Адрозніваюць тыповыя аўтатрофы (выкарыстоўваюць вызваленую энергію на засваенне вугляроду з вуглякіслага газу ў працэсе хемасінтэзу) і гетэратрофы, у якіх акісленне жалеза з’яўляецца пабочнай рэакцыяй. Аўтатрофы акісляюць таксама серу і маюць першараднае значэнне ў фарміраванні зоны сернакіслага выветрывання сульфідных руд. Некаторыя гетэратрофныя Ж. спрыяюць утварэнню балотных руд, забруджваюць вадасцёкі, парушаюць водазабеспячэнне. Ж. засяляюць вадаёмы, маюць вял. значэнне ў кругавароце жалеза ў прыродзе. На дне вадаёмаў адкладаюць вокіслы марганцу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫФІКУ́ЮЧЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
бактэрыі, якія пераўтвараюць аміяк і аманійныя солі ў нітраты. Пашыраны ў глебе, вадаёмах. У 1-й фазе нітрыфікацыі бактэрыі з родаў нітразамонас, нітразацысціс, нітразалобус, нітразаспіра акісляюць NH3 да нітрытаў; у 2-й — нітратныя бактэрыі (роды нітрабактэр, нітраспіна, нітракокі) акісляюць нітрыты да нітратаў. Паміж імі існуюць метабіятычныя адносіны: бактэрыі, якія акісляюць NH3, забяспечваюць субстратам бактэрыі, якія акісляюць нітрыты.
Клеткі сферычныя, спіральныя, палачка- і эліпсападобныя, рухомыя. Грамадмоўныя. Строгія аэробныя арганізмы, хемасінтэзуючыя аўтатрофы. Прымаюць удзел у кругавароце азоту ў прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСАТРО́ФЫ [ад грэч. mixis змяшэнне + ...троф(ы)],
арганізмы са змяшаным харчаваннем, якое бывае аўтатрофнае — неарган. рэчывамі (хемасінтэз, фотасінтэз) і гетэратрофнае — арган. рэчывамі. М. — хларафіланосныя жгуцікавыя — аўтатрофныя арганізмы (гл.Аўтатрофы), якія ў забруджаных вадаёмах жывяцца арган. рэчывамі, што стымулюе іх рост і размнажэнне (некат. з іх могуць развівацца ў цемры, без фотасінтэзу). Некат. вышэйшыя зялёныя расліны (фотааўтатрофы) жывяцца таксама арган. рэчывамі (напр., расліны-паўпаразіты — званец, цяцюшнік і інш.). М. можна лічыць насякомаедныя расліны (расіца, тлушчанка і інш.), а таксама зялёныя мікатрофныя расліны (гл.Мікатрофы), якія засвойваюць у клетках гіфы грыбоў (напр., архідныя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),
сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДУЦЭ́НТЫ [ад лац. producens (producentis) які вырабляе, стварае],
аўтатрофныя (фота- або хемасінтэзуючыя) арганізмы, здольныя ствараць складаныя арган. рэчывы з неарган. злучэнняў. Асн. П. ў водных і наземных экасістэмах — зялёныя расліны.
Складаюць першы трафічны ўзровень, аснову экалагічнай піраміды. У планетным маштабе штогод наземныя П. ўтвараюць каля 115 млрд.тарган. рэчываў, вылучаюць у атмасферу каля 53 млрд.т кіслароду, водныя П. — каля 55 млрд.т арганікі і 414 млрд.т кіслароду. Вывучэнне П. і перадачы назапашанай імі энергіі да кансументаў і рэдуцэнтаў дае магчымасць мэтанакіравана рэгуляваць працэсы назапашвання і біядэструкцыі арган рэчываў, стварае тэарэт. асновы для распрацоўкі шэрагу праблем аховы прыроды і інш.Гл. таксама Аўтатрофы, Біялагічная прадукцыйнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл.Фотасінтэз), вады (гл.Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),
узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЦЫРНЫЯ ЖГУЦІКАНО́СЦЫ, перыдынеі (Peridinea, або Dinoflagellata, або Dinophyceae),
атрад жгуцікавых кл. раслінных жгуціканосцаў тыпу прасцейшых. Вядомы з канца палеазою (каля 240 млн.г. назад). 4 падатр., 50 сям., каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўсіх вадаёмах. Уваходзяць у склад планктону. Адны з найб. важных прадуцэнтаў арган. рэчываў у біяцэнозах. Могуць выклікаць «цвіценне» вады, афарбоўку пяску на беразе. На Беларусі найб. трапляюцца перыдыніум сталярны (Peridinium tabulatum), цэрацыум п’яўкападобны (Ceratium hirudinella) і інш.
Даўж. ад 5 мкм да 2 мм. Цела яйцападобнае, з падоўжнымі адросткамі або без іх, укрыта панцырам з клятчаткавых пласцінак, афарбаванае (у фотасінтэзуючых) і бясколернае. Маюць 2 жгуцікі; адзін ідзе назад, другі (папярочны) размешчаны ў жолабе і абкружае цела па экватары. У марскіх П.ж. ёсць вочкі і жыгучая капсула. Большасць аўтатрофы, некат. гетэратрофы. Размнажэнне пераважна бясполае — дзяленнем папалам, радзей палавое — капуляцыяй. Гл. таксама Жгуцікавыя, Начасветкі.
А.М.Петрыкаў.
Да арт.Панцырныя жгуціканосцы. Цэрацыум п’яўкападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭ́РЫІ (ад грэч. baktērion палачка),
група мікраскапічных, пераважна аднаклетачных арганізмаў. Вядома больш за 2000 відаў, якія належаць да пракарыётаў, што не маюць аформленага клетачнага ядра. У сучаснай класіфікацыі на аснове сукупнасці марфалагічных, культуральных і фізіёлага-біяхім. прыкмет усіх бактэрый падзяляюць на эўбактэрыі і архебактэрыі. Бактэрыі маюць палачкападобную (бацылы, кластрыдыі, псеўдаманады), шарападобную (кокі), звілістую (вібрыёны, спірылы, спірахеты) форму: дыяметр 0,1—10 мкм, даўж. 1—20 мкм, а ніткаватыя шматклетачныя бактэрыі — 50—100 мкм. Некаторыя бактэрыі ўтвараюць споры. Многія рухомыя, маюць жгуцікі. Паводле спосабу жыўлення вылучаюць аўтатрофы і гетэратрофы. Залежна ад тыпу дыхання бактэрыі падзяляюць на аэробы і анаэробы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, ачышчэнні асяроддзя ад арган. рэшткаў, фарміраванні структуры і ўрадлівасці глебы; падтрымліваюць запасы вуглякіслага газу ў атмасферы. Выкарыстоўваюцца ў харч., мікрабіял., хім. і інш. галінах прам-сці. Патагенныя (хваробатворныя) бактэрыі — узбуджальнікі хвароб раслін, жывёл і чалавека.
Літ.:
Гусев М.В., Минеева Л.А. Микробиология. 3 изд. М., 1992.