БІЯГЕАЦЭНО́З

(ад бія... + геа... + цэноз),

узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.

Літ.:

Основы лесной биогеоценологии. М., 1964.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)