АТА́КА
(франц. attaque),
найбольш адказны перыяд наступальнага бою сухапутных войскаў, авіяцыі і ВМФ. Бывае пяхотная, конная, танкавая, паветраная, тарпедная (у марскім баі), ракетная і інш.; па часе правядзення — дзённая і начная, па напрамках — франтальная, флангавая, з тылу. Сухап. войскі звычайна атакуюць праціўніка пасля агнявых удараў усімі сродкамі зброі па яго пазіцыях і аб’ектах. Мотастралковыя падраздзяленні могуць атакаваць і на бронетранспарцёрах, не спешваючыся з машын. Паветраная атака — імклівы налёт самалётаў для абстрэлу і бамбардзіроўкі пазіцый і аб’ектаў праціўніка. У марскім баі атака ажыццяўляецца ўсімі родамі ВМФ, у тым ліку авіяцыяй, падводнымі лодкамі і скораснымі надводнымі караблямі.
т. 2, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)