АПАСТО́ЛІКІ, апостальскія браты,

сялянска-плебейская ерэтычная секта 13 — пач. 15 ст. ў Паўн. Італіі. Засн. ў 1260 у г. Парма рамеснікам Сегарэлі. Прапаведавалі вяртанне да сац. і маёмаснай роўнасці паводле вучэння раннехрысц. апосталаў (адсюль назва), выступалі супраць феад. дзяржавы і каталіцкай царквы. Секта асуджана як ерэтычная і забаронена II Усяленскім саборам (Ліён, 1274), Сегарэлі ў 1300 спалены. Яго пераемнік Дальчына ў 1304 узняў паўстанне, якое задушана ў 1307. Апастолікі прапаведавалі свае ідэі ў Паўн. Італіі, Паўд. Францыі, Іспаніі і Германіі да 15 ст.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСТАРЫЯ́НСТВА,

плынь у хрысціянстве, якая ўзнікла ў Візантыі ў пач. 5 ст. Заснавальнік канстанцінопальскі патрыярх Несторый. Ён прызнаваў Хрыста чалавекам, які пераадолеў чалавечую слабасць і стаў месіяй. На гэтай падставе лічыў дзеву Марыю не багародзіцай, а жанчынай, якая нарадзіла чалавека. У адрозненне ад артадаксальнага вучэння, Несторый лічыў, што ў Хрысце чалавечыя і боскія пачаткі знаходзяцца ў адносным яднанні і ніколі поўнасцю не злучаны. На Эфескім усяленскім саборы (431) Н. асуджана як ерась. Сучасныя багасловы лічаць, што Н. выходзіць па-за межы артадаксальнага вучэння. Прыхільнікі Н. ёсць у Іране, Іраку, Сірыі, Індыі і інш.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБО́ЙСТВА,

наўмыснае або неасцярожнае пазбаўленне жыцця чалавека. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь адказнасць за З. настае з 14 гадоў. За наўмыснае З. пры абцяжваючых акалічнасцях (з карыслівымі матывамі, пры выкананні пацярпелым службовага або грамадскага абавязку, цяжарнай жанчыны, учыненае асабліва небяспечным рэцыдывістам ці асобай, якая раней была асуджана за наўмыснае З., і інш.) закон прадугледжвае доўгатэрміновае або пажыццёвае пазбаўленне волі або пакаранне смерцю. Законам прадугледжана крымін. адказнасць за З., учыненае ў стане моцнага душэўнага хвалявання, выкліканага неправамернымі паводзінамі пацярпелага, пры перавышэнні межаў неабходнай абароны і па неасцярожнасці, пазбаўленнем волі да 5 гадоў або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕРШАСАКАВІКО́ЎЦЫ»,

«першамартаўцы», 1) члены «Народнай волі», арганізатары і ўдзельнікі забойства імператара Аляксандра II 13 (1 па старым стылі) сак. 1881. Непасрэдны забойца цара І.Я.Грынявіцкі смяротна паранены ў час замаху. Паводле суд. працэсу 7—10.4.1881 А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, М.І.Кібальчыч, Ц.​М.​Міхайлаў, М.​І.​Рысакоў павешаны, Г.М.Гельфман асуджана на вечную катаргу; інш. ўдзельнікі асуджаны на інш. працэсах «Нар. волі» 2) Члены тэрарыст. фракцыі «Нар. волі» (15 чал.), арганізатары прадухіленага паліцыяй замаху на імператара Аляксандра III 13 (1 па старым стылі) сак. 1887 («другія першасакавікоўцы»). Паводле суд. працэсу 27.4—1.5.1887 П.​І.​Андрэюшкін, В.​Дз.​Генералаў, В.​С.​Асіпанаў, А.І.Ульянаў, П.​Я.​Шавыроў павешаны, астатнія прыгавораны да катаргі і ссылкі.

т. 12, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́НЧА СУД»,

у ЗША з 18 ст. пазасудовая расправа (самасуд), якая ўчынялася, як правіла, над неграмі. Назва ад прозвішча амер. расіста Ч.​Лінча, які ў гады Вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 камандаваў батальёнам стралкоў у штаце Віргінія, дзе законныя суды фактычна не дзейнічалі. Ён самачынна стварыў суд, які жорстка распраўляўся са злачынцамі і гал. ч. з паліт. праціўнікамі. У кастр. 1782 спец. законам дзеянні Лінча прызнаны незаконнымі, аднак накіраванасць яго дзейнасці не была асуджана. «Л.с.» найб. шырока быў распаўсюджаны з канца 19 ст. да 1930-х г. Сістэма няпісаных правіл лінчавання асабліва правакавалася крайне правымі прафашысцкімі арг-цыямі — ку-клукс-клан, Т-ва Дж.​Бэрча і да т.п.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,

адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р. Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».

Э.​М.​Загарульскі.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРУ́К (Праскоўя Фёдараўна) (15.10.1899, в. Ліскі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.12.1978),

удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў бежанцах у Арэхава-Зуеве. Чл. КПЗБ з 1924. У 1926—33 сакратар Гродзенскага акругкома КПЗБ, працавала ў Пінскім, Баранавіцкім, Беластоцкім, Брэсцкім, Віленскім і Кракаўскім акругкомах КПЗБ (парт. псеўд. Маруся, Надзя, Вера, Галубок і інш.). У 1925—26 вучылася ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, у 1929—31 — у Камуніст. ун-це нац. меншасцей імя Ю.​Ю.​Мархлеўскага ў Маскве. У 1933 арыштавана польск. ўладамі і асуджана на 10 гадоў турмы. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1939—41 і 1945—55 на сав. рабоце ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл.

М.​П.​Клімец.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАЧАРКА́СКІЯ ПАДЗЕ́І 1962, Новачаркаскі расстрэл,

узброенае задушэнне 2 чэрв. стыхійных мітынгаў і дэманстрацый (1—3 чэрв.) рабочых г. Новачаркаск Растоўскай вобл. (Расія). Рабочыя пратэставалі супраць павышэння цэн на прадукты харчавання (мяса, малако, масла і інш.) на 25—30%, абвешчанага 31.5.1962 пры амаль адначасовым зніжэнні расцэнак аплаты працы. У ходзе аперацыі па «навядзенні парадку» з удзелам войск Паўн.-Каўк. ваен. акругі забіты 23 чал., 39 паранены. Потым адбыліся масавыя арышты. Па Н.п. было ўзбуджана 57 крымін. спраў, па якіх асуджана 114 чал. Вярх. суд РСФСР 14 чал. прызнаў арганізатарамі хваляванняў; 7 чал. прыгавораны да расстрэлу, астатнія да пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Выступленні супраць павышэння цэн адбыліся ў шэрагу інш. прамысл. цэнтраў СССР.

Літ.:

Мардарь И. Хроника необъявленного убийства. Новочеркасск, 1992.

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМАЙЛО́ВІЧ,

сёстры, рэвалюцыянеркі. Нарадзіліся ў Пецярбургу. З дваран, бацька — генерал рас. арміі Аляксандра Адольфаўна (1878—11.9.1941). Чл. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў з 1901. У 1905 падтрымлівала сувязі з Беларускай сацыялістычнай грамадой. 27.1.1906 разам з І.П.Пуліхавым удзельнічала ў няўдалым замаху на мінскага губернатара П.​Р.​Курлова і паліцмайстра Дз.​Дз.​Норава, за што прыгаворана да смяротнага пакарання (заменена пажыццёвай катаргай). З кастр. 1917 чл. ЦК Партыі левых эсэраў, са снеж. 1917 чл. Прэзідыума ВЦВК. У 1918 арыштавана, з 1923 у ссылцы. У 1930 арыштавана ў Ташкенце і выслана на 3 гады ва Уфу. У 1937 асуджана на 10 гадоў. 11.9.1941 расстраляна. Рэабілітавана ў 1957 па справах 1937 і 1941 і ў 1989 па справах 1920—30-х г. Аўтар кнігі «Паслякастрычніцкія памылкі» (1918).

Кацярына Адольфаўна (1881—9.2.1906). У 1905 куратар Мінскай арг-цыі эсэраў, праводзіла рэв. работу ў Магілёве, Маскве. Расстраляна ў Севастопалі за замах на віцэ-адмірала Р.​П.​Чухніна.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)