ЛАГАТЫ́П (ад логас + typos адбітак),

1) спецыяльна распрацаваны арыгінальны абрыс, выява поўнай або скарочанай назвы фірмы (тавараў фірмы).

2) У паліграфіі — літара з адным з найб. ужывальных слоў ці складоў; выкарыстоўваўся пры ручным наборы.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАЗІТА́РЫЙ (франц. dépositaire),

1) фізічная або юрыд. асоба, якой перадаюцца каштоўнасці для захавання без пераходу да яго права ўласнасці.

2) Дзяржава або міжнар. арг-цыя, што захоўвае арыгінальны тэкст міжнар. дагавора, дакументы пра яго ратыфікацыю і інш.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУСАРЫ́», «Гусарыкі»,

бел. нар. танец. Блізкі да карагода. Муз. памер 24 або 44. Тэмп павольны. Выканаўцы ходзяць, узяўшыся за рукі і спяваючы песню, ствараюць розныя фігуры: круг, вароты, запляценні і інш. Зафіксаваны ў Магілёўскай вобл. На нар. першааснове ў харэаграфічным ансамблі «Харошкі» створаны арыгінальны канцэртны танец.

Ю.​М.​Чурко.

т. 5, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́ПЕНДЭЙЛ (Chippendale) Томас (хрышчаны 5.6.1718, Отлі, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія — пахаваны 13.11.1779),

англійскі майстар мэблі. Каля 1738 пасяліўся ў Лондане. Вырабляў мэблю з чырв. дрэва. Стварыў арыгінальны «стыль Ч.», у якім аб’яднаў функцыян. мэтазгоднасць, зручнасць форм, выразнасць структуры прадмета з вытанчанасцю ліній і мудрагелістым дэкорам, спалучыў матывы кіт. мастацтва, готыкі і ракако. У 1754 выдаў альбом узораў мэблі.

Т.Чыпендэйл. Крэсла. 1745.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАТУ́Т ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА 1588»,

комплекснае выданне, якое прысвечана выдатнаму помніку прававой культуры і юрыд. думкі феад. грамадства 16 ст. — Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 з нагоды яго 400-годдзя і з’яўляецца першай на Беларусі яго поўнай публікацыяй. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1989. Уключае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», дзе раскрыты ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзенне ў дзеянне Статута; арыгінальны тэкст Статута (факсімільнае ўзнаўленне), яго арыгінальны тэкст і пераклад на рус. мову; энцыклапедычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны каментарый; тэрміналагічны і імянны паказальнікі. Асн. частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адм.-тэр. падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, саслоўі, службовыя асобы і пасады, судовы лад; віды злачынстваў і правапарушэнняў, меры пакарання і ўздзеяння за іх; грашовая сістэма, адзінкі вымярэння і інш. Змешчаны артыкулы пра крыніцы Статута і інш. прававыя акты і дакументы 15—16 ст., пра гісторыю падрыхтоўкі і выдання Статута, яго паліграфічныя і маст. асаблівасці. Шэраг артыкулаў прысвечаны выкарыстанню, збераганню і гісторыі даследавання Статута. У каментарыях разглядаецца прававая сутнасць і гісторыя распрацоўкі кожнай з уключаных у яго норм.

Г.​А.​Маслыка.

«Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» Мінск, 1989. Вокладка.

т. 15, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁЗНЕНСКІ КАНСЕ́РВАВА-АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д Знаходзіцца ў г.п. Лёзна Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1952. У 1955 пушчаны агароднінасушыльны цэх, на базе якога ў 1958 наладжаны выпуск кансерваў. З 1966 кансервава-агароднінасушыльны камбінат. У 1971—75 пабудаваны корпус па вытв-сці бульбяной крупкі, механізаванае сховішча для агародніны, чыг. ветка. З 1976 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): пладова-агароднінныя кансервы, сушаныя агародніна і бульба, сухое бульбяное пюрэ, бульбяны прадукт абсмажаны «Арыгінальны», бульбяныя чыпсы, грыбы вешанка (свежыя, сушаныя, кансерваваныя), мінер. вада «Лётцы», напітак пладовы моцны.

т. 9, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАРЫЯ́НТНЫЯ МЕ́ТАДЫ ў оптыцы,

прамыя бескаардынатныя метады апісання розных фіз. з’яў, заснаваныя на выкарыстанні вектарна-тэнзарнага злічэння і лінейнай алгебры. К.м. прынцыпова не патрабуюць выбару канкрэтнай сістэмы каардынат, што значна спрашчае форму запісу матэм. суадносін і надае ім агульны характар. Распрацаваны ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава.

На аснове К.м. прапанаваны арыгінальны падыход да апісання палярызацыі святла, каварыянтная фармулёўка законаў адбіцця і пераламлення святла; вывучаны аптычныя ўласцівасці паглынальных і магнітных крышталёў; выяўлены асн. заканамернасці ў оптыцы гіратропных асяроддзяў. З дапамогай К.м. дадзена малекулярнае абгрунтаванне адбіцця і пераламлення святла (Б.А.Соцкі), пабудавана тэорыя неаднародных хваль, прадказаны Фёдарава зрух.

Літ.:

Федоров Ф.И. Оптика анизотропных сред. Мн., 1958;

Яго ж. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Яго ж. Теория гиротропии. Мн., 1976.

М.​С.​Пятроў.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БКІН Абрам Давыдавіч (2.2.1903, г. Полацк Віцебскай вобл. — 19.2.1983),

савецкі фізікахімік. Д-р хім. н. (1952), праф. (1959). Засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1974). Скончыў Казанскі ун-т (1928). З 1928 у Маскоўскім н.-д. фіз.-хім. ін-це імя Л.​Я.​Карпава. Навук. працы па даследаванні працэсаў полімерызацыі арган. злучэнняў. Адкрыў існаванне т. зв. «жывучых» палімераў, малекулы якіх пасля завяршэння полімерызацыі захоўваюць актыўныя цэнтры (1935). Распрацаваў колькасную тэорыю працэсаў суполімерызацыі (1951). Адкрыў і даследаваў механізм іоннай радыяцыйнай полімерызацыі (1959—65), стварыў арыгінальны метад атрымання поліакрыламіду (1966—70). Адкрыў існаванне нізкатэмпературнай мяжы скорасці хім. рэакцый пры набліжэнні да абс. нуля (у сааўт., 1967; зарэгістравана як адкрыццё ў 1977) і фотасенсібілізаваную полімерызацыю (1980). Ленінская прэмія 1980.

Тв.:

Радиационная химия полимеров. М., 1973 (у сааўт.).

М.​М.​Касцюковіч.

А.Д.Абкін.

т. 18, кн. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ВІН Канстанцін Аляксеевіч (5.12.1861, Масква — 11.9.1939),

рускі жывапісец. Прадстаўнік рус. імпрэсіянізму. Брат С.А.Каровіна. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1886), вучыўся ў А.​Саўрасава і В.​Паленава, у Пецярбургскай АМ (1882). Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1901—18) і Дзярж. вольных маст. майстэрнях (1918—19). Член аб’яднанняў «Мир искусства» і Саюз рус. мастакоў. Творы вылучаюцца свежасцю пленэрнага выканання, пастознасцю фарбавай масы, яркасцю каларыту і святлонасычанасцю, аптымістычнасцю светаўспрымання: «Паўночная ідылія» (1886), «Каля балкона» (1888—89), «Зімой» (1894), «Парыжская кавярня» (1899—1900), партрэты Т.​С.​Любатовіч (1886—87), Ф.​І.​Шаляпіна (1911) і інш. Як тэатр. мастак стварыў арыгінальны, сінтэтычны маст. вобраз муз. спектакляў («Садко», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава, «Канёк-гарбунок» Ц.​Пуні і інш.). З 1923 працаваў у Францыі.

В.​Я.​Буйвал.

К.Каровін. Каля балкона. Іспанкі Леанора і Ампара. 1886.

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНТА́ЗІЯ ў музыцы,

жанр інструментальнай (зрэдку вак.) музыкі імправізацыйнага характару. Узыходзіць да інстр. імправізацыі 16—17 ст. У 18 ст. ў асноўным у клавірнай і арганнай музыцы (звычайныя Ф. ў цыклічных формах, у выглядзе прэлюдый). У 19—20 ст. зацвердзілася 2 асн. тыпы Ф.: арыгінальны твор буйной формы (цыклічны або з рысамі цыклічнасці) з кантрастным тэматычным матэрыялам, часта праграмнага зместу і п’еса (блізкая да парафразы), засн. на свабоднай варыяцыйнай распрацоўцы папулярных мелодый на тэмы з опер, балетаў, тэмы нар. песень, кінамузыкі. Сярод аўтараў Ф. ў бел. музыцы: С.​Аксакаў, М.​Аладаў, Г.​Вагнер (арыгінальныя творы буйной формы), а таксама Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, П.​Падкавыраў, Р.​Пукст, С.​Картэс, Я.​Касалапаў, Р.​Сурус, Э.​Тырманд, Я.​Цікоцкі.

Літ.:

Протопопов В.В. Очерки из истории инструментальных форм XVI — начала XX в. М., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

т. 16, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)