АНДРЭ́Я (Andreaea),

род лістасцябловых імхоў сям. андрэевых. Каля 120 відаў. Растуць у высокіх шыротах і высакагор’ях па ўсім зямным шары. На Беларусі ў зах. раёнах трапляецца андрэя скальная (A. rupestris).

Утварае невял. цвёрдыя дзернавінкі ад бура-зялёнага да чырвона-бурага колеру. Сцяблы 1—2 см выш., прамыя або прыўзнятыя, густа ўкрытыя лісцем. Лісце прадаўгавата-яйцападобнае або яйцападобна-ланцэтнае, тупое, без жылак, вельмі гіграскапічнае. Каробачка на псеўданожцы, прадаўгавата-авальная, раскрываецца 4 прадаўгаватымі шчылінамі.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Андрэя скальная.

т. 1, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎСКІ СЦЯГ,

сцяг на карме судна ў расійскім ВМФ. Уведзены ў 1699 Пятром I. Палотнішча з блакітным крыжам па дыяганалі (крыж Андрэя Першазванага) спачатку было трохпалоснае — бела-сіне-чырвонае, потым (з 1709) аднаго з гэтых колераў, з 1865 — белае.

Андрэеўскі сцяг.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў,

князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180 як пляменнік кн. Андрэя Валодшыча. Магчыма, сын кн. Мікулы Валодшыча. Быў адным з саюзнікаў кіеўскага кн. Святаслава Усеваладавіча ў міжусобіцы з уладзімірскім кн. Усеваладам Вялікае Гняздо і Расціславічамі. Верагодна, валодаў удзелам у Полацкай зямлі.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧАСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (1112? — пасля 1127),

клечаскі (клецкі) князь. Сын Яраслава Святаполчыча. Клечаскі ўдзел атрымаў, верагодна, ад кіеўскага кн. Мсціслава Уладзіміравіча. У 1127 паводле загаду Мсціслава ў кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю ўдзельнічалі войскі Вячаслава з Турава, Андрэя з Уладзіміра, Усевалада з Гародна, Вячаслава Яраславіча з Клечаска, якія былі накіраваны на Ізяслаўль (Заслаўе), горад быў імі захоплены і разрабаваны.

т. 4, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕВЫЯ ІМХІ́, андрэіды (Andreaeidae),

падклас лістасцябловых імхоў. Уключае 2 сям.: андрэевыя (120 відаў) і андрэебрыевыя (1 від). На Беларусі адзін род — андрэя з сям. андрэевых.

Старажытная група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга дэвону-карбону. Шэрагам прыкмет нагадваюць брыевыя імхі, адрозніваюцца тым, што каробачка раскрываецца прадаўгаватымі шчылінамі, як у пячоначнікаў. Прыстасаваны да скальна-камяністых субстратаў, вытрымліваюць нізкія т-ры і працяглае высыханне.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

т. 1, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЙСКІЯ малодшая лінія маскоўскіх вял. князёў. Паходзілі ад Андрэя Дзмітрыевіча

(1382—1432),

сына вял. кн. маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Андрэй Дзмітрыевіч атрымаў ва ўдзел Мажайск (адсюль прозвішча роду), Вераю, Калугу, Белавозера. Ад яго старэйшага сына Івана пайшоў род М., ад малодшага Міхаіла — род князёў Вярэйскіх. Найб. вядомыя:

Іван Андрэевіч (? — да 1483), сын Андрэя Дзмітрыевіча. У час феад. вайны ў Расіі 1425—53 уцёк у ВКЛ, прэтэндаваў на пасад вял. князя маскоўскага. Вял. князь ВКЛ Казімір падараваў яму Гомель, Бранск, Старадуб. Андрэй Іванавіч (? — 1487), сын Івана Андрэевіча, валодаў пасля бацькі Бранскам і вёскамі ў Гомельскай воласці, выслужыў у Казіміра маёнтак Свержань. Сямён Іванавіч (? — каля 1505), сын Івана Андрэевіча, трымаў пасля бацькі Гомель і Старадуб. У 1496 вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў яму Чарнігаў і Карачаў, пазней — Хоцімль. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03 перайшоў з усімі сваімі ўладаннямі на бок вял. кн. маскоўскага Івана III і ваяваў супраць ВКЛ. Захапіў Любеч. Празываўся таксама князем Старадубскім. Васіль Сямёнавіч (? — да 1519), сын Сямёна Іванавіча, валодаў пасля бацькі Гомелем, Старадубам, Чарнігавам.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГУШ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 18.2.1931, г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі, ветсанэксперт. Д-р вет. н. (1983), праф. (1991). Брат Андрэя А.Богуша. Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1953). З 1960 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. і зоагігіенічным забеспячэнні жывёлагадоўлі, вет.-сан. экспертызе.

Тв.:

Борьба с мышевидными грызунами в животноводческих помещениях. Мн., 1974;

Паразитозы мышц свиней и меры их профилактики. Мн., 1976;

Мясо, его переработка и хранение. Мн., 1995.

т. 3, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ТЦАР (Якуб) (23.7.1690, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 11.8.1733),

бел. жывапісец. Зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715—17, не захаваўся), капліцы ў Полацку (1717—21); стварыў абразы «Распяцце», «Маці Божая», шэраг партрэтаў. У 1721—22 у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава выканаў паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731—32 у Віцебску размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле (не захаваліся), напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 працаваў у Нясвіжы, Пінску.

т. 3, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫШЧАПЁНАК (Валерый Георгіевіч) (15.11.1921, г. Омск, Расія — 7.11.2000),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1955). З 1955 саліст ансамбля песні і танца БВА, у 1956—58 і ў 1968—81 саліст хору Бел. тэлебачання і радыё, у 1958—68 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Рэпертуар складаўся з песень і рамансаў бел. кампазітараў, бел. нар. песень. Выканаў партыі Паўла, Андрэя, Шата ў радыёмантажах опер «Павел Карчагін» П.​Падкавырава, «Андрэй Касценя» М.​Аладава, аперэты «Алазанская даліна» Ю.​Бяльзацкага.

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й (Васіла, Вісіла, Андрэй Паляк; ? — 1398),

рэлігійны дзеяч, першы віленскі біскуп у ВКЛ (1388—98). Вучыўся ў Гнезне, служыў у Кракаве. З 1374 сакратар і казначэй пры двары польскага караля. Садзейнічаў шлюбу каралевы Ядвігі з вял. кн. ВКЛ Ягайлам, пасля заключэння яго (1386) апошні даў згоду на ўтварэнне Віленскага біскупства і прызначэнне Андрэя біскупам. У 1392 Андрэй каранаваў Вітаўта на ВКЛ, заручыўшыся яго падтрымкай у правядзенні палітыкі пашырэння каталіцызму на тэр. ВКЛ. Быў вымушаны прызнаваць праваслаўе, бел. мову, паліт. незалежнасць ВКЛ ад Польшчы.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)