СТАТКЕ́ВІЧЫ, Сцяцкевічы, Сцяцковічы, Стацкевічы,

Стацковічы, шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Родапачынальнік — Сцецка Пятровіч, гаспадарскі дваранін, войт магілёўскі і слуцкі (15 ст.). Меў сына Ждана, які валодаў Любанічамі, Чаркасавам і Расасною, унукаў Хаму, Яўмена і Андрэя, ротмістра і двараніна вял. князя ВКЛ Казіміра. Найб. вядомыя:

Іван Андрэевіч (?—1554), сын Андрэя Жданавіча, падскарбі надворны ВКЛ. Багдан Іванавіч (? — да крас. 1586), сын Івана Андрэевіча, староста кокенгаўзенскі, падчашы ВКЛ у 1558—72, маршалак гаспадарскі з 1572, маршалак браслаўскі. Атрымаў ад вял. князя маёнтак Заверцы ў Ашмянскім пав., адсюль прадстаўнікі роду ўжывалі прозвішча Статкевіч-Заверскі. Вільгельм (?—1616), сын Багдана Іванавіча, падкаморы браслаўскі ў 1613. Крыштоф (? — да 1652), сын Вільгельма, ротмістр, староста азярышчанскі, падкаморы браслаўскі. Вызначыўся ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 абаронай Азярышчанскага замка ў 1654. Багдан (?—1651), сын Вільгельма, падкаморы мсціслаўскі ў 1630—44, кашталян мсціслаўскі ў 1644—46 і новагародскі з 1646. Актыўна выступаў у абарону праваслаўя. Разам з жонкай Аленай Багданаўнай Саламярэцкай заснаваў Баркалабаўскі Узнясенскі жаночы манастыр, Буйніцкі Святадухаўскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр, фінансаваў дзейнасць Куцеінскай друкарні. Ян (1601—34), сын Вільгельма, харунжы ашмянскі. Удзельнічаў у бітвах пад Хацінам (1621) і Смаленскам (1633—34). Ян (? — 1660), сын Яна, каралеўскі дваранін, кашталян новагародскі з 1652.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)