ЯРАСЛА́ВІЧЫ,

княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад бораўскага кн. Андрэя Іванавіча, сына вял. князя маскоўскага Івана Каліты. Яго нашчадкі валодалі Бораўскам і Серпухавам. Ад імя Яраслава Уладзіміравіча (?—1426), унука Андрэя Іванавіча, яго нашчадкі ў ВКЛ Іван і Фёдар утварылі прозвішча Я. Прадстаўнікі роду:

Васіль Яраславіч (?—1483), сын Яраслава Уладзіміравіча. Удзельны князь бораўскі. У час феад. вайны 1425—53 у 1446 выгнаны вял. князем маскоўскім Дзмітрыем Шамякам. Ад’ехаў у ВКЛ, дзе атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Бранск, Гомель, Старадуб, Мсціслаў. Пасля вярнуўся, дапамог Васілю II вярнуць маскоўскі трон. У 1456 сасланы Васілём II у Угліч. Яго жонка з пасынкам Іванам уцякла ў ВКЛ. Іван Васілевіч (?—1507), сын Васіля Яраславіча. Атрымаў ад вял. князя ВКЛ Казіміра Клецкае і Давыд-Гарадоцкае княствы (1492?), Рагачоўскую вол. Фёдар Іванавіч (? — паміж жн. 1520 і лют. 1522), сын Івана Васілевіча. У 1498 ажаніўся з Аляксандрай (Аленай), дачкой кн. С.​Алелькавіча; пасля смерці ў 1501 цешчы атрымаў у спадчыну Пінскае княства. Пасля смерці бацькі атрымаў Клецк, Давыд-Гарадок, Рагачоў, у 1508 — пацвярджэнне на воласць Вяда ў Новагародскім пав. На ім род Я. згас.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 1, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)