ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,

мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.

Вісмуцін.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕНАПІРЫ́Т (ад лац. arsenicum + пірыт),

мыш’яковы калчадан, мінерал класа сульфідаў FeAsS. Прымесі кобальту, нікелю, золата і інш. Крышталізуецца ў манакліннай або трыкліннай сінганіі. Утварае прызматычныя крышталі, зросткі, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв, 5,6—6 г/см³. Шчыльн. 5,9—6,3 г/см³. Тыповы мінерал гідратэрмальных (у т. л. часта залатаносных), радзей пегматытавых і кантактава-метасаматычных радовішчаў. Руда мыш’яку, іншы раз кобальту і золата.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТАІ́Т (назва ад першай знаходкі на Алтаі),

мінерал класа тэлурыдаў. Мае Pb 60,2—61,3% і Te 36,8—38,4% з інш. прымесямі. Часта ў цесных зрашчэннях з самародным золатам, серабром, галенітам. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе дробных украпаных зярнят (у галеніце); зрэдку ўтварае крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 8,2—8,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал; сустракаецца ў невял. колькасцях у рудах свінцова-цынкавых і золата-сярэбраных радовішчаў.

Алтаіт.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)