ДУНС СКОТ ((Duns Scotus) Іаан) (каля 1266, Дунс, каля г. Берык-апон-Туід, Вялікабрытанія — 8.11.1308),
сярэдневяковы тэолаг, філосаф. Заснавальнік новай францысканскай школы. Вучыўся і выкладаў у Оксфардзе, Парыжы, Кёльне. Яго вучэнне (скатызм) процістаяла дамініканскай схаластыцы — тамізму. Імкнуўся аддзяліць філасофію ад тэалогіі, розум ад веры, даказваў немагчымасць рацыяналістычнага абгрунтавання тэалагічных ідэй стварэння з нічога. Адно з цэнтр. палажэнняў яго вучэння — свабода волі, сцвярджаў прымат волі над інтэлектам. У пазнанні лічыў галоўнай пачуццёвую інтуіцыю, на аснове якой інтэлект стварае індывід. вобраз рэчы, у працэсе абстракцыі ўтвараецца агульнае паняцце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАСНЕ́ННЕ ВАДЫ́,
апрацоўка марской вады ці вады моцнамінералізаванай крыніцы з мэтай зніжэння канцэнтрацыі раствораных соляў да ступені (звычайна да 1 г/л), пры якой вада становіцца прыдатнай на піццё ці гасп. мэты. Робіцца ў апрасняльніках.
Пры апрасненні вады выпарэннем салёную ваду награваюць, пару кандэнсуюць. Пры апрасненні вады вымарожваннем выкарыстоўваюць уласцівасць салёнай вады пры замярзанні ўтвараць крышталі прэснага лёду, паміж якімі знаходзяцца крышталі салёнага лёду. Пры раставанні ў вадкі стан спачатку пераходзяць крышталі салёнага лёду, што і дазваляе аддзяліць салёную ваду ад прэснай. Пры электролізным спосабе катыёны і аніёны раствораных у вадзе соляў пад дзеяннем пастаяннага эл. поля выдаляюцца праз спец. мембраны, якія не прапускаюць прэснай вады. Гіперфільтрацыйны метад заснаваны на ўласцівасці мембран, зробленых з ацэтылцэлюлозы ці паліамідных смолаў, пры ціску, вышэйшым за асматычны, прапускаць малекулы вады, але затрымліваць гідратызаваныя іоны раствораных у вадзе соляў.
Апрасненне вады ў многаступеньчатым дыстыляцыйным апрасняльніку з імгненным закіпаннем: I—IV, N — камеры выпарэння; 1 — падагравальнік; 2 — кандэнсатар эжэктара; 3 — паравыя эжэктары; 4 — кандэнсатары; 5 — пырскаўлоўнікі; 6 — паддоны для збору кандэнсату; 7 — помпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліцьцарк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),
галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.
Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:
Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял.кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял.кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял.кн.ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял.кн.ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛусх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял.кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.