Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВІ́ЗМ,
кірунак у фізіялогіі і медыцыне, які разглядае ідэю аб пераважным значэнні нерв. сістэмы ў рэгуляцыі фізіял. функцый і працэсаў у арганізме жывёл і чалавека. Паняцце Н. уведзена І.П.Паўлавым (1883). Распрацоўка канцэпцыі звязана з імёнамі П.К.Анохіна, Л.А.Арбелі, К.Бернара, С.П.Боткіна, І.М.Сечанава, М.Я.Увядзенскага, А.А.Ухтамскага і інш. і значна паўплывала на развіццё фізіялогіі і медыцыны. Абсалютызацыя Ідэі Н. некат. фізіёлагамі прывяла да недаацэнкі інш. рэгулюючых сістэм. Лічыцца, што рэгуляцыя фізіял. функцый засноўваецца на каардынацыйным узаемадзеянні нерв. сістэмы і гумаральна-гарманальных фактараў. На Беларусі гэты кірунак распрацоўвалі А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, М.І.Грашчанкоў, Д.М.Голуб, В.М.Гурын, У.М.Калюноў, Д.А.Маркаў, У.У.Салтанаў і інш..
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ,
усеагульнае, філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае агульнасць уласцівасцяў і адносін адзінкавых рэчаў, з’яў, працэсаў матэрыяльнага і духоўнага свету. Агульнае не існуе само па сабе, у «чыстым» выглядзе. Яно непарыўна звязана з адзінкавым і асаблівым. Характарызуючы прыроду агульных паняццяў, філосафы-«наміналісты» сцвярджалі, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя прадметы, агульнае ж прадстаўлена толькі ў словах ці паняццях. «Рэалісты», наадварот, меркавалі, што агульнае (паняцці, сутнасці, універсаліі) у такой жа ступені, а можа, і больш рэальныя, чым адзінкавыя прадметы. Абсалютызацыя агульнага, агульных ісцін вядзе да дагматызму, які ігнаруе спецыфіку асобнага, індывід., асаблівага. У навук. пазнанні такі падыход не садзейнічае новым адкрыццям і прагрэсу ў цэлым.
А.А.Лазарэвіч.
т. 1, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл. Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.
В.Дз.Марозаў, С.А.Яцкевіч.
т. 17, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.Бугле), этнічных працэсаў (М.Мос), права (Ж.Даві), эканомікі (Ф.Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл. Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.
т. 14, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРОПАЦЭНТРЫ́ЗМ,
прынцып і пазіцыя, паводле якіх падзеі ў свеце разглядаюцца і ацэньваюцца з еўрап. пункту гледжання. Мае месца ў філасофіі гісторыі і культуры, тэорыі развіцця грамадства, паліталогіі і інш. грамадскіх навуках, а таксама ў палітыцы. Характэрная рыса Е. — абсалютызацыя еўрап. вопыту развіцця як узораў для нееўрап. народаў. Рысы Е. заўважаюцца ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Платон, напр., лічыў грэч. поліс (горад-дзяржава) ідэальнай формай дзярж. ўладкавання. У сярэдневякоўі на Е. абапіралася ідэалогія каталіцызму, якая абвяшчала Ватыкан духоўным цэнтрам зямлі і вяла барацьбу супраць інш. рэлігій. У 19 і 20 ст. еўропацэнтрычныя ідэі пэўным чынам паўплывалі на філасофію Г.Гегеля, на тэорыі цывілізацый і культур О.Шпенглера і А.Тойнбі. Элементы Е. ёсць і ў сучасных тэорыях грамадскага развіцця, дзе падкрэсліваецца вядучае значэнне еўрап. вопыту навук.-тэхн., тэхнал. і сац.-культ. прагрэсу.
Літ.:
Семенов Ю.Н. Социальная философия А.Тойнби М., 1980;
Данилевский Н.Я. Россия и Европа. М., 1991.
В.І.Боўш.
т. 6, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНГАРДЫ́ЗМ,
умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.
Літ.:
Гл. пры арт. Мадэрнізм.
У.М.Конан.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ТНАСЦЬ І ІСНАВА́ННЕ,
паняцці ў дыялектыцы, якія характарызуюць узаемаадносіны паміж унутр. зместам прадмета, яго якаснай акрэсленасцю і разнастайнасцю зменлівых прадметаў. Паняцце сутнасці характарызуе сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей прадмета, цэласнае адзінства яго істотных рыс і тэндэнцый развіцця. Паняцце існавання сінанімічна быццю прадметаў і характарызуе знешняе выяўленне прадметаў і з’яў, іх колькасную разнастайнасць, зменлівасць і выпадковасць. У гісторыі філасофіі існавалі розныя падыходы да гэтай праблемы. Абсалютызацыя ролі сутнасці характэрна для філасофіі Платона і яго паслядоўнікаў, а таксама для ўсіх філас. вучэнняў, якія прызнаюць аб’ектыўнае існаванне абсалютнага духу. У англ. эмпірызме 17—18 ст. Дж.Лок, Д.Юм) адстойвалася думка пра аб’ектыўнае існаванне толькі адзінкавых фактаў, якія фіксуюцца пачуццёвым вопытам — крыніцай усіх ведаў. Рацыяналізм новага часу (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Гегель) у выніку развіцця матэматыкі і прыродазнаўства зыходзіў з вучэння пра тоеснасць быцця і мыслення і лічыў, што існаванне мае рацыянальную, разумную аснову. Са спробай прымірэння супрацьлеглых поглядаў на праблему С. і і. выступалі Г.Лейбніц і І.Кант. Ірацыянальную трактоўку С. і і. прапанаваў С.К’еркегор, які паставіў у цэнтр філасофіі праблему існавання чалавека і яго шляху да асэнсавання рэліг. значэння свайго жыцця. Погляды К’еркегора развіваліся ў экзістэнцыялізме. дзе цэнтр. месца належыць праблеме існавання чалавека (Л Шастоў, К.Ясперс, Ж.П.Сартр і інш.).
В.І.Боўш.
т. 15, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНАСЦЬ І ВЫПАДКО́ВАСЦЬ,
суадносныя філасофскія катэгорыі, якія выражаюць розныя тыпы сувязей прадметаў і з’яў паміж сабой, ступень іх узаемнай дэтэрмінаванасці. Неабходнасць увасабляе ўнутр. істотную сувязь, карэнныя асаблівасці прадмета або з’явы, характарызуе тое, што павінна настаць пры наяўнасці пэўных умоў. Выпадковасць, наадварот, адлюстроўвае знешнія неістотныя сувязі аб’екта, не вынікае з яго прыроды, а з’яўляецца вынікам уздзеяння пабочных фактараў і таму можа мець або не мець месца. Н. і в. узаемаабумоўлены. Абсалютызацыя неабходнасці і яе адрыў ад выпадковасці прыводзяць да фаталізму ў тлумачэнні развіцця прыроды і грамадства, а перабольшванне ролі выпадковасці і ігнараванне неабходнасці пазбаўляюць прыродныя і грамадскія сістэмы ўпарадкаванасці, арганізаванасці, сістэмнасці. Важным момантам дыялектычнай сувязі паміж Н. і в. служаць іх і узаемапранікненне і ўзаемапераходы. У рэчаіснасці адна і тая ж з’ява ў розных сістэмах або нават у адной сістэме, але праз некаторы час можа выступаць і ў якасці Н. і в. Неабходнасць не існуе ў чыстым выглядзе, яна праяўляецца праз выпадковасць, апошняя выступае ў якасці формы неабходнасці і яе дапаўнення. Вывучэнне дыялектыкі Н. і в. з’яўляецца адной з перадумоў навук. пазнання рэчаіснасці, бо накіроўвае ўвагу даследчыка на пошук у мностве выпадковасцей элементаў неабходнасці і абумоўленых імі тэндэнцый развіцця прыродных і грамадскіх працэсаў. Навук. распрацоўка праблем Н. і в. пачалася ў стараж.-грэч. філасофіі (Платон) і вядзецца ў межах матэрыяльнага або духоўнага фактару.
В.І.Боўш.
т. 11, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ І ДЫНАМІ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ, статыстычныя заканамернасці і заканамернасці жорсткай дэтэрмінацыі,
асноўныя тыпы заканамернасцей сувязі з’яў, якія атрымалі найб. поўнае выяўленне ў сучаснай навуцы. Адрозніваюцца па ўнутр. структуры адпаведных навук. тэорый і агульных падыходах да прыроды быцця і пазнання. Дынамічныя законы характэрны для адносна ізаляваных сістэм, што складаюцца з невял. колькасці элементаў, дзе можна абстрагавацца ад выпадковых фактараў. У законах гэтага тыпу прадказанні дакладна вызначаныя і адназначныя (напр., законы руху макраскапічных аб’ектаў). Уяўленні пра дынамічныя законы сфарміраваліся ў працэсе развіцця класічнай механікі. Абсалютызацыя законаў гэтага тыпу характэрна для канцэпцыі мех. дэтэрмінізму, прыхільнікі якой экстрапаліравалі Ньютана законы механікі на ўсе з’явы і працэсы свету (П.Лаплас і інш.). Пры дапамозе дынамічных законаў фармулююцца каузальныя сувязі з’яў. Пры аналізе сістэм, якія складаюцца з вялікай колькасці аб’ектаў (часціц), а таксама сац. і біял. з’яў найб. адэкватныя статыстычныя законы. Яны распрацаваны ў працэсе развіцця класічнай статыстычнай фізікі і метадалагічнай асновай іх з’яўляецца імавернасцей тэорыя Стат. законы носяць імавернасны характар, што абумоўлена дзеяннем мноства выпадковых фактараў і ўзаемадзеяннем вял. колькасці элементаў (напр., вял. колькасць малекул у газе, асобін у біял. папуляцыях, людзей у сац. калектывах). За сукупным дзеяннем розных фактараў яны выяўляюць устойлівае і неабходнае. У сац. сферы сац. законы дзейнічаюць як законы масавых з’яў і звязаны з вялікіх лікаў законам. Метады выяўлення стат. законаў распрацаваны ў сац. статыстыцы.
т. 15, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)