АГУ́ЛЬНАЕ,

усеагульнае, філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае агульнасць уласцівасцяў і адносін адзінкавых рэчаў, з’яў, працэсаў матэрыяльнага і духоўнага свету. Агульнае не існуе само па сабе, у «чыстым» выглядзе. Яно непарыўна звязана з адзінкавым і асаблівым. Характарызуючы прыроду агульных паняццяў, філосафы-«наміналісты» сцвярджалі, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя прадметы, агульнае ж прадстаўлена толькі ў словах ці паняццях. «Рэалісты», наадварот, меркавалі, што агульнае (паняцці, сутнасці, універсаліі) у такой жа ступені, а можа, і больш рэальныя, чым адзінкавыя прадметы. Абсалютызацыя агульнага, агульных ісцін вядзе да дагматызму, які ігнаруе спецыфіку асобнага, індывід., асаблівага. У навук. пазнанні такі падыход не садзейнічае новым адкрыццям і прагрэсу ў цэлым.

А.А.Лазарэвіч.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)