«А́РМІЯ ВЫРАТАВА́ННЯ»
(англ. Salvation Army),
міжнародная рэлігійна-філантрапічная арг-цыя. Засн. ў 1865 у Лондане англ. прапаведнікам-метадыстам У.Бутсам, да 1878 наз. Хрысціянская місія. Дзейнасць арг-цыі пабудавана паводле ваен. прынцыпу (кіраўнік мае званне генерала). У рабоце спалучае пропаведзь Евангелля і практычную сац. службу, накіраваную на аблягчэнне становішча тых, хто церпіць нястачу і мае патрэбу ў дапамозе (арганізацыя грамадскіх сталовак, начлежак, бальніц, школ і г.д.). Дзейнічае ў 96 краінах, налічвае больш за 14 тыс. карпусоў-прыходаў (1994). Штаб-кватэра ў Лондане.
т. 1, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́СПЕРСЕН ((Jespersen) Енс Ота Хары) (16.7.1860, г. Рандэрс, Данія — 30.4.1943),
дацкі мовазнавец. Праф. англ. мовы ў Капенгагенскім ун-це (з 1893). Аўтар падручніка англ. мовы (1895; 19 выданняў), у аснову якога пакладзена жывая размоўная мова. Сваё разуменне граматыкі як жывога цэлага, што ўвесь час развіваецца, адлюстраваў у працы «Філасофія граматыкі» (1924). Аўтар «тэорыі прагрэсу» ў мове, паводле якой усе моўныя змены накіраваны на аблягчэнне ўмоў камунікацыі, а таму — прагрэсіўныя. Стварыў праект міжнар. штучнай мовы — навіяль. Працы Е. паўплывалі на развіццё мовазнаўства 20 ст.
Тв.:
Рус. пер. — Философия грамматики. М., 1958.
т. 6, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
штодзённая незалежная газета ў Зах. Беларусі. Выдавалася ў 1927 у Гродне на бел. мове бел. т-вам «Аб’яднанне». Выступала за дзярж. дапамогу бяздомным бел. сем’ям у Зах. Беларусі, адкрыццё школ на роднай мове, за прыём бел. інтэлігенцыі на дзярж. пасады, аблягчэнне становішча бел. вёскі, стварэнне культ. цэнтраў, эканам. кааператываў і інш. Паведамляла пра ўгодкі з дня абвяшчэння БНР і арганізацыю яе Рады, дзейнасць бел. с.-г. т-ва і інш. Інфармавала пра падзеі ў свеце і Польшчы, дзейнасць польск. сейма і сената, умовы эміграцыі ў Канаду, ЗША, Перу, вяла перапіску з чытачамі.
В.І.Дзяшко.
т. 2, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,
распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
т. 6, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЗА́ЦЫЯ вытворчасці,
замена ручной працы машыннай, асабліва ў складаных і працаёмкіх працэсах. Адрозніваюць частковую М. (асобныя ручныя аперацыі выконваюць машыны або механізмы), комплексную (ахоплівае ўвесь комплекс работ па выкананні закончанага працэсу або стварэння пэўнага вырабу, пры гэтым работнік кіруе комплексам машын) і якасна больш высокую ступень М. — аўтаматызацыю (машынамі кіруюць механізмы, работнік наладжвае і кантралюе вытв. працэс; гл. Аўтаматызацыя вытворчасці). Ручная праца можа захоўвацца на асобных непрацаёмкіх аперацыях, механізацыя якіх не ўплывае на аблягчэнне працы і з’яўляецца эканамічна немэтазгоднай. М. спрыяе вызваленню чалавека ад выканання цяжкіх работ, росту прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі, павышэнню кваліфікацыі рабочых і ўзроўню арганізацыі вытворчасці. Сацыяльна-эканам. вынікі М. абумоўліваюцца спосабам вытворчасці.
т. 10, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)