МЕХАНІЗА́ЦЫЯ вытворчасці,

замена ручной працы машыннай, асабліва ў складаных і працаёмкіх працэсах. Адрозніваюць частковую М. (асобныя ручныя аперацыі выконваюць машыны або механізмы), комплексную (ахоплівае ўвесь комплекс работ па выкананні закончанага працэсу або стварэння пэўнага вырабу, пры гэтым работнік кіруе комплексам машын) і якасна больш высокую ступень М. — аўтаматызацыю (машынамі кіруюць механізмы, работнік наладжвае і кантралюе вытв. працэс; гл. Аўтаматызацыя вытворчасці). Ручная праца можа захоўвацца на асобных непрацаёмкіх аперацыях, механізацыя якіх не ўплывае на аблягчэнне працы і з’яўляецца эканамічна немэтазгоднай. М. спрыяе вызваленню чалавека ад выканання цяжкіх работ, росту прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі, павышэнню кваліфікацыі рабочых і ўзроўню арганізацыі вытворчасці. Сацыяльна-эканам. вынікі М. абумоўліваюцца спосабам вытворчасці.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)