ЭЛЕКТРАХІМІ́ЧНЫ РАД НАПРУ́ЖАННЯЎ, шэраг актыўнасці металаў,

у электрахіміі паслядоўнасць размяшчэння металаў у парадку нарастання значэнняў іх стандартнага патэнцыялу (за нулявы прыняты патэнцыял вадароду).

Для метал. электродаў мае наступную паслядоўнасць: літый Li, калій K, кальцый Ca, натрый Na, магній Mg, алюміній Al, марганец Mn, цынк Zn, хром Cr, жалеза Fe, кадмій Cd, нікель Ni, волава Sn, свінец Pb, вадарод H2, медзь Cu, ртуць Hg, серабро Ag, плаціна Pt, кісларод O2, золата Au. Э.р.н. дазваляе меркаваць аб тэрмадынамічных магчымасцях працякання тых або інш. электродных працэсаў. Кожны метал выцясняе з раствораў солей металы, якія стаяць у Э.р.н. справа ад яго; металы, якія размешчаны злева ад вадароду, выцясняюць яго з кіслот. Аналагічныя рады напружанняў можна пабудаваць для неметал. электродаў.

т. 18, кн. 1, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТРЭМАДУ́РА (Extremadura),

гістарычная і аўтаномная вобласць на З Іспаніі. Пл. 41,6 тыс. км². Нас. 1,1 млн. чал. (1992). Уключае правінцыі Бадахос і Касерэс. Адм. цэнтр — г. Бадахос. Рэльеф гарысты. На ПнУ адгор’і Цэнтр. Кардыльер, на ПдУ хр. Сьера-дэ-Гуадалупе, Сан-Педра, Сан-Мамед. Клімат міжземнаморскі, летам засушлівы. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рэкі Таха і Гвадыяна. Лясы пераважна дубовыя. На схілах гор зараснікі з маквісу. Э. — агр. вобласць. Асн. галіны гаспадаркі авечка- і свінагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, рыс (на арашальных землях), бавоўнік, тытунь. Вінаградарства і насаджэнні аліўкавых дрэў. Збор кары коркавага дуба. Прам-сць: харч. (алейная, вінаробная, мясная, сыраробная, плодакансервавая), лёгкая (гарбарная, тэкст.), хім. (вытв-сць мінер. угнаенняў), фаянсавая. Здабыча каляровых металаў і фасфарытаў.

т. 18, кн. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́НКЕРСТВА (ад юнкер),

нямецкія буйныя землеўладальнікі з дваран. Грамадскі клас дваран-землеўладальнікаў склаўся ў 16 ст. ва Усх. Прусіі. Сац. аснова Ю. — дваранства-рыцарства. Юнкеры мелі ў сваіх маёнтках, а таксама ў дзяржаве (да 1860-х г.) непадзельную ўладу (пазней падзялялі яе з буржуазіяй). Пасля вызвалення герм. сялян ад прыгону (1-я пал. 19 ст.) маёнткі юнкераў ператварыліся ў капіталіст. гаспадаркі. Юнкеры былі ядром кансерватыўных ням. партый, выступалі за актыўную знешнюю палітыку. Пасля 2-й сусв. вайны ва Усх. Германіі ў межах агр. рэформы Ю. ліквідавана як клас. У ФРГ б. юнкерскія гаспадаркі ператварыліся ў буйныя с.-г. прадпрыемствы, якія складаюць частку сістэмы дзярж.-манапалістычнага капіталізму.

Літ.:

История Европы. Т. 3—5. М., 1993—2000.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 18, кн. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́МАНТ Марыя Мацвееўна (1843, Вільня — ?),

удзельніца вызваленчага руху 1860-х г. Сястра І.Яманта. Нявеста і паплечніца К.Каліноўскага, адрасатка яго развітальнага верша, дасланага з-за турэмных кратаў («Марыська чарнаброва, галубка мая...»). Прымала актыўны ўдзел у перадпаўстанцкіх дэманстрацыях у Вільні і дзейнасці віленскай рэв. арг-цыі (т.зв. Жаночы к-т). У 1864 разам з бацькамі і сястрой выслана ў Табольск (Зах. Сібір), дзе кантактавала з падп. арг-цыямі, удзельнічала ў спробах рэвалюцыянераў вызваліць з сібірскай ссылкі М.​Г.​Чарнышэўскага. Пасля вяртання з Сібіры (1874) жыла ў Варшаве. Яе вобраз адлюстраваны ў шэрагу твораў бел. л-ры і выяўл. мастацтва.

Літ.:

Шалькевіч В. «Марыська чарнаброва, галубка мая...»: Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. 1994. №3—4.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 18, кн. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМПІ́ЛАЎ Баўдоржа (Баў) Базаравіч (15.9.1916, с. Булак, Бурація — 1989),

расійскі і бурацкі кампазітар. Нар. арт. СССР (1983). Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Свярдлоўскую кансерваторыю (1941). У 1943—56 маст. кіраўнік Бурацкай філармоніі. Асноўнае месца ў творчасці займаюць оперы, балеты і сімф. творы: оперы «Прасвятленне» (паст. 1967), «Цырэмпіл Ранжураў» (паст. 1974), «Мацней за смерць» (паст. 1983); балеты «Прыгажуня Ангара» (з Л.​Кніперам, паст. 1959; 2-я рэд. паст. 1972), «Чынгісхан» (паст. 1989); араторыі, кантаты, творы для арк., для фп.; рамансы, песні і інш. У 1962—79 і з 1983 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Бураціі, з 1968 сакратар Саюза кампазітараў Расіі. Дзярж. прэмія Бураціі 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

Літ.:

Куницын О. Бау Ямпилов... 2 изд. М., 1986.

т. 18, кн. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНПО́ЛЬСКІ Борух Залманавіч (10.4.1898, г. Глухаў, Украіна —5.12.1975),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1946). Скончыў студыю пры Дзярж. яўр. т-ры Беларусі (1931) і працаваў у гэтым т-ры. У 1936—58 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. У 1960—67 рэжысёр Белдзяржфілармоніі. Выканаўца камед. і характарных роляў. Майстар эпізоду. Створаныя ім вобразы вылучаліся выразнай формай, яркімі сцэн. дэталямі ў раскрыцці характару: Батура («Партызаны» К.​Крапівы), Нічыпар («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Маёр («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Ігнат Буйніцкі («Шчасце паэта» В.​Віткі), Аптэкар («Рамэо. і Джульета» У.​Шэкспіра), маркіз Рыкарда («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Лефлеш («Скупы» Мальера), Харытонаў («Рускія людзі» К.​Сіманава), Ракала («За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва) і інш.

А.​А.​Лабовіч.

т. 18, кн. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́ЕЎ Сяргей Васілевіч (н. 1.1.1956, г. Чапаеўск Самарскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1993). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1993). Скончыў Маскоўскі інж.фіз. ін-т (1979). З 1987 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. Здзейсніў (як борт-інжынер) 3 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 27.7.1992—1.2.1993 на КК «Саюз ТМ-15» і арбітальнай станцыі (АС) «Мір», 3.9.1995—29.2.1996 на КК «Саюз ТМ-22» і АС «Мір», 13.8.1998—28.8.1999 на КК «Саюз ТМ-28» і АС «Мір» (пасадка на КК «Саюз ТМ-29»). У космасе правёў 747,6 сут (сусветны рэкорд на май 2004), у т. л. ў адкрытым космасе 42 гадз (10 выхадаў). Медаль НАСА «За касмічны палёт».

У.​С.​Ларыёнаў.

С.В.Аўдзееў.

т. 18, кн. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЛА Пётр Рыгоравіч (н. 22.9.1934, с. Паточышча Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне папуляцыйнай тэрыялогіі. Д-р біял. н. (2001). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1959). З 1959 у Нац. парку «Белавежская пушча», з 1966 у Бярэзінскім біясферным запаведніку. З 1977 у Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі (з 2000 заг. лабараторыі). Навук. працы па праблемах структуры і дынамікі папуляцый парнакапытных і буйных драпежнікаў, захавання рэдкіх відаў тэрыяфауны, функцыянавання запаведнікаў і нац. паркаў. Бел. нац. прэмія фонду «Еўрап. прэміі Генры Форда за захаванне культ. спадчыны і навакольнага асяроддзя» 1997.

Тв.:

Дикий кабан. Мн., 1975;

Эколого-морфологический анализ популяции лося. Мн., 1983;

Лось в Беларуси. Экология и лесохозяйственное значение. Мн., 1992 (разам з В.​Ф.​Дуніным).

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КРЭЛ (Cockrell) Кенет Дэйл (н. 9.4.1950, г. Остын, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан ВМФ ЗША. Магістр навук у галіне аэранаўтычных сістэм (1979). Скончыў Тэхаскі ун-т (1972), ун-т Зах. Фларыды (1974), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў ВМФ ЗША (1979). З 1972 у ВМФ ЗША, з 1987 у Касм. цэнтры імя Л.​Джонсана, з 1991 у атрадзе касманаўтаў НАСА (у 1997—98 кіраўнік). Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 8—17.4.1993 на КК «Дыскаверы» (як спецыяліст), 7—18.9.1995 на КК «Індэвар» (як пілот), 19.11—7.12.1996 на КК «Калумбія», 9—20.2.2001 на КК «Атлантыс» і 5—19.6.2002 на КК «Індэвар» (як камандзір). Правёў у космасе 64,5 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНЗ (Collins) Эйлін Марыя (н. 19.11.1956, Эльміра, ЗША),

касманаўт ЗША; першая ў свеце жанчына-пілот і камандзір касм. карабля шматразовага выкарыстання. Палкоўнік ВПС. Магістр у галіне касм. сістэм кіравання (1989). Скончыла Сіракузскі (1978), Станфардскі (1986) і Уэбстэрскі (1989) ун-ты, школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў ВПС ЗША (1990). З 1979 лётчык-інструктар, у 1986—89 выкладчык Акадэміі ВПС ЗША. З 1991 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 3 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 3—11.2.1995 на КК «Дыскаверы» і 15—24.5.1997 на КК «Атлантыс» (як пілот), 23—28.7.1999 на КК «Калумбія» (як камандзір, вывад на каляземную арбіту касм. рэнтгенаўскага тэлескопа «Чандра»). У космасе правяла 22,4 сут. Залаты медаль НАСА «За касмічны палёт» (3).

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)