КО́ЛІНЗ (Collins) Эйлін Марыя (н. 19.11.1956, Эльміра, ЗША),
касманаўт ЗША; першая ў свеце жанчына-пілот і камандзір касм. карабля шматразовага выкарыстання. Палкоўнік ВПС. Магістр у галіне касм. сістэм кіравання (1989). Скончыла Сіракузскі (1978), Станфардскі (1986) і Уэбстэрскі (1989) ун-ты, школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў ВПС ЗША (1990). З 1979 лётчык-інструктар, у 1986—89 выкладчык Акадэміі ВПС ЗША. З 1991 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніла 3 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 3—11.2.1995 на КК «Дыскаверы» і 15—24.5.1997 на КК «Атлантыс» (як пілот), 23—28.7.1999 на КК «Калумбія» (як камандзір, вывад на каляземную арбіту касм. рэнтгенаўскага тэлескопа «Чандра»). У космасе правяла 22,4 сут. Залаты медаль НАСА «За касмічны палёт» (3).
М.М.Касцюковіч.
т. 18, кн. 1, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)