ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ЦІН (Іван Іванавіч) (1.11.1873, в. Крывуліна Цвярской вобл., Расія — 25.5.1942),
рускі і бел.літ.-знавец. Акад.АН Беларусі (1928), чл.-кар.АНСССР (1929), д-рфілал.н. (1934). Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1897). З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага, з 1908 праф. Варшаўскага, з 1917 — Данскога ун-таў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага пед. ін-та. Адначасова працаваў у Інбелкульце (з 1925), АНБССР (з 1929). 4.4.1938 арыштаваны, высланы ў Комі АССР, дзе памёр у турэмнай бальніцы. У працах па гісторыі рус. л-ры 19 ст. выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літ.-знаўстве. Даследаваў эстэт. прынцыпы, літ. плыні і стылі рус. рамантычнай л-ры 1820—30-х г. ва ўзаемасувязях з зах.-еўрап. л-рай, станаўленне рэаліст. метаду ў рус. л-ры 1840—60-х г. (творчасць М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога і інш.), гісторыю рус. крытыкі і журналістыкі, праблемы рус. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. Вывучаў гісторыю і тэорыю бел. л-ры [«Пуціны беларускай літаратуры (Я.Колас — «Новая зямля»)», 1924; «Паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926; «Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры», 1928, і інш.]. Працы З. садзейнічалі станаўленню бел. тэксталогіі (акад. выданне твораў М.Багдановіча, 1927—28, і інш. пісьменнікаў), методыкі выкладання л-ры.
Тв.:
Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Т. 1—2. Варшава, 1903—07;
Сороковые и шестидесятые годы. Варшава, 1911;
М.А.Багдановіч // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;
Беларуская драматургія. [Ч.] 1. Драматычныя творы Я.Купалы // Тамсама. № 1;
Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Вып. 1—2. Мн., 1927—28;
Драматычныя творы Ц.Гартнага // Полымя. 1928. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІЁН [лац. legio (legionis) ад legere збіраць, набіраць],
1) у Стараж. Рыме найбуйнейшае агульнавайск. фарміраванне (напачатку назва ўсёй арміі). Меў сцяг з выявай арла. Падзяляўся на кагорты, маніпулы, турмы, цэнтурыі, складаўся з пешых салдат, коннікаў і абозу (3—10 тыс.чал.).
2) 3 16 і 18 ст. назва асобных вайск. фарміраванняў (пераважна з наёмнікаў і добраахвотнікаў) у шэрагу краін. Сярод іх былі легіёны польскія, Рускі Л. у Францыі ў канцы 1-й сусв. вайны (снеж. 1917—18; першапачаткова 51 афіцэр і 1629 салдат-добраахвотнікаў; прайшоў з баямі праз Латарынгію, Эльзас, Саар, дайшоў да г. Вормс, Германія; страціў 2 тыс.чал.), нямецкі Л. «Кондар» у час грамадз. вайны 1936—39 у Іспаніі (ваяваў на баку франкістаў у баях за Мадрыд, Більбао і інш., разбурыў г.Герніка), Чэхаславацкі Л. у СССР у 1939—41 (да 700 чал., камандзір Л.Свобада). На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. легіянерамі называлі польск. вайскоўцаў корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага і Арміі Краёвай, а таксама вайскоўцаў, створаных у складзе ням.-фаш. войск з палонных чырвонаармейцаў Татарскага (Волжска-Татарскага) Л. (у 1942—43 нёс ахоўную службу і дзейнічаў супраць сав. партызан у раёне Віцебска) і Туркестанскіх Л. (адзін з батальёнаў дыслацыраваўся ў Рэчыцы). З 1831 існуе франц. Замежны Л. (удзельнічаў ва ўсіх калан. войнах Францыі; паводле некаторых звестак на 1995—96, 12 б. легіянераў жывуць на Беларусі, у т. л. 8 з іх у Магілёве).
3) Назва грамадскіх арг-цый у некаторых краінах (напр., Амерыканскі легіён, каталіцкі духоўна-дабрачынны Л. Марыі, засн. ў 1921 у Дубліне).
Літ.:
Пети П. Русские в составе французской армии во время Великой войны 1914—1918 гг.: Пер. с фр. // Военно-ист. журн. 1998. №3;
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. № 2;
Студнев Д. Иностранный легион // Армия. 1996. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НАЎ (Леанід Максімавіч) (31.5. 1899, Масква — 8.8.1994),
расійскі пісьменнік. Акад.АНСССР (1972). Герой Сац. Працы (1967). Засл. дз. маст. Расіі (1949). Друкаваўся з 1915. У апавяданнях, аповесцях 1920-х г., раманах «Барсукі» (1924), «Злодзей» (1927, 2-і варыянт 1959) драм. падзеі і трагічныя вынікі рэв. барацьбы, крытыка мяшчанства. Раман «Рускі лес» (1953; Ленінская прэмія 1957) пра падабенства рус. характару з рус. прыродай і згубнасці для народа яе бяздумнага пакарэння; рамант. патэтыка мяжуе часам з рыторыкай, а ўзвышаныя персанажы з ідэалізацыяй. Аўтар аповесцей «Evgenia Ivanovna» (1938, апубл. 1963), «Узяцце Велікашумска» (1944), раманаў «Соць» (1930), «Дарога на акіян» (1935), п’ес «Нашэсце» (1942, 2-я рэд. 1964; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Залатая карэта» (1946, 3-я рэд. 1964), кінааповесці «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1961, аднайм. фільм 1976; Дзярж. прэмія СССР 1977), літ.-крытычных артыкулаў (зб-кі «Літаратура і час», 1964; «Літаратурныя выступленні», 1966) і інш.Асн. рысы яго твораў — напружаная філас.-этычная праблематыка, шырыня сац.-гіст. абагульненняў, псіхал. глыбіня, маляўнічасць і метафарычнасць стылю. Быў знаёмы з Я.Купалам. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі М.Стральцоў, У.Ягоўдзік. П’есы ставіліся ў т-рах Беларусі: «Скутарэўскі» (1934), «Палаўчанскія сады» (1938), «Звычайны чалавек» (1955) у Дзярж.рус.драм. т-ры; «Нашэсце» (1943), «Лёнушка» (1975) у т-ры імя Я.Коласа; «У мяцеліцу» (1966), «Залатая карэта» (1971) у т-ры імя Я.Купалы і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—10. М., 1981—84;
Публицистика. М., 1987;
Пирамида: Роман-наваждение. Ч. 1—3. М., 1994;
Бел.пер. — Дарога на акіян. Мн., 1938.
Літ.:
Леонид Леонов — мастер художественного слова. М., 1981;
Леонид Леонов и современность. Саратов, 1983;
Леонид Леонов: Творч. индивидуальность и лит. процесс. Л., 1987;
Верность человеческому: Нравств.эстет. и филос. позиция Л.Леонова. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),
рускіпаэт.Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.М.Бацюшкава і М.І.Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, Г.Лангфела, А.Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Избр. произв.Л., 1977;
Соч.Т. 1—2. М., 1984;
Стихотворения и поэмы. Л., 1987.
Літ.:
Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;
Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЛЁЎ (Андрэй) (каля 1360—70—1427 або 1430),
старажытна-рускі жывапісец, заснавальнік самабытнай школы іканапісу. У сталым узросце прыняў манаства ў Троіца-Сергіевым (г. Сергіеў Пасад) або ў Андронікавым (Масква) манастырах. Яго творчасць развівалася на глебе маст. культуры Маскоўскай Русі з уплывам візант.маст. традыцый. Застаючыся ў межах сярэдневяковага ўспрымання і выяўлення рэчаіснасці, сцвярджаў узвышанае разуменне духоўнай прыгажосці і маральнай сілы чалавека. Гэтыя ідэалы ўвасоблены ў абразах Звянігарадскага чына («Спас», «Архангел Міхаіл», «Апостал Павел», усе 14—15 ст., па інш. звестках 1410-я г.), дзе строгія плаўныя контуры, шырокая манера і святланосны каларыт блізкія да прыёмаў манум. жывапісу. У канцы 14 — пач. 15 ст. (або 1411 ці 1427) стварыў абраз «Тройца» — шэдэўр стараж.-рус. іканапісу. Дасканаласць маст. формы гэтага абраза выражае вышэйшы для свайго часу маральны ідэал гармоніі духу з жыццём і светам. У 1405 з Феафанам Грэкам і Прохарам з Гарадца размаляваў Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля (фрэскі не захаваліся); у 1408 з Даніілам Чорным — Успенскі сабор ва Уладзіміры і стварыў абразы для яго шмат’яруснага іканастаса. З фрэсак гэтага сабора найб. значныя сцэны «Страшнага суда», трактаванага як свята перамогі справядлівасці, сцвярджэнне духоўнай сутнасці чалавека. У 1425—27 з Даніілам Чорным і інш. майстрамі размаляваў Троіцкі сабор Троіца-Сергіева манастыра і напісаў некалькі абразоў для яго іканастаса, якім уласцівы нарастанне драматызму («Апостал Павел»), некат. змрочнасць каларыту, узмацненне дэкаратыўнасці. Апошняй яго работай лічыцца размалёўка Спаскага сабора Андронікава манастыра (каля 1427). Яму прыпісваюць шэраг інш. работ: фрэскі Успенскага сабора на Гарадку ў Звянігарадзе (канец 14 — пач. 15 ст.), абразы «Спас у сілах» (1408), «Уладзімірская Божая Маці» (каля 1409), частка абразоў святочнага чыну Благавешчанскага сабора Маскоўскага Крамля (1399 або 1408), некат. мініяцюры «Евангелля Хітрова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФРО́НАЎ (Анатоль Уладзіміравіч) (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед.ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.Звонак, П Панчанка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1971—72;
Океания: Избр. М., 1980;
Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;
На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.
Літ.:
Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.Софронова. М., 1972;
Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.Софронова. М., 1985.