ПАТРАНА́Т (позналац. patronatus ад лац. patronus апякун),
1) у Старажытным Рыме асаблівая форма апякунства, якая фактычна вызначала залежнасць непаўнапраўных ці бедных грамадзян ад грамадзян багатых. Бяспраўныя плебеі ішлі пад П. (атрымлівалі родавае імя патрона, ч. родавай зямлі, абарону ў судах і г.д.) знатных і багатых патрыцыяў (гл.Кліентэла). У час позняй Рым. імперыі пад П. аддаваліся дробныя землеўладальнікі, вёскі, абшчыны, гарады Італіі і правінцый. Землеўладальнікі аддавалі патрону сваю зямлю і атрымлівалі яе назад у якасці прэкарыя, каб пазбегнуць падатковага, ліхвярскага, суд. прыгнёту.
2) Форма ўладкавання дзяцей, якія засталіся безапекі бацькоў, — выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў — у сям’ю патранатнага выхавальніка. Абавязкі па абароне законных правоў і інтарэсаў дзіцяці размяркоўваюцца паміж патранатным выхавальнікам, органам апекі і папячыцельства і ўстановай, што перадае дзіця на патранатнае выхаванне. На Беларусі праваадносіны, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні П., рэгулююцца Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Патранатны выхавальнік адказны за жыццё, здароўе, выхаванне і адукацыю дзіцяці ў перыяд пражывання ў сям’і, куды яно змяшчаецца на падставе прац. дагавору, што заключаецца патранатным выхавальнікам з установай, выхаванцам якой з’яўляецца дзіця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),
род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.
У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часам наз. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,
дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш.дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.І.Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВКБССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦККП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССРбез візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш.сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл.Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ДАКО́ТА (North Dakota),
штат на Пн ЗША, каля граніцы з Канадай. Пл. 183 тыс.км². Нас. 638,2 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Бісмарк. Паверхня раўнінная, павышаецца ад 350 м на ПнУ да 1000 м і больш на ПдЗ, глыбока парэзана рачнымі далінамі. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. каля -13 °C, ліп. каля 20 °C. За год выпадае 400—500 мм ападкаў. Штат перасякае р. Місуры. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Гал. культура — яравая пшаніца. Штогадовы збор ад 6 да 10 млн.т. Вырошчваюць таксама авёс, ячмень, жыта, кукурузу, лён-кудраш, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, сеяныя травы, гародніну. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта на З. Пагалоўе (тыс. галоў, 1999): буйн. раг. жывёлы — 1900, авечак — 134, свіней — 205. Птушкагадоўля — 270 тыс. курэй (без бройлераў, 1999). Гал. галіны прам-сці: харч. (асабліва мукамольная, мясная), маш.-буд. (выраб абсталявання для ферм, для перапрацоўкі с.-г. прадуктаў), энергетычная, электронная. Здабыча нафты, газу, бурага вугалю, буд. матэрыялаў. Турызм у 1996 прынёс даход у 1,1 млрд.дол. Транспарт чыг., аўтамаб., авіяцыйны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р.Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,
дзейнасць па вызначэнні аптымальных мадэлей сац. сістэм, іх асн. якасцей, крытэрыяў, параметраў, а таксама спосабу дзеяння, адносін, працэсаў і інш. Аб’екты М.с. — сац. супольнасці, працэсы, з’явы, грамадскія сувязі, якія падлягаюць уздзеянню суб’ектаў мадэліравання (элементы і сістэмы матэрыяльнай і духоўнай вытв-сці, сац. структуры грамадства, эканам., паліт. і інш. адносіны). Ажыццяўляецца М.с. нетрадыцыйных сац. аб’ектаў — т.зв. «адкрытых сістэм» (ладу жыцця, сістэм адукацыі, аховы здароўя і інш.). Адпаведна спосабу ўзнаўлення рэчаіснасці і сродкам пабудовы сац. мадэлі адрозніваюць іх асн. класы: матэрыяльныя (заснаваны на ўдзеле ў іх людзей), ідэальныя («машынныя мадэлі»), змешаныя («чалавека-машынныя мадэлі»). Вылучаюць таксама тэарэт. і эмпірычныя, ігравыя і неігравыя, аналітычныя і машынныя, рэгрэсійныя, прычынныя і імітацыйныя, алгарытмічныя і аптымізацыйныя, з кіраваннем і без кіравання і інш.сац. мадэлі. М.с. ажыццяўляецца тэхн., матэм. і лагічнымі сродкамі, пры дапамозе якіх атрымліваюць, аналізуюць і перапрацоўваюць інфармацыю аб стане сац. супольнасцей, працэсаў і з’яў, тэндэнцыях іх развіцця або непасрэдна распрацоўваюць сац. мадэлі. На Беларусі назапашаны пэўны вопыт М.с. працэсаў прац. актыўнасці, узнаўлення і размеркавання прац. рэсурсаў, паводзін вял. і малых сац. груп і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДНЕ́ННЕ,
інтэнсіўнае затапленне вял. тэрыторыі ў выніку пад’ёму ўзроўню вады ў рацэ, возеры або моры; адно са стыхійных бедстваў. Адзначаецца ў час разводдзяў, паводак, пры заторах, зажорах, прарывах дамбаў і плацін, у выніку нагонаў вады з мора ў вусці рэк, ад цунамі на марскіх узбярэжжах і астравах. Найб. катастрафічныя Н. здараюцца ў прывусцевой частцы рэк Ганг і Брахмапутра (Бангладэш), на рэках Місісіпі і Агайо (ЗША), Амур, Нява (Расія). Для тэр. Беларусі характэрны 3 віды Н. Веснавое Н. адзначаецца на ўсіх рэках у перыяд веснавога разводдзя. Іх узнікненню садзейнічаюць вял. намнажэнні снегу, халодныя зімы без адліг, позняе і дружнае раставанне снегу пры адначасовым значным выпадзенні ападкаў. Вял. веснавыя Н. назіраліся ў вярхоўях Дняпра і Зах. Дзвіны (1931), на рэках Нёман (1957), Прыпяць (1979). Летне-асеннія Н. бываюць пры інтэнсіўных ападках. Найб. адзначаны ў бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць (1974). Зімовыя Н. абумоўліваюцца моцным раставаннем снегу ў перыяд адліг. Бываюць пераважна ў бас. Нёмана і Зах. Буга. Найб. эфектыўны сродак барацьбы з Н. — рэгуляванне рачнога сцёку і абвалаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (8.5.1744, радавы маёнтак Ціхвінскае-Аўдоцціна каля г. Бронніцы Маскоўскай вобл., Расія — 12.8.1818),
рускі асветнік, журналіст, кнігавыдавец, пісьменнік. Вучыўся ў дваранскай гімназіі пры Маскоўскім ун-це. З 1769 выдаваў часопісы. у т. л. сатырычныя («Трутень», «Пустомеля», «Живописец», «Кошелек»), першыя рас. часопісы: філас. «Утренний свет» (1777—80), крытыка-бібліягр. «Санкт-Петербургские ученые ведомости» (1777), дзіцячы «Детское чтение...» (1785—89). Склаў і выдаў «Спроба гістарычнага слоўніка пра расійскіх пісьменнікаў» (1772), кнігу помнікаў рас. гісторыі і л-ры «Старадаўняя расійская вівліёфіка» (1773—75) і інш. Аўтар цыкла сатыр. апавяданняў «Прыказкі расійскія» (1782), прац па педагогіцы («Пра выхаванне і навучанне дзяцей...», 1783), эканоміцы («Пра гандаль увогуле», 1783) і інш. Выступаў супраць прыгоннага права, за нац. асновы рус. культуры. Арганізатар друкарняў, бібліятэк, школ у Маскве, кніжных магазінаў у гарадах Расіі. У 1770-я г. далучыўся да масонаў. У 1792 за антыўрадавую дзейнасць паводле загаду Кацярыны II зняволены на 15 гадоў, вызвалены ў 1796 без дазволу працягваць ранейшую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМАГРА́МА (ад грэч. nomos закон + ... грама),
спецыяльны чарцёж для рашэння пэўнага тыпу выліч. задач. Выкарыстоўваецца для даследавання экстрэмальных уласцівасцей, правядзення аналізу ўплыву розных пераменных на вынік вылічэнняў, выяўлення вобласці існавання рашэння, рашэння задач на выбар параметраў эмпірычных формул і інш.
Адлюстроўвае функцыянальную залежнасць (ураўненне, формулу, табліцы) і дае магчымасць без вылічэнняў вызначыць значэнне адной пераменнай па зададзеных значэннях астатніх пераменных, а таксама даследаваць такую залежнасць. Пераменныя адлюстроўваюцца шкаламі і сем’ямі пазначаных ліній. Кожная Н. будуецца для канкрэтнай функцыянальнай залежнасці ў зададзеных межах змен пераменных. Пры гэтым зыходная залежнасць дакладна (ці набліжана) прыводзіцца да намаграфавальнага віду, запісваюцца ўраўненні элементаў Н. ў прамавугольнай сістэме каардынат. Параметры пераўтварэнняў, якія ўваходзяць у гэтыя ўраўненні, падбіраюць так, каб надаць Н. выгляд, зручны для карыстання. Пасля чаго вылічваюцца табліцы каардынат асобных элементаў і будуюць Н. Выліч. работа зводзіцца да простых геам. аперацый у адпаведнасці з прыкладзенай да Н. схемай карыстання і адлічвання вынікаў. Тэорыю і практыку пабудовы Н. вывучае намаграфія.
Намаграма для разліку вугла αy, устанаўлення разца ў заточным станку па зададзеных вуглах разца α і φ.