ШТАМПО́ЎКА,

спосаб апрацоўкі метал. і неметал. матэрыялаў (загатовак) ціскам, пры якім форма вырабаў вызначаецца формаю штампа. Выкарыстоўваецца ў масавай і буйнасерыйнай вытв-сці ў аўта-, авія-, трактарабудаванні, у горным і с.-г. машынабудаванні і інш.

Паводле характару тэхнал. працэсаў, тыпу загатовак і штампаў адрозніваюць ліставую штампоўку і аб’ёмную (загатоўка дэфармуецца са змяненнем усіх памераў), паводле тэмпературных умоў дэфармавання — халодную і гарачую. Асаблівыя спосабы Ш. — з дапамогай энергіі выбуху, магутнага магн. поля, з выкарыстаннем эластычных (напр., гумавых) пракладак і інш. Пры Ш. адбываецца формаўтварэнне без зняцця стружкі, забяспечваецца высокая дакладнасць вырабаў пры высокай прадукцыйнасці працы. Для Ш. выкарыстоўваюць молаты і прэсы (у т. л. гідраўлічныя прэсы), кавальска-штамповачныя аўтаматы. Гл. таксама Кавальска-прэсавая вытворчасць.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 17, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)