баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач.жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр.Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн.чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс.чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёнаг. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс.чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.А.Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.К.Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн.чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.
Літ.:
История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;
Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;
Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;
1991. № 1—5;
Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Бажэнаў.
Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 12.2.1935. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Кіраўск. 126 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Баравіцкі, Грыбавецкі, Дабаснянскі, Казуліцкі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 21 нас. пункт знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю.
Размешчаны у паўд.ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слаба парэзаная далінамі. Пераважаюць выш. 160—170 м, найвыш. пункт 196,4 м (на ПнЗ ад в. Казулічы). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 594 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На У працякае р. Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца, на З — р. Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, р. Добасна (прыток р. Дняпро). Невял. азёры, буйнейшыя — Бярозавае і Жывін. Створана 15 вадасховішчаў, найб. Чыгірынскае (на р. Друць). Глебы дзярнова-падзолістыя (50,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6%), тарфяна-балотныя (10,7%). Лясы займаюць 40% тэрыторыі, з іх 9,9% — штучныя насаджэнні; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя, найб. масівы суцэльнага лесу на Пн. Пад балотамі 1,6% тэр.раёна, найб. Ганчанскае, Вялікае, Заліцвінскі Мох. Зоны адпачынку Чыгірынка, Бераснёўка. Заказнікі геал. (тарфяныя) мясц. значэння Белыя Рэчкі, Любін Бор. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння — участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі (хвоя Веймутава, лістоўніца сібірская) у Чыгірынскім лясніцтве, парк «Жылічы» ў в. Жылічы; мясцовага — алея дубова-ліпавая ў в. Зялёная Рошча, дуброва ў Бабруйскім ваен. лясгасе.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 65,5 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, 2 саўгасы, 37 фермерскіх гаспадарак, с.-г. прадпрыемствы «Ніва» і «Чырвоны баец», Жыліцкі с.-г. тэхнікум. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, садоўніцтва. Пашыраны пасевы бульбы, збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (малочныя і мясныя вырабы, кансервы, крухмал і інш.), лёгкай, ільноапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і лясной прам-сці. Працуе Чыгірынская ГЭС. Праходзяць аўтадарогі Магілёў—Бабруйск, Мінск—Гомель. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, пачатковая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., 3 маст. школы, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 15 дамоў культуры, 12 клубаў, кінатэатр, 27 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 амбулаторыі, 21 фельч.-ак. пункт, санаторый, дом паляўнічага, турбаза. Жыліцкі комплекс-музей на базе палацава-паркавага ансамбля. Помнік архітэктуры — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (18—19 ст.). Выдаецца газ. «Кіравец».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс.ж. (1999).
З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв.ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.С.Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ.БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж. 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.А.Каўпака і А.М.Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́Ц,
горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс.ж. (1998).
Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс.ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.
Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.
Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех.з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ГЛЮБСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення Падняпроўя. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. на У Веткаўскага, Пд Краснагорскага і ПнЗ Навазыбкаўскага (Расія) р-наў. У параўнанні з інш.нар. строямі больш прыземісты, цяжкаваты; падобны да рус. і ўкр. касцюмаў; яму ўласцівы разнастайнасць форм адзення, якія ўзніклі ў розныя гіст. перыяды.
У жаночым гарнітуры вызначаліся 3 комплексы: кашуля, 2-полкавая панёва (плахта), фартух (запаска), гарсэт, павойнік з саматканай хусткай; кашуля, спадніца-саян (зрэдку андарак), фартух, запінка (часам гарсэт), крамная хустка, завязаная на валасы і выкладзеная спераду на «рог» (выступ-каркас); кашуля, калышка, фартух, кубак (насілі дзяўчаты). Кашулю шылі з 3 (суцэльная) ці з 5 (з падточкай) полак ільняной ці баваўнянай тканіны. Кроілі з плечавымі ўстаўкамі, суцэльнымі з узорыстай полкай рукава або сшытымі з ёй, разрэзам пазухі па цэнтры грудзей, каўняром-стойкай (каля 1,5 см вышынёй) і вузкім рукавом з каўнерцам ці кароткай фальбонай. Арнамент натыкання часцей геам. (зубчыкавыя, пункцірныя ці гладкія, палосы, ромбы, крыжыкі, прамавугольнікі, квадраты, скампанаваныя ў розных камбінацыях); вышыўкі — геам. і расл. (падліковая гладзь, крыжык). Узоры, выкананыя баваўнянымі ніткамі чырвонага, чырвона-чорнага, радзей чыста белага колераў, кампанаваліся ў палосы (уздоўж ці ўпоперак рукава) або ў ячэйкі, утвораныя дыяганальнымі палосамі. Аздабленне шчыльна, як у дыванах, засцілала бачную паверхню рукавоў, плечавыя ўстаўкі, шлякам праходзіла па падоле, ланцужком па каўняры, каўнерцах, швах злучэння рукава са станам. Панёва ўяўляла сабой 2 сшытыя прыкладна 2/3 даўжыні падоўжныя полкі тоўстай баваўнянай тканіны ў маляўнічыя клеткі пераважна цёмна-вохрыстага, чырвона-карычневага колераў. Фартух — прамавугольная полка чорнага валенага сукна (у комплексе з панёвай) або полка ўзорыстай крамнай тканіны. Гарсэт шылі з чорнага саціну з дэкар. хлясцікам і складкамі на басцы спінкі. Пояс (каля 25 смшыр.) выплецены з цёмна-вішнёвых суканых нітак з воўны, меў мноства кутасікаў. Запінку — летнюю адзежыну замужніх жанчын з белага палатна (падобную на фартух або туніку) — апраналі паверх кашулі замест гарсэта, аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, карункамі. Надзвычай багатыя шыйныя, нагрудныя і наспінныя ўпрыгожанні — пацеркі, шыйныя паяскі са штучнага бісеру. стужкі рознай шырыні, даўжыні і колеру; былі пашыраны самаробныя завушніцы. Мужчынскае адзенне мала адрознівалася ад адзення інш.бел. рэгіёнаў. Вопраткай былі армяк, бурнос, кажух і інш.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Лявонцева С. Неглюбскія кашулі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. №4.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Неглюбскі строй. Жаночы касцюм. Вёска Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
2) Фарміраванне сав.ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;
Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАД (да 23.5.1945 Прапойск),
горад, цэнтр Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Проня. За 70 км ад Магілёва, 58 км ад чыг. ст. Крычаў, вузел аўтадарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў. 8,3 тыс.ж. (2001).
Гарадзішча стараж. С. размешчана на правым беразе р. Сож, каля вусця р Проня, ва ўрочышчы Замкавая гара (цяпер гарадскі парк). Яго пляцоўка 40 × 95 м, вышыня да 30 м, з зах. боку ўмацавана ровам. У пісьмовых крыніцах С. упершыню ўпамінаецца пад 1136 (летапісная назва Прупой, Пропошеск) у складзе Смаленскага княства. У 13—18 ст. існаваў Прапойскі замак як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. цэнтр Прапойскай воласці, з 1560-х г. цэнтр староства ў Мсціслаўскім ваяв. З 1772 у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, потым мястэчка; цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., валоданне Галіцыных. У 1787 у Прапойску 2 царквы, 1 касцёл. У канцы 18 ст. на ўскраіне горада створаны парк пейзажнага тыпу. У 1791—93 пабудавана царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. належаў Дз.Яншыну, існаваў ін-т шляхетных дзяўчат (да 1828), дзейнічала палатняная мануфактура (засн. ў 1806, 84 рабочыя ў 1809), 2 канатныя ф-кі, кафляны з-д, ветракі, параходная прыстань. У 1886—922 ж., 115 двароў; валасное праўленне, школа, бальніца, багадзельня, 2 царквы, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, паштовае аддз., гарбарны, кафляны і канатны з-ды, 2 млыны, 2 заезныя дамы, 30 крам. З 264.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 17.7.1924 цэнтр Прапойскага раёна ў БССР (гл. Слаўгарадскі раён). З 27.9.1938 гар. пасёлак; 4,7 тыс.ж. (1939). 30.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 2 тыс.чал. Дзейнічала Прапойскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 25.11 1943 войскамі 3-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 23.5.1945 горад. У 1959—6,6 тыс.ж. У 1962—65 у Быхаўскім р-не. У 1970—5,6 тыс. ж.
Працуюць масласырзавод, агароднінасушыльны і жалезабетонных вырабаў з-ды, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 2 сярэднія школы, Дом культуры, 3 б-кі. Брацкія магілы і могілкі сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 18 ст.), паштовая станцыя (2-я пал. 19 ст.), жылы дом (пач. 20 ст.), Слаўгарадскі парк. Гарадзішча стараж. С. Радзіма бел. гісторыка і археографа І.І.Грыгаровіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УША́ЧЫ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Ушацкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ушача (бас.р.Зах. Дзвіна). Вузел аўтадарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Улу. За 150 км на З ад Віцебска, 36 км ад чыг. ст. Лепель. 6,1 тыс.ж. (2002).
Вядомы з 16 ст. як сяло ў Полацкім ваяв., уладанне А.Сялявы і яго сыноў. З 1594 цэнтр воласці. З 1624 уладанне полацкага стольніка Ю.Кляноўскага. У 1667 меліся прыстань, царква, манастыр, карчма, 2 кірмашы на год. З 1672 маёмасць Д.Радзімінскага-Францкевіча, пабудаваны манастыр базыльян. У 17—18 ст. У. належалі Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 падваявода полацкі У.Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар. У 1758 У. атрымалі магдэбургскае права і герб (выява св. Лаўрэна ў белым полі каля залатой ракі). З 1776 цэнтр ч. Полацкага ваяв., што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, мястэчка, да 1805 — цэнтр Лепельскага пав., потым воласці ў Віцебскай губ. У 1880 ва У. вінакурны з-д, вадзяны млын, 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўр. малітоўныя школы; у 1890 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1897—1268 ж., 170 дамоў, гарбарны і паташны з-ды, вадзяны млын, лячэбніца, аптэка, 2 заезныя дамы, 16 крам, 8 шынкоў. З 1919 у складзе РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Ушацкага раёна Полацкай (да 1930), потым Лепельскай (1931—38) акруг. З 1938 гар. пасёлак Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну з 3.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў гар. пасёлку 735 чал. Дзейнічала Ушацкае патрыятычнае падполле. У канцы вер. 1942 партызаны разграмілі ва У. варожы гарнізон (гл.Ушацкі бой 1942), вызвалілі ад гітлераўцаў Ушацкі і суседнія з ім раёны, у выніку была ўтворана Ушацкая, пазней Полацка-Лепельская партызанская зона. Са снеж. 1943 да крас. 1944 ва У. дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦККП(б)Б і БШПР, партыз. брыгады імя Чапаева, размяшчалася падп. друкарня. У 1944—54 у Полацкай, з 1954 у Віцебскай абласцях. У 1962—66 у Лепельскім р-не. У 1969—2459 жыхароў.
Працуюць ільно- і агароднінасушыльны з-ды, прамкамбінат «Універсал», лясгас. Сярэдняя, спарт. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква. Ушацкі музей народнай славы. Брацкія могілкі партызан, падпольшчыкаў і сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. На ўсх. ускраіне У. гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і ранняга феадалізму (11—13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Беседзь пры ўпадзенні ў яе рэк Альшоўка і Жадунь. За 207 км ад Магілёва, 37 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Аўтадарогамі злучаны з Касцюковічамі і Суражам (Расія). 8 тыс.ж. (2001). Прадпрыемствы харч. прам-сці, пачатковай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў. Сельгасхімія, камбінат быт. абслугоўвання; 2 сярэднія, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Свята-Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.), царква на могілках (19 ст.), 2 жылыя дамы (пач. 20 ст.).
Засн. паміж 1695 і 1700 як слабада. У дакументах згадваецца з 1709. У 1714 у Х. 66 дымоў, млын, карчма, царква. Паводле універсала канцлера К.С.Радзівіла ад 19.10.1714 на левым беразе р. Беседзь насупраць вёскі Х. закладзена мяст. Радзівілаў; у 1727 у ім 148 дымоў, 3 вуліцы; у 1747—8 вуліц, 116 дымоў, царква Раства Багародзіцы са званіцай, сінагога, карчма, турма. З сярэдзіны 18 ст. Радзівілаў — цэнтр Бярозаўскай (Хоцімскай) вол. Крычаўскага староства, у крыніцах згадваецца як мяст. Х. Пасля 1772 Радзівілаў перайменаваны ў Х., належаў Р.А.Пацёмкіну. Спачатку быў у Крычаўскім графстве, потым у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ. У 1779—568 ж., 105 двароў. У 19 ст.мяст. Х. належала Галынскім, Кучэўскай, кн. Абаленскаму. У 1844—1828 ж., 139 двароў, 2 царквы, касцёл, у 1860—70-я г. — 5 пенькатрапальных прадпрыемстваў, маслабойня, крупадзёрка, вінакурны і піваварны з-ды.
У 1880—1849 ж., 274 дамы, валасная ўправа, нар. вучылішча, 2 царквы, 2 малітоўныя дамы, у 1897—3030 ж., 416 двароў. З крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 у складзе БССР. З 17.7.1924 да 8.7.1931 і з 12.5.1935 цэнтр Хоцімскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 — Магілёўскай акруг. У 1926—2,9 тыс.ж. У 1931—35 у складзе Касцюковіцкага р-на, са студз. 1938 у Магілёўскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 15.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 700 жыхароў. 23.10.1941 партызаны дыверсійна-разведвальнага атрада НКДБСССР і 2-га Хоцімскага атрада ўчынілі ў Х. напад на ням. гарнізон. Вызвалены 26.9.1943 у ліку першых райцэнтраў Беларусі войскамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943. З 17.4.1962 да 30.7.1966 у складзе Касцюковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСЫ,
горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс.ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс.ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.У.Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.