УША́ЧЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Ушацкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ушача (бас. р. Зах. Дзвіна). Вузел аўтадарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Улу. За 150 км на З ад Віцебска, 36 км ад чыг. ст. Лепель. 6,1 тыс. ж. (2002).

Вядомы з 16 ст. як сяло ў Полацкім ваяв., уладанне А.​Сялявы і яго сыноў. З 1594 цэнтр воласці 3 1624 уладанне полацкага стольніка Ю.​Кляноўскага. У 1667 меліся прыстань, царква, манастыр, карчма, 2 кірмашы на год. З 1672 маёмасць Д.​Радзімінскага-Францкевіча, пабудаваны манастыр базыльян. У 17—18 ст. У. належалі Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 падваявода полацкі У.​Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар. У 1758 У. атрымалі магдэбургскае права і герб (выява св. Лаўрэна ў белым полі каля залатой ракі). З 1776 цэнтр ч. Полацкага ваяв., што засталася ў Рэчы Паспалітай. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, мястэчка, да 1805 — цэнтр Лепельскага пав., потым воласці ў Віцебскай губ. У 1880 ва У. вінакурны з-д, вадзяны млын, 2 царквы, касцёл, 18 крам, 3 яўр. малітоўныя школы; у 1890 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1897—1268 ж., 170 дамоў, гарбарны і паташны з-ды, вадзяны млын, лячэбніца, аптэка, 2 заезныя дамы, 16 крам, 8 шынкоў. З 1919 у складзе РСФСР, з 1924 у БССР, цэнтр Ушацкага раёна Полацкай (да 1930), потым Лепельскай (1931—38) акруг. З 1938 гар. пасёлак Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў гар. пасёлку 735 чал. Дзейнічала Ушацкае патрыятычнае падполле. У канцы вер. 1942 партызаны разграмілі ва У. варожы гарнізон (гл. Ушацкі бой 1942), вызвалілі ад гітлераўцаў Ушацкі і суседнія з ім раёны, у выніку была ўтворана Ушацкая, пазней Полацка-Лепельская партызанская зона. Са снеж. 1943 да крас. 1944 ва У. дыслацыраваліся штабы Полацка-Лепельскай аператыўнай групы ЦК КП(б)Б і БШПР, партыз. брыгады імя Чапаева, размяшчалася падп. друкарня. У 1944—54 у Полацкай, з 1954 у Віцебскай абласцях. У 1962—66 у Лепельскім р-не. У 1969—2459 жыхароў.

Працуюць ільно- і агароднінасушыльны з-ды, прамкамбінат «Універсал», лясгас. Сярэдняя, спарт. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Свята-Мікалаеўская царква. Ушацкі музей народнай славы. Брацкія могілкі партызан, падпольшчыкаў і сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. На ўсх. ускраіне У. гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і ранняга феадалізму (11—13 ст.).

В.​В.​Віталёва.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)