від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш). У 17—18 ст. працэс развіцця еўрап. Ж ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел.прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ МУ́ЗЫКА, музычны фальклор,
песенная і інстр. творчасць народа. Вядома ўсім народам. Творы Н.м. ўзнікаюць на аснове маст. традыцый і адлюстроўваюць калектыўна выпрацаваныя эстэт. прынцыпы. Абагульняючы і зберагаючы вопыт многіх пакаленняў, Н.м. мае вял.эстэт., пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Муз. фальклор — аснова нац.муз. стылю, вызначальная крыніца прафес. кампазітарскай музыкі і канцэртнай творчасці прафес. і самадз.муз. калектываў. Вытокі нар.муз. мастацтва беларусаў у культуры стараж.усх.-слав. плямён: крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Вядучае месца ў бел.муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі вял.гіст. пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў.
Каляндарна-земляробчыя песні прадстаўлены на Беларусі жанрамі калядных песень і шчадроўскіх, масленічных песень, веснавых песень, валачобных песень, юраўскіх песень, купальскіх песень і пятроўскіх песень, жніўных песень, яравых і льняных, восеньскіх песень (да іх прымыкаюць зімовыя песні, веснавыя і летнія карагоды, гульнявыя песні і інш.), сямейна-абрадавыя — жанрамі радзінных песень, вясельных песень, галашэнняў (да іх далучаюцца калыханкі). Змест песень характарызуецца найперш прац. земляробчай тэматыкай, пераплеценай з тэматыкай побыту і даўніх язычніцкіх святкаванняў, з вобразамі навакольнай прыроды (часта персаніфікаванымі).
Вобразны лад песень вызначаецца маляўнічасцю (веснавыя, калядныя, вясельныя велічальныя) або элегічнасцю, псіхал. паглыбленасцю (восеньскія, вясельныя сіраце); паэт. абагульненасць спалучаецца ў іх з яркасцю быт. замалёвак (жніўныя). Вызначальная рыса песень каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена дакладнай абрадавасцю, а ў наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязана фарміраванне т. зв. напеваў групавога прымацавання — графічна сціслых, устойлівых меладычных формул, што характэрны пэўнаму жанру і абагульняюць некалькі тэкстаў (звычайна будуюцца на варыянтным паўтарэнні адной папеўкі). Пры вонкава скупых меладычных сродках яны маюць вял. выразную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанац. нюансаванню ў межах меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, інтанацыйна-адценневых, тэмбравых. Немалаважную ролю адыгрываюць і манера выканання (гл.Народныя спевакі), якая на працягу стагоддзяў склалася ў своеасаблівую школу галаснога спеву, і так званы «рытуальны шум» — розныя пастукванні, пабразгванні, прытанцоўванні, славесныя выкрыкі (калядныя і вясельныя песні).
Паводле характару мелодыкі напевы гэтых песень падзяляюцца на 2 тыпы. Першаму ўласцівы дэкламацыйнасць, вузкі ці сярэдні гукавы дыяпазон (тэрцыя, часта з захопам ніжняй кварты, кварта, квінта) і перыядычнасць рытмічнай структуры з акрэсленым, дакладна вытрыманым рытмічным малюнкам — рытмаформулай (калядныя, валачобныя, вясельныя, радзінныя, частка веснавых, юраўскіх, купальскіх і пятроўскіх песень). Другі тып пры дыяпазоне, звычайна не большым за квінту, вылучаецца меладычнай шырынёй з прычыны доўга працягнутых апорных гукаў ладу, унутрыскладовага распеву, гібкасці меладычнай лініі з выразнай мелізматыкай і імправіз. рытмікай (напевы жніўных. значнай часткі веснавых і восеньскіх, а таксама некат. часткі купальскіх, пятроўскіх і вясельных). У сваёй аснове песні аднагалосыя, пяюцца і ва унісонна-гетэрафоннай манеры Выконваюць іх пераважна жанчыны (выключэнне — валачобныя песні і частка калядных).
Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылявы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, што ўзніклі ў эпоху фарміравання бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сял. паўстанняў (16—18 ст.): мужчынская сац. лірыка і эпас (чумацкія песні, бурлацкія песні, казацкія песні, аб ваен. падзеях і важаках сял. паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія песні), а таксама песні бытавыя (гл.Бытавая музыка), жартоўныя песні, любоўна-лірычныя (гл.Песні пра каханне). Ад песень стараж. пласта яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання (іх спяваюць «абы калі»), прымацаваннем напеву да пэўнага тэксту і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэт. вобраза. Песні сял. вольніцы адметныя энергіяй, размахам, любоўна-лірычныя — багаццем псіхал. адценняў; існуюць у мностве хар. і сольных варыянтаў. Асн.муз.-выразную ролю адыгрывае ў іх уласна меладычны пачатак. Шырока распетыя мелодыі (найчасцей у сярэднім і вял. дыяпазоне) вызначаюцца ўнутр. інтанацыйнымі кантрастамі і ладавай пераменнасцю, разнастайнай рытмічнай структурай і развітой песеннай строфікай. З песнямі другога пласта (мужчынскімі і жаночымі) звязана і развітое шматгалосае спяванне (падгалосачна-поліфанічнае, найб. пашыраная форма — спяванне з падводкай). На некат. фалькл. жанры (рэв. гімны, салдацкія і рэкруцкія, бяседна-жартоўныя песні і інш.) паўплывала стылістыка бел.канта. У 19 ст. склаўся новы пласт бел. песнятворчасці, які ўключае батрацкія песні, адыходніцкія, рабочыя, рэв. і «літаратурныя» (на словы прафес. паэтаў) песні, а таксама прыпеўкі-частушкі. Найб. значную ролю адыгрывае рэв. песня ў разнастайных жанравых праявах, у т. л. песня, для якой характэрны сац. завостранасць, дынамічная напружанасць, знітаванасць з фалькл. спадчынай эпохі сял.-казацкіх антыфеад. паўстанняў, драм. маналог-заклік, песня-плакат, патэт. гімн, песня-памфлет, балада пра рэвалюцыянера. Іх стылістыка адзначана ўплывам сял. паўстанцкай лірыкі 16—18 ст., польскай рэв. песні гімнічнага складу (пашырылася з 1863—64), укр. і рус.дэмакр. бытавога раманса.
Песенная творчасць беларусаў адметная разнастайнасцю і багаццем мясц. традыцый. Яны выяўляюцца і ў перавазе пэўных песенных жанраў у пэўных этнагр. зонах (напр., валачобных у паўн., калядных у паўд., гульнявых песень і карагодаў ва ўсх. раёнах) і ў мясц. стылявой афарбоўцы агульнапашыраных жанраў, і ва ўласна меладычных асаблівасцях напеваў. Найб. прыкметныя адрозненні паміж песенным фальклорам паўн. і паўд.этнагр. зон. Меладычны стыль песень паўн. зоны (Паазер’е) вызначаецца лапідарнасцю, тэматычнай сціпласцю, перавагай адзіночнага спявання, а таксама хар. антыфоннага выканання. Паўд. раёнам (Палессе) уласцівы песні больш распеўнага характару, з багата арнаментаванай мелодыкай, спяванне гетэрафоннае і падгалосачнае з падводкай. У сав. час развіццё песеннага фальклору характарызавалася шматграннасцю форм, перапляценнем традыцыі і наватворчасці. Большасць новых песень мае светлы характар, падкрэслены спружыністым танц. ці маршава-гімнічным рытмам, яркасцю кульмінацый («Як крыніца цячэ», «Узышоў свецел месячык», «Вішанька»), У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. гурткі, арганізаваныя Бел. сялянска-рабочай грамадой і Т-вам бел. школы, прапагандавалі бел.традыц. сялянскі фальклор. З разгортваннем сац. і нац.-вызв. руху ствараліся новыя патрыят. і рэв. песні на перапрацаваныя вершы Я.Купалы («За свабоду сваю», «Гэта крык, што жыве Беларусь»), Я.Коласа («Нёман»), К.Буйло («Люблю наш край») і інш. Інтанацыйныя вытокі значнай іх часткі — у меласе міжнар.рэв. песеннай класікі. У Вял.Айч. вайну нарадзіўся багаты і спецыфічны пласт сучаснага бел. фальклору — партызанскія песні. Іх стылістыка побач са стылістыкай песень 1930-х г. моцна паўплывала на развіццё пасляваен бел.нар. песнятворчасці. Асяродкамі ўзнікнення новых патрыят. песень сталі самадз. харавыя калектывы. Многія песні створаны індывід. аўтарамі (П. і А. Шыдлоўскія, Т.Лапаціна, З.Лапаціна-Пацеенка, Р.Галавасцікаў, П.Шаўко, П.Касач, І.Мацін), а потым дапрацоўваліся, шліфаваліся ў калектывах, набліжаючыся да ўзораў безыменнай нар. творчасці.
Стылістыка сучасных напеваў абумоўлена разнастайнасцю пакладзеных у іх аснову песенных жанраў, ад стараж. хаўтурных галашэнняў (яны набылі новае асэнсаванне ў Вял.Айч. вайну і пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) да святочных велічанняў і лірычных гімнаў.
Інстр. музыка беларусаў характарызуецца багаццем жанраў, што абумоўлена разнастайнасцю яе жыццёва-сац. функцый. У нар. практыцы выкарыстоўваюць розныя тыпы музычных інструментаў. Найб.стараж. пласт — сігнальная музыка (рытмізаваныя меладычныя звароты на адным гуку ці на паслядоўнасці некалькіх гукаў натуральнага гукарада), звязаная з магічнымі абрадамі, пастухоўскім, паляўнічым і ваен. побытам. Аснова рэпертуару нар. інструменталістаў — песенныя і танц. найгрышы, вясельныя маршы. Зафіксаваны інстр. імправізацыі (паводле нар. тэрміналогіі — музыка іграе «сам па сабе»), генетычна звязаныя з песняй і танцам, а таксама п’есы, якія можна аднесці да праграмных, — гукапераймальныя («Пад салаўя», «На птушыным двары») і ілюстрацыйныя (выканаўца ілюструе расказ па ходу дзеяння; пашыраны сюжэт «Цялушачка»), Нар.інстр. выканальніцтва бытуе ў сольнай і ансамблевай формах (гл.Музыка, Народныя музыканты, Народныя інструментальныя ансамблі). У сольным выкананні песенных найгрышаў інстр. версіі песень хар. традыцыі вельмі блізкія да першакрыніцы, а тыя, што вар’іруюць адзіночныя песні (жніўныя, некат. восеньскія, уласна лірычныя), вылучаюцца больш актыўным развіццём. Імправізацыйны пачатак і фантазія музыкі найб. яскрава выяўляюцца пры сольным выкананні танц. мелодый. Ансамблевая іх трактоўка адрозніваецца пэўнай рэгламентаванасцю і спрошчанасцю выкладання.
Літ.:
Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Яго ж. Ритмические основы белорусской народной музыки. Мн., 1966;
Яго ж. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976;
Мухаринская Л.С. Белорусская народная партизанская песня, 1941—1945. Мн., 1968;
Яе ж. Белорусская народная песня: Ист. развитие. Мн., 1977;
Мажэйка З. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;
Яе ж. Календарнопесенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993;
Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;
М а жэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;
Прывалаў Н. Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928;
Назіна І.Дз. Беларуская народная інструментальная музыка. Мн., 1989;
Благовещенский И.П. К истории белорусской народной инструментальной музыки // Благовещенский И.П. Некоторые вопросы музыкального искусства. Мн., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыродырэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НА-АСІРЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
культура народаў, што насялялі ў 4−1-м тыс. да н.э. Месапатамію (Двухрэчча Тыгра і Еўфрата, тэр. сучаснага Ірака) і стварылі буйныя дзяржавы — Шумер, Акад, Вавілонію і Асірыю.
Матэрыяльная культура Месапатаміі мела дастаткова высокі ўзровень. З 3-га тыс. да н.э. тут вядомы ліццё і коўка металаў, чаканка і філігрань. У ваен. тэхніцы выкарыстоўваліся калясніцы (пач. 2-га тыс.), панцыры з медных пласцінак (сярэдзіна 2-га тыс.), мячы, каменныя і наплаўныя масты і інш. У 7 ст. да н.э. ў Асірыі пабудаваны першы каменны акведук. Для практычнага гасп. выкарыстання распрацоўваліся сістэмы мер, метады вызначэння плошчаў і аб’ёмаў, што садзейнічала развіццю шумера-вавілонскай матэматыкі. Вавілонскія матэматыкі карысталіся шасцідзесяцярычнай сістэмай лічэння. На яе аснове былі створаны табліцы дзялення і множання лікаў, квадратаў і кубаў лікаў і іх квадратных і кубічных каранёў; маглі рашаць квадратныя ўраўненні, карысталіся правілам, якое зараз наз.Піфагора тэарэмай. Хімія ў вавіланян мела выключна дастасавальны характар: захаваліся рэцэпты вырабу бронзы, прыгатавання шматколернай палівы для керамікі. У сувязі з мараплаваннем развівалася астраномія. Вавілонскія астраномы адрознівалі планеты і зоркі. Кожная планета (акрамя Меркурыя) мела сваю назву, праводзіліся назіранні планет, быў адкрыты сарас — прамежак часу, праз які сонечныя і месяцавыя зацьменні паўтараюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Адносна высокі ўзровень дасягнуты і ў медыцыне: сістэматызацыя захворванняў і лекавых сродкаў, анатамічныя апісанні асобных частак цела чалавека, хірургічныя аперацыі (ампутацыя, зрошчванне касцей і інш.).
Зачаткам гісторыі як навукі ў Вавілоне лічыцца «Спіс цароў», дзе выкладзены гіст. падзеі ад моманту, «калі царственнасць спусцілася з неба», і да больш позніх цароў. Спіс складзены каля 2100 да н.э. для абгрунтавання абсалютнасці царскай улады. Вяліся таксама спісы найб. прыкметных падзей, рабілася датаванне. Быў звычай закладваць у фундамент будынкаў для будучых пакаленняў царскія надпісы з апісаннем дзеянняў цароў. З сярэдзіны 8 ст. да н.э. вёўся рэгулярны летапіс. Да першых прац навук. характару адносяцца спісы знакаў пісьма (напачатку малюнкавых, потым клінапісных) і пераліку тэрмінаў, запісаных з дапамогай такіх знакаў. Упершыню яны былі складзены каля 3000 да н.э.
Міфы, што дайшлі да нас, адлюстроўваюць уяўленні народаў, якія займаліся ірыгацыйным земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Паводле міфаў, свет створаны або багіняй-маці, або (у позніх міфах) мужчынскім бажаством (Энліль, Мардук); унутры зямлі знаходзіцца змрочны горад мёртвых. Вавілонскі міф 2-га тыс. да н.э. апавядае пра барацьбу старэйшых багоў (іх узначальвае пачвара — багіня Тыямат — «Мора») з малодшымі (на чале з богам Мардукам). Прыкметнае месца займае міф пра патоп і адзінага чалавека, які выратаваўся, — мудрага Зіусудру (шумерскае; акадскае — Утнапішты). Канкрэтныя рысы міфу надалі параўнаўча частыя ў Двухрэччы разбуральныя навадненні. Цыкл міфаў г. Урук звязаны з імёнамі герояў Энмеркара, Лугальбанды і Гільгамеша. Да нашага часу дайшлі пераважна запісы афіц. версій міфаў, прасякнутыя ідэяй чалавечага бяссілля перад багамі.
Рэлігіястараж. плямён Двухрэчча прайшла складаную эвалюцыю ад першасных культаў — фетышызму, татэмізму, анімізму праз політэізм да фарміравання монатэізму. У вераваннях шумера-акадскіх плямён спачатку пераважалі абшчынныя культы. З утварэннем рабаўладальніцкай Акадскай дзяржавы ўзніклі культы агульнадзярж. багоў Ана, Энліля і Энкі. З ператварэннем Вавілона ў цэнтр дзяржавы гал. богам стаў Мардук. У Асірыі быў пашыраны той жа пантэон багоў, дапоўнены асобнымі мясц. божаствамі, сярод якіх вярхоўным лічыўся Ашур — заступнік аднайм. горада Асірыі. Вавілона-асірыйская рэлігія ўключала таксама земляробскія культы, у прыватнасці культ бога Думузі (Тамуза), які памірае і ўваскрасае; у ёй былі пашыраны дэманалогія, магія, астральныя культы і да т.п. З вавілона-асірыйскай рэлігіі многае запазычылі наступныя рэлігіі, у прыватнасці іудаізм і хрысціянства.
Літаратура народаў Двухрэчча ў 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. была вусная. Верагодна, менавіта ў гэты час узнікла частка шумерскіх эпічных песень пра герояў г. Урук — Энмеркара, Лугальбанду і Гільгамеша, якія дайшлі ў запісах 19—18 ст. да н.э., а таксама пра багіню Інін. 24—21 ст. да н.э. — перыяд росквіту гіст.-гераічнага эпасу на шумерскай і акадскай мовах пра дзейнасць і ваен. паходы цароў Саргана і Нарамсіна. Да 22 ст. да н.э. можна аднесці ўзнікненне акадскай эпічнай паэмы пра Гільгамеша, у якой з вял.маст. сілай расказваецца пра трагічны чалавечы лёс і пошукі бессмяротнасці. Да канца 3-га тыс. да н.э., відаць, адносяцца асн. вядомыя шумерскія літ. тэксты — афарыстычныя павучанні, пакаянныя псалмы, літургічныя «плачы», пахавальныя элегіі і інш. Класічная акадская (вавілонская) л-ра 16—12 ст. да н.э. складаецца з вял. касмаганічнага эпасу з 7 песень, у якіх апісваецца стварэнне свету з хаосу, а таксама барацьба старэйшага і малодшага пакаленняў багоў. Вял. колькасць акадскіх і частка шумерскіх тэкстаў, што дайшлі да нашага часу, захоўваліся ў Ніневійскай бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала. Арыгінальныя літ. помнікі ў Асірыі амаль не ствараліся. Самаст. жанрам асірыйскай л-ры лічацца царскія аналы, напісаныя рытмічнай прозай, у якіх намаляваны яскравыя карціны ваен. паходаў і бітваў. Помнікі старой вавілонскай, а часткова і шумерскай, пераважна культавай, л-ры перапісваліся да I ст. да н.э. на жывой арамейскай мове. Амаль уся л-ра народаў стараж. Двухрэчча — вершаваная.
У маст. культуры стараж, свету важнае месца займаюць пластычныя мастацтвы плямён і народаў Месапатаміі 4—1-га тыс. да н.э. Тут складваліся і развіваліся многія формы архітэктуры, скульптуры і інш. формы ўвасаблення ў мастацтве чалавека і навакольнага свету, характэрныя для наступных эпох. Мастацтва 5—4-га тыс. да н.э. — гэта культавыя пасудзіны з гліны, расфарбаваныя геам. узорам і стылізаванымі выявамі птушак, звяроў і людзей, статуэткі з гліны. З сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. тут з’явіўся ганчарны круг, развівалася буд-ва храмаў, сцены якіх часам аздабляліся геям. Мазаічнымі ўзорамі. У канцы 4 — пач. 3-га тыс. да н.э. развівалася круглая скульптура, дасягнула росквіту мастацтва гліптыкі. У эпоху ўзвышэння Шумера вызначальную ролю адыгрывала храмавая архітэктура, развіваўся тып шматступеньчатай вежы (зікурата) з «жыллём Бога» наверсе (зікурат у г. Ур, 22—21 ст. да н.э.). Дробная пластыка Шумера з каменю і бронзы вызначалася схематычнасцю, выявы на рэльефах былі плоскасныя і статычныя (т.зв. штандар з г. Ур — мазаіка з ракавін і лазурыту з батальнымі сцэнамі, каля 2600 да н.э.). Выдатныя залатыя прадметы з «царскіх» грабніц — арнаментаваны шлем, дыядэма і кінжал з ножнамі філіграннай работы і інш. Нешматлікія помнікі перыяду аб’яднання Месапатаміі пад уладай дынастыі Акада (24—22 ст. да н.э.) сведчаць пра ўзмацненне культу ўладара. Пры захаванні ўмоўных прыёмаў у рэльефах заўважаюцца памкненні да большай свабоды кампазіцыі, аб’ёмнасці фігур, увасаблення прыроды (стэла ў гонар перамогі Нарамсіна з батальнымі сцэнамі, статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш). Дасканаласці дасягнула тэхніка маст. апрацоўкі бронзы — ліццё, чаканка, гравіроўка. У аб’яднанай дзяржаве III дынастыі Ура (канец 22—21 ст. да н.э.) ва ўмовах жрэцкага бюракратычнага рэжыму ў маст. майстэрнях ствараліся гал. чынам рэльефы з кананічнымі сцэнамі пакланення божаствам. З 18 ст. да н.э. (перыяд узвышэння Вавілона) захавалася мала помнікаў: дыярытавая стэла з рэльефнымі выявамі і выкладаннем законаў цара Хамурапі; размалёўкі палаца ў Мары з культавымі сцэнамі і выявамі багоў і інш. Новы этап у развіцці мастацтва Месапатаміі звязаны з узвышэннем Асірыі. На мастацтва Асірыі (складвалася ў 2-м тыс. да н.э.) паўплывала культура стараж. плямён хурытаў, хетаў, дзяржавы Акад; развіваліся архітэктура, манум дэкар. і прыкладное мастацтва. Цэнтрамі рэгулярных па планіроўцы гарадоў сталі палацы-крэпасці са шматлікімі памяшканнямі вакол адкрытых двароў; парадныя арачныя парталы ўпрыгожваліся паабапал гарэльефамі ў выглядзе крылатых чалавека-быкоў «шэду». Сярод найб. значных комплексаў — палац Саргана II у Дур-Шарукіне (сучасны г. Харсабад) з храмамі, у т. л. свяцілішча з вежай-зікуратам. Для пластыкі Асірыі характэрны манум. рэльефы (часам фарбаваныя) з фрызавымі кампазіцыямі. Гіпертрафіраваная трактоўка мускулатуры і прапорцый чалавечага цела ў рэльефах 9 — пач. 8 ст. да н.э. (палац Ашурнасірпала II у Кальху) змянілася ў 2-й пал. 8 — пач. 7 ст. да н.э. рэльефамі больш свабоднай кампазіцыі апавядальнага характару (палац Сінахерыба ў Ніневіі). Рэльефы 7 ст. да н.э. вылучаюцца жыццёвай выразнасцю вобразаў, дынамізмам (сцэны палявання на львоў у палацы Ашурбаніпала ў Ніневіі). Нешматлікім помнікам круглай скульптуры (каменныя статуі цароў) уласцівы строгая кананічнасць, манументальнасць, арнаментальна-дэкар. трактоўка валасоў, адзення, атрыбутаў (статуі Ашурнасірпала II, Саламанасара III з Ашура). Пра жывапіс Асірыі можна меркаваць па фрагментах фрэсак з палаца ў Тыль-Барсібе («Два асірыйскія саноўнікі», «Паляванне на льва» і інш., 9—8 ст. да н.э.). Развіваліся таксама маст. ткацтва, разьба па косці і дрэве, апрацоўка металу. Пасля падзення Асірыі (канец 7 ст. да н.э.) мастацтва Вавілона зноў перажыло кароткачасовы росквіт (7—6 ст. да н.э., т.зв. новававілонскі перыяд), створаны цудоўны ансамбль г.Вавілон. Пасля заваявання Вавілона дзяржавай Ахеменідаў (539 да н.э.) і яго ўключэння ў дзяржаву Селеўкідаў (канец 4 ст. да н.э.) вавілонская культура зазнала ўплыў персідскага, а пазней і эліністычнага мастацтва.
Літ.:
Очерки по истории техники Древнего Востока. М.; Л., 1940;
Вайман А.А. Шумеро-вавилонская математика III — І тыс. до н.э.М., 1961;
Нейгебауер О. Точные науки в древности: Пер. с англ.М., 1968;
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Клочков И.С. Духовная культура Вавилонии: человек, судьба, время: Очерки. М., 1983;
Дандамаев М.А. Вавилонские писцы. М., 1983;
Матвеев К., Сазонов А. Земля Древнего Двуречья: (Мифы, легенды, находки и открытия). М., 1986;
Козырева Н.В. Древняя Ларса: Очерки хоз. деятельности. М., 1988;
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Зікурат у г. Ур. 22—21 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя саноўніка Эбіх-іля з Мары. Фрагмент. Сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Статуя правіцеля Гудэа з г. Лагаш. 22 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Саргана II у Дур-Шарукіне. 8 ст. да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Так званы штандар з г. Ур. Фрагмент. Каля 2600 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Рэльеф з палаца Ашурнасірпала II у Кальху. 883—859 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. «Шэду» з палаца цара Саргана II у Дур-Шарукіне. 712—707 да н.э.Да арт. Вавілона-асірыйская культура. Шлем з г. Ур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),
Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА БЕЛАРУ́СКАЯ,
частка бел. народа, якая жыве па-за межамі Беларусі. У канцы 19 ст. — 1980-я г. ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі бел. нацыі. У пач. 1990-х г. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў.
У розных гіст. умовах перасяленне насельніцтва з бел. зямель у інш. рэгіёны было выклікана эканам., паліт., ваен., рэліг. і інш. прычынамі. Ранняя эміграцыя найчасцей праяўлялася ў форме ўцёкаў з ВКЛ пакрыўджаных ці незадаволеных яго палітыкай прадстаўнікоў пануючага саслоўя. Для натуральнай эміграцыі з бел. зямель былі і прававыя падставы. Так, паводле прывілея 1447 Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529) князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваен. майстэрству. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 пацвердзілі права вольных людзей розных саслоўяў на лячэнне, набыццё адукацыі, навучанне рамяству за мяжой. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Ф.Скарына, П.Мсціславец, Сімяон Полацкі, І.Капіевіч і інш.). У 15—16 ст. дзесяткі маладых людзей з бел. зямель ВКЛ вучыліся ў еўрап. ун-тах. Значны рост перасяленняў на У у канцы 16—17 ст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нац.-рэліг. ўціску ў Рэчы Паспалітай. У 17—18 ст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі ў глыб імперыі перасяляліся ваеннапалонныя і нямала цывільных жыхароў з бел. зямель. Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гасп. асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія дзярж. і ваен. пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культ. жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з бел. зямель і іх нашчадкі былі пачынальнікамі геагр. і этнагр. вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыуралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А.Каменскі, Л.Сеніцкі і інш.). У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і інш. гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац, Новадзявочы, Данскі і Нова-Іерусалімскі (на Істры) манастыры. Яны прынеслі ў Рус. дзяржаву новыя рамёствы, свой адметны стыль, матывы і тэхніку скульпт. разьбы па дрэве («беларуская рэзь»), вырабу шматколернай кафлі. Падзелы Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 і развіццё ў канцы 18—19 ст.нац.-вызв. руху на Беларусі вызначылі паліт. прычыны эміграцыі, асабліва пасля паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64. Некаторыя з іх уключыліся ў рэв. і вызв. рух у Еўропе і Амерыцы (Т.Касцюшка, В.Урублеўскі, М.Судзілоўскі, З.Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і бел. спадчыну (І.Дамейка, Г.Дмахоўскі, Н.Орда, А.Рыпінскі, К.Ельскі і інш.). Паводле перапісу 1897, у Рас. імперыі за межамі губерняў пераважна з бел. насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывала каля 500 тыс. беларусаў. Даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый народаў Сібіры, Д. Усходу, Казахстана сталі сасланыя І.Чэрскі, Э.Пякарскі, А.Янушкевіч, Б.Дыбоўскі, В.Кавалеўскі. Узбагачэнню рус. прыродазнаўчай навукі спрыяла творчая спадчына вучоных — выхадцаў з Беларусі В.Ермакова, У.Брайцава, А.Садоўскага, Ж.Урублеўскага, У.Урублеўскага, У.Кавалеўскага, А.Кавалеўскага.
Першая хваля масавай працоўнай міграцыі бел. насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Рас. імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы 19—20 ст. Да 1-й сусв. вайны па эканам. прычынах толькі ў Сібір з Беларусі перасялілася (пераважна сяляне) больш за 700 тыс., за межы Расіі — 500—800 тыс.чал. (пераважна ў ЗША, Канаду, Бразілію, Аргенціну, краіны Зах. Еўропы). Па-за этн. межамі ўзніклі першая асв.арг-цыя «Крывіцкі вязок» (1868), першая самастойная паліт.арг-цыябел. інтэлігенцыі «Гоман» (1884, абедзве ў Пецярбургу), «Беларускае студэнцкае зямляцтва» ў Варшаве (1908—1914), Беларускі навук.-літ. гурток у Санкт-Пецярбургу (1912—14). У 1914 зарэгістравана першае супольнае Т-ва беларусаў і маларосаў (ЗША, штат Мічыган). У многіх рус. асяродках ЗША і Канады беларусы складалі значную ці нават большую частку, былі заснавальнікамі многіх правасл. цэркваў, прыходаў, удзельнікамі грамадска-культ. жыцця.
1-я сусв. вайна 1914—18, Лют. і Кастр. рэвалюцыі 1917, герм. і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток бел. насельніцтва на У Расіі (246 тыс. бежанцаў і эвакуіраваных пасля не вярнуліся на радзіму), вываз ваеннапалонных у Германію, выезд больш за 120 тыс.чал. у Літву, Латвію, Эстонію, Чэхаславакію, Турцыю і інш. краіны. За мяжой з’явілася першая арганізаваная паліт. эміграцыя (урад і вайск. фарміраванні БНР, кіраўніцтва партыі бел. эсэраў і інш.). Працоўная (сялянская) эміграцыя звязана з выездам у Амерыку і Еўропу (каля 180—250 тыс. жыхароў Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы). Найбольшай актыўнасцю і нац.-культ. дзейнасцю ў міжваенны перыяд. вызначалася Д.б. ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Аргенціне (існавалі т-вы, нац. друк, асвета). З БССР у 1926—38 у інш. рэгіёны СССР перасялілася больш за 600 тыс.чал. (планавы набор рабочай сілы, дэпартацыі, паліт. рэпрэсіі і інш.). Рассеяныя па абшарах дзяржавы беларусы стварылі дзесяткі грамадскіх, культурна-асветных арг-цый, якія ў 1930-я г. спынілі сваю дзейнасць. У выніку 2-й сусв. вайны амаль 1,5 млн. беларусаў эвакуіравалася на У і толькі трэцяя частка з іх вярнулася ў БССР; у ліку сав. ваеннапалонных за мяжой апынулася шмат беларусаў, каля 400 тыс. вывезена ў Германію (240 тыс. з іх не вярнуліся). Да сак. 1946 у СССР рэпатрыіравана 520 тыс. беларусаў. Аснову Д.б. склалі таксама члены бел. арг-цый, устаноў, вайск. фарміраванняў на акупіраванай тэр., якія выехалі на Захад. Пасля вайны Д.б. за межамі СССР папаўнялася нязначна. Рэгулярны прыток беларусаў і выхадцаў з Беларусі ў зах. краіны пачаўся ў 1980-х г. У 1988—90 з БССР эмігрыравала больш за 52 тыс.чал. У 1991—95 за межы Рэспублікі Беларусь выехала каля 55 тыс.чал.: у Ізраіль (50%), ЗША (32%), Германію, Аўстралію, Польшчу, Канаду. Па неафіц. звестках у 1995 каля 500 тыс. беларусаў пражывала ў ЗША, каля 100 тыс. у Канадзе, дзесяткі тысяч у Аргенціне, Бразіліі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Вялікабрытаніі і Аўстраліі Прыкладна 250—400 тыс. беларусаў Беласточчыны апынуліся ў Польшчы пасля вызначэння пасляваен. дзярж. граніц. Пасля распаду СССР на абшарах новых незалежных дзяржаў апынулася больш за 2 млн. беларусаў. У 1992—95 Беларусь прыняла з новых незалежных дзяржаў 287 тыс. асоб, з якіх амаль 150 тыс. беларусаў. На постсавецкай прасторы цяпер сканцэнтравана пераважная большасць усіх замежных беларусаў. На 1996 у Расіі іх больш за 1 млн. 100 тыс.чал., на Украіне больш за 400 тыс., у Казахстане — 170 тыс., Латвіі — амаль 100 тыс., Літве — 50 тыс., Эстоніі — 25 тыс. За межамі Рэспублікі Беларусь частка беларусаў пражывае на этнічных землях, якія ў 1920—40 адышлі да інш. дзяржаў. Духоўнай асновай нац. самавызначэння, праявай самабытнасці, адметнасці сталі створаныя беларусамі ў замежжы грамадскія, паліт., асв.-культ., навук., рэліг. арг-цыі, суполкі мастакоў, нац. друк і асвета, культ. цэнтры, музеі і архівы, маст. калектывы, пабудаваныя храмы. За мяжой дзейнічаюць Бел. аўтакефальная правасл. царква, Бел.правасл. царква ў юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярха, Бел. каталіцкія (уніяцкія) місіі ў Чыкага, Лондане, Парыжы. Царк.-рэліг. жыццё на нац. аснове складваецца і на постсавецкім абшары (Масква, Санкт-Пецярбург, Рыга). Захаванню нац. свядомасці, пашырэнню звестак пра беларусаў спрыяюць Бел.-амер. задзіночанне, Бел.нац. аб’яднанне, Бел. кангрэсовы камітэт, Бел.-амер. рада ў Чыкага (усе ў ЗША), Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, Згуртаванне беларусаў Канады, Федэрацыя бел. арг-цый у Аўстраліі, Бел. хаўрус у Францыі, жаночыя, маладзёжныя і інш. арг-цыі; правядзенне традыц. сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (з 1952 адбыліся 22 сустрэчы), Аўстраліі (з 1976—12 сустрэч); перыяд. друк, у т. л. штомесячная газета «Беларус» (у ЗША ў 1980-я г. выходзіла 15 выданняў на бел. мове). Нац.-культ., сац.-паліт. інтарэсы беларусаў Польшчы выражаюць паліт. партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, Бел. аб’яднанне студэнтаў і інш. т-вы, згуртаваныя ў Раду бел. арг-цый і Бел. Саюз, Бел. грамадска-культ.т-ва, газета «Ніва» і інш. З канца 1980-х г. пачаўся працэс нац.-культ. гуртавання беларусаў СССР. Пра дынаміку іх арганізац. аб’яднання на постсавецкай прасторы сведчыць грамадская культ.-асв. дзейнасць у 1997 больш за 80 бел. суполак, т-ваў, згуртаванняў, цэнтраў у Расіі, на Украіне, у Малдове, Латвіі, Літве, Эстоніі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане. Цэнтры навук.-культ. жыцця Д.б.: Беларускі ін-т навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, Англа-бел. т-ва, Б-ка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, філіял Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Бел.гіст.т-ва ў Беластоку (Польшча), Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фундацыя імя П.Крачэўскага (ЗША) і інш. Асяроддзе замежных беларусаў вылучыла вядомых людзей у розных галінах навукі, літаратуры і мастацтва. Парт.-дзярж. колы БССР і СССР у адносінах да Д.б. вялі палітыку яе непрызнання, ізаляцыі паліт. эміграцыі ад Бацькаўшчыны, расколу яе па ідэалаг. адзнаках. Створанае Бел.т-ва па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964, з 1976 — Бел.т-ва «Радзіма») трымала сувязь толькі з арг-цыямі, якія лаяльна ставіліся да сацыяліст. ладу. Недаацэньваліся нац.-культ. патрэбы суродзічаў у іншаэтнічных раёнах СССР. З пачаткам працэсаў дэмакратызацыі, нац. адраджэння, паліт. і эканам. рэформ узніклі ўмовы для пераасэнсавання ролі Д.б. З канца 1980-х г. новыя грамадскія рухі на Беларусі сталі ініцыятарамі ўсталявання з ёй сталых зносін. Істотныя змены ў адносінах Д.б., у т. л. і на дзярж. узроўні, пачаліся, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Дзейнічае згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (з 1990), падтрымку ўрада атрымалі яго ініцыятывы агульнанац. маштабу — Першы сход беларусаў блізкага замежжа (снеж. 1992), Першы з’езд беларусаў свету (ліп. 1993). У ліп. 1997 адбыўся Другі з’езд беларусаў свету. Вырашэнню праблем Д.б. спрыялі прыняцце Закона аб грамадзянстве (1991), Закона аб парадку выезду і ўезду (1993), уключэнне ў шэраг падпісаных Рэспублікай Беларусь міжнар. дагавораў (з Расіяй, Польшчай, Украінай, Кыргызстанам, Казахстанам і інш.) артыкулаў аб магчымасці свабоднага выяўлення, захавання і развіцця суайчыннікамі этнічнай, культ., моўнай, рэліг. самабытнасці, прыняцце дзярж. праграмы «Беларусы ў свеце». Гл. таксама Эміграцыя.
Літ.:
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (Вторая половина XIX в.). Мн., 1978;
Грыцкевіч В.П. Нашы славутыя землякі. Мн., 1984;
Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;
Сачанка Б.І. Беларуская эміграцыя. 2 выд.Мн., 1991;
Скарыніч. Вып. 1—3. Мн., 1991—97;
Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992;
Кіпель В. Беларусы ў ЗША Мн., 1993;
Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мн., 1993;
Культура беларускага замежжа Кн. 1—3. Мн., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),
трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн.км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс.км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн.км² (у т. л. суша 149,1 млн.км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн.км², або 70,8%), аб’ём 1083∙1012км³, маса 5976∙1021кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс.км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс.км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙1011 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд.км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.
Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля 2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля 1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр.атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,151015т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б.ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш 1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс.км і 22 тыс.км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).
Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙1012т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).
Літ.:
Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.
В.П.Якушка.
Да арт.Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.Да арт.Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.Да арт.Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,
галіна бел.літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.
Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв.нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.
Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).
Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).
К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».
Літ.:
Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІЦЫ́ЗМ (ад лац. classicus узорны),
мастацкі стыль і эстэт. кірунак у еўрап. л-ры і мастацтве 17 — пач. 19 ст., адметнай рысай якіх быў зварот да вобразаў і форм антычнай л-ры і мастацтва як да эстэт. эталона.
У літаратуры сфарміраваўся на мяжы 16—17 ст. як вынік крызісу рэнесансавай свядомасці і спроба знайсці з яго пазітыўны выхад. Абапіраўся на прымат розуму і нязменнасць ідэалу прыгажосці. Полем маст. пошуку і даследавання К. зрабіў чалавечую душу і свядомасць. Унутраны свет чалавека падаваўся буйным планам і часта ў адрыве ад знешняга свету (асабліва ў трагедыі). К. імкнуўся стварыць узорны вобраз, пазачасавае ўвасабленне таго ці інш. характару, таму звяртаўся да матываў і сюжэтаў, апрабаваных часам, найперш да антычных. Грунтуючыся на законе гармоніі, К. падпарадкоўваў твор яснай і дакладнай логіцы, яскравай ідэі; адсюль патрабаванне ў драматургіі выканання правіл трох адзінстваў, якія давалі магчымасць сціснуць час, прастору і дзеянне, сканцэнтраваць увагу на свеце чалавечай свядомасці, стварыць стройны і адмысловы твор. Эстэтыка К. ўстанаўлівала строгую іерархію жанраў: «высокія» — трагедыя (вядучы жанр), эпапея, ода і «нізкія» — камедыя, сатыра, байка. Не дапускалася змяшэння высокага і нізкага, трагічнага і камічнага, гераічнага і паўсядзённага. Мове класіцыстаў уласціва яснасць, празрыстасць, афарыстычнасць. К. адлюстроўваў не рэальныя рэчы, а іх унутраную логіку, заканамернасць. Найб. поўна праявіўся ў 17 ст. ў Францыі (оды Ф.Малерба, трагедыі П.Карнеля, Ж.Расіна, камедыі Мальера, проза М.М.Лафает; тэарэтыкі — Ж.Шаплен, Г. дэ Бальзак, Н.Буало; у Германіі — у тэарэт. працах і ў паэзіі М.Опіца (у злучэнні з барока), у Англіі — у творчасці Б.Джонсана, У.Конгрыва, часткова — Дж.Мільтана. На новай ступені развіваўся ў 18 ст. (т. зв. асветніцкі К.), часцей за ўсё ў перапляценні з барока, ракако, сентыменталізмам. Найб. яскрава прадстаўлены ў паэзіі А.Поўпа (Англія), драматургіі Вальтэра (Францыя), тэарэт. працах і драматургіі І.К.Готшэда (Германія), В.Альф’еры (Італія). К. эпохі Асветніцтва пазбаўлены жорсткай жанравай і тэматычнай рэгламентацыі (узнікае мяшчанская драма і трагедыя) і стварае непаўторныя нац. і індывід. варыянты. Буйнейшыя тэарэтыкі — Д.Дзідро, Г.Э.Лесінг, а таксама І.І.Вінкельман, пад уплывам якога склаўся «веймарскі К.» (творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера веймарскага перыяду — 1780—90-я г.), эстэт. праграма якога абапіралася на канцэпцыю антычнасці Вінкельмана і эстэтыку І.Канта і зыходзіла з разумення, што дасягнуць сапраўднай свабоды можна толькі праз выхаванне прыгажосцю. Для «веймарскага К.» характэрны жанравая і стылёвая поліфанічнасць, імкненне да гармоніі дасканалай формы і глыбокага зместу, індывідуалізацыі і шырокага філас. абагульнення, пастаноўка глабальных праблем гісторыі, культуры, цывілізацыі (найб. поўнае ўвасабленне — «Фауст» Гётэ). Ва Усх. Еўропе К. выявіўся пераважна ў эпоху Асветніцтва. Сярод прадстаўнікоў К. ў Расіі пісьменнікі А.Кантэмір, В.Традзьякоўскі, М.Ламаносаў, А.Сумарокаў, Г.Дзяржавін, Дз.Фанвізін і інш.
На Беларусі, у Польшчы і Літве тэндэнцыі К. прыкметныя з 17 ст. На лац. паэзію і ант. эстэтыку як на ўзоры арыентаваўся М.Сарбеўскі (трактаты «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер», «Пра вартасці і недахопы элегіі, або Авідзій» і інш.). Спалучэнне стыляў рэнесансу, барока і К. відавочнае ў творах Сімяона Полацкага. Асн. рысы К. ў бел. л-ры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. — абагульненасць вобразаў, перавага рацыянальнага над эмацыянальным, культ антычнасці, імкненне да гармоніі — выявіліся ў творчасці пісьменнікаў, якія пісалі на польск. (А.Нарушэвіч, Ю.Нямцэвіч, Ф.Багамолец, С.Богуш-Сестранцэвіч), рус. (І.Сакольскі, І.Галянеўскі, І.Яленскі) і лац. (М.Карыцкі) мовах. Для «высокіх» жанраў лічыліся прыдатнымі «высокія» (польск., рус., лац. або стараслав.) мовы. Бел. прастамоўе дапускалася толькі для «нізкіх» жанраў. Гэтым нарматыўная эстэтыка К. стрымлівала развіццё беларускамоўнай л-ры. Трагедыі «Свабода ў няволі» К.Марашэўскага, «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча, прысвечаныя «ўзвышаным» тэмам з ант. гісторыі, напісаны па-польску. У «нізкую» камедыю («Доктар па прымусу» Цяцерскага, «Камедыя» Марашэўскага) уводзілася бел. мова. У гэтых творах захавана адзінства часу, месца, дзеяння, што адпавядала патрабаванням К. Эстэтыка К. паўплывала на бел. пісьменнікаў 19 ст.: Я.Чачота (філамацкія вершы), Я.Баршчэўскага («Рабункі мужыкоў», «Гарэліца»), В.Дуніна-Марцінкевіча («Ідылія», «Залёты»), у якіх класіцысцкія рысы спалучаліся з элементамі сентыменталізму, рамантызму і рэалізму.
У архітэктуры і мастацтве, 1) у шырокім сэнсе — кірунак, які грунтуецца на ўвасабленні традыцый ант. мастацтва: каралінгскі рэнесанс, атонаўскі рэнесанс, італьян. протарэнесанс, Адраджэнне, барочны К. (паладыянізм), неакласіцызм.
2) Стыль у еўрап. мастацтве 17—1-й пал. 19 ст. К. ўласцівы кананізацыя ант. класікі як дасканалага ўзору для наследавання, нарматыўнасць эстэт. крытэрыяў, ідэалізацыя і абстрактнасць вобразнага абагульнення (тыпізацыя) без усебаковага выяўлення непаўторна-асаблівага (індывідуалізацыі), дынамікі і жыццёвай зменлівасці гіст. канкрэтнай рэчаіснасці. Грунтаваўся на традыцыях Адраджэння і разам з тым сінтэзаваў дасягненні процілеглага яму барока, якое папярэднічала і часткова суіснавала з новым кірункам. Тэндэнцыі К. вызначыліся з 2-й пал. 16 ст. ў арх. тэорыі, трактатах і практыцы А.Паладыо, трактатах Дж.Віньёлы, С.Серліо, больш паслядоўна — у 17 ст. ў творах Дж.П.Белоры, у эстэт. нарматывах акадэмістаў балонскай школы жывапісу. У цэласную сістэму К. склаўся ў франц.маст. культуры 17 ст. (т.зв. Вялікі стыль Людовіка XIV). З 18 ст. стаў агульнаеўрап. стылем (у сусв. мастацтвазнаўстве гэты перыяд звычайна называюць неакласіцызмам), што было абумоўлена павышэннем цікаўнасці да ант. мастацтва ў сувязі з археал. раскопкамі ў Пампеях, Геркулануме і інш.
Архітэктура К. заснавана на выкарыстанні структурных і маст.-дэкар. магчымасцей ант. ордэрнай сістэмы (пераважна дарычнай), на выяўленні яе тэктанічных заканамернасцей, прапарцыянальнасці і сувымернасці аб’ёмаў і дэталей будынка. Пераважаў тып крыжова-купальнай кампазіцыі, распрацаваны ў малюнках Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэля і Мікеланджэла. У 17 ст. станаўленне К. ў Францыі звязана з пабудовамі Ф.Мансара (палац Мезон-Лафіт каля Парыжа, 1642—51), К.Перо (усх. фасад Луўра), Л.Лево, Ф.Бландэля. З 2-й пал. 17 ст. ў франц. К. з’явіліся некаторыя элементы барока (палац і парк Версаля, арх. Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр). У 17 — пач. 18 ст. К. сфарміраваўся ў «паладыянскай» архітэктуры Англіі (І.Джонс), архітэктуры Галандыі (Я. ван Кампен, П.Пост), Швецыі (Н.Тэсін Малодшы) і інш. На ўзор сабора св. Пятра ў Рыме франц.арх. Ж.Ж.Суфло з 1755 пачаў будаваць у Парыжы царкву Сент-Жэнеўеў, якая ў 1791 па асацыяцыі са стараж.-рым. звычаем была ператворана ў Пантэон і стала ўзорам для шэрагу інш.еўрап. пабудоў. У канцы 18—1-й пал. 19 ст.арх. К.Н.Леду, Ж.Ф.Шальгрэн, П.Віньён (Францыя), Р.Адам, Р.Смёрк (Англія), Л.Каньёла (Італія), К.Г.Лангханс, К.Ф.Шынкель (Германія), А.Захараў, А.Манферан, В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў (Расія) стваралі палацы і грамадскія пабудовы з развітой ордэрнай сістэмай, портыкамі порцікамі*, купаламі, імкненнем да манументальнасці і велічы. Горадабудаўніцтва К. 17 ст. развівала ў планах гарадоў-крэпасцей канцэпцыі «ідэальнага горада», стварыла тып рэгулярнага абсалютысцкага горада-рэзідэнцыі (Версаль і інш.). З 2-й пал. 18 ст. складаліся новыя прыёмы планіроўкі, якім уласціва арган. спалучэнне гар. забудовы і прыроды, стварэнне адкрытых плошчаў, што прасторава зліваліся з вуліцай або набярэжнай. Пашырылася садова-паркавае мастацтва. Гл. таксама Ампір.
У архітэктуры Беларусі К. выявіўся ў 1770-я г. і развіваўся паралельна з познім барока; у канцы 18 ст. стаў асн.маст. кірункам. Для яго характэрна спалучэнне зах.-еўрап. і рус. культуры з мясцовымі маст. традыцыямі. Сярод помнікаў пераходнага перыяду ад барока да К. Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Ружанскі палацавы комплекс. Распрацоўваліся новыя схемы планіроўкі гарадоў (у форме квадратаў, шматвугольнікаў), тыпы будынкаў адм. і навуч. устаноў. Для палацава-сядзібнага буд-ва характэрны геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі, цэнтрычная ў плане пабудова палаца з купалам (Грудзінаўскі палацава-паркавы ансамбль), галерэі-каланады (сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на), манум. порцік (сядзіба ў в. Дзедзін Міёрскага р-на, Маламажэйкаўская сядзіба, дом Э.Ваньковіча ў Мінску), анфіладная планіроўка парадных памяшканняў і калідорная жылых. Неад’емным элементам арх. ансамбляў былі ландшафтныя паркі з уключэннем збудаванняў малых форм (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Сноўскі палацава-паркавы ансамбль). Палац або сядзібны дом размяшчаўся паміж парадным дваром і паркам (палац у в. Алешкавічы Мастоўскага р-на). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя касцёлаў і цэркваў К. — пераважна прамавугольны ў плане кампактны аб’ём з 2-схільным дахам (касцёлы ў в. Мамаі і Мосар Глыбоцкага, г.п. Жалудок Шчучынскага р-наў); будаваліся храмы-ратонды (Лідскі Іосіфаўскі касцёл, у в. Дубай Пінскага р-на царква Раства Багародзіцы, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). К. паўплываў і на драўлянае дойлідства, дзе выкарыстоўваліся формы класічных ордэраў (Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс). Сярод архітэктараў: бел. Б.Захарэвіч, А. і П. Макарэвічы, Л.Гуцэвіч, М.Шульц, К.Падчашынскі, італьян. К.Спампані, шатландскі Дж.Кларк, польскія Ш.Цуг, А.Ідзкоўскі, рус. М.Львоў, Староў, В.Стасаў і інш.
У выяўленчым мастацтве эстэтыка К. ўстанавіла іерархію жанраў, якія падзяляліся на «высокія» (гіст., міфалагічны, рэліг.) і «нізкія», ці «малыя» (пейзаж, партрэт, нацюрморт), і мелі строгія межы і фармальныя прыкметы. Вобразны лад твораў вызначаўся тэктанічнасцю, строгай ураўнаважанасцю пабудовы, рацыяналіст. яснасцю, пластычнай завершанасцю і скульптурнай акрэсленасцю форм, лагічнасцю вырашэнняў, гал. роляй кампазіцыі і малюнка, абстрактнай ідэалізацыяй, адмаўленнем ад рэальных вобразаў сучаснасці і негіст. трактоўкай ант. мастацтва як абсалютнай нормы. У жывапісе пашырыўся «ідэальны пейзаж», які ўвасобіў мару класіцыстаў аб «залатым веку» чалавецтва. Сярод прадстаўнікоў К.: скульптары Б.Торвальдсен (Данія), Л.Барталіні, А.Канова (Італія), Ж.А.Гудон (Францыя), Дж.Флаксмен (Англія), І.Г.Шадаў, К.Раўх (Германія), Ф.Шубін (Расія) і інш., жывапісцы Ж.Л.Давід, А.Ж.Гро, П.П.Прудон, Н.Пусэн (Францыя), А.Р.Менгс, Ф.Рунге (Германія), Дж.Бэры (Англія), К.А.Енсен (Данія), А.Апіяні (Італія), Б.Уэст (ЗША), А.Ласенка, Ф.Бруні (Расія) і інш. Рысы К. ўласцівы творам Ж.А.Д.Энгра (Францыя) і Ф.Гоі (Іспанія).
У мастацтве Беларусі К. з’явіўся ў 2-й пал. 18 ст.Найб. ярка выявіўся ў дэкар.-прыкладным мастацтве (мэбля, тканіны, урэцка-налібоцкае шкло і інш.). У скульптуры і жывапісе шырокага развіцця не атрымаў. У аздабленні палацава-паркавых ансамбляў, гар. і сельскіх сядзіб выкарыстоўвалі гермы, карыятыды, атланты, рэльефы з адлюстраваннямі класіцыстычных эмблем, алегарычных фігур. Рысы К. прыкметны ў жывапісных творах І.Аляшкевіча, Ф.Смуглевіча, ранніх творах В.Ваньковіча і Я.Дамеля. У 1-й пал. 19 ст. выцеснены рамантызмам.
У тэатральным мастацтве К. садзейнічаў больш глыбокаму раскрыццю ідэі драм. твора, пераадоленню перабольшанасці ў выяве пачуццяў, уласцівых сярэдневяковаму тэатру. Майстэрства выканання класіцыстычнай трагедыі падпарадкоўвалася прынцыпам эстэтыкі Н.Буало. Акцёр трагедыі павінен быў эмацыянальна выразна чыгаць вершы і пры гэтым не імкнуцца да стварэння ілюзіі сапраўдных перажыванняў героя.
Сцвярджэнне К. ў акцёрскім мастацтве звязана з творчасцю франц. акцёраў Мандары, Фларыдора, Дзюпарк, М.Шанмеле. У 18 ст. асветніцкі К. адлюстраваўся ў творчасці А.Л.Лекена, Клерон, Дзюменіль. Дэмакр. тэндэнцыі К. найб. выявіліся ў сцэн. практыцы Мальера. У перыяд Франц. рэвалюцыі 1789—99 дзеячы тэатра надалі К. рэв.-гераічнае гучанне (Ф.Ж.Тальма і інш.). Франц. К. 17—18 ст. паўплываў на тэатр інш. краін Еўропы. Сярод буйнейшых яго прадстаўнікоў Ф.К.Нейбер у Германіі, Т.Бетэртан, Дж.Кембл у Англіі, Э.Рашэль у Францыі. У 19 — пач. 20 ст.эстэт. нормы К. ўласцівы спектаклям т-ра «Камеды Франсэз», акцёрам Ж.Муне-Сюлі, С.Бернар і інш. Для рус. К., які ўзнік у 1730—50-я г., характэрны нац.-патрыят. тэматыка, выхаваўча-асветніцкія тэндэнцыі. Буйнейшыя драматургі К. — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, акцёры — Ф.Волкаў, І.Дзмітрыеўскі, В.Каратыгін, С.Сандуноў, К.Сямёнава, Т.Траяпольская.
Праваднікамі прынцыпаў К. ў тэатр. жыцці Беларусі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. былі прыгонныя, прафес. і аматарскія драм. трупы Нясвіжа, Слоніма, Мінска і інш. У іх рэпертуары — трагедыі Карнеля («Сід»), Ж.Расіна («Федра»), Вальтэра («Заіра», «Марыяна»), камедыі Мальера («Цырымонлівыя паненкі», «Лекар паняволі», «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», «Маскарыль»).
У музыцынайб. выявіўся ў муз.-сцэн. жанрах. Яго пачынальнік — Ж.Б.Люлі, які стварыў оперны жанр лірычнай трагедыі з характэрнай ант. і міфалагічнай сюжэтыкай, высокай героікай і ўзнёсласцю стылю. Яго оперы вылучаліся лагічнай яснасцю, адпаведнасцю строгім правілам і нарматывам, арыентацыяй на драм. рэчытатыў і арк. развіццё. Спалучэнне рыс К. і барока характэрна для творчасці кампазітараў неапалітанскай опернай шкалы, оперы-серыя з яе ўнутр. адзінствам, рэгламентацыяй муз. форм і адначасова віртуознасцю вак. партый, эфектнасцю сцэн. афармлення. У эстэтыку муз. К. 18 ст. значны ўклад зрабіў рэфарматар оперы-серыя і лірычнай трагедыі К.В.Глюк. Якасна новая стадыя ў развіцці муз. К. — творчасць прадстаўнікоў венскай класічнай школы І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, дзе найб. росквіту дасягнулі вядучыя інстр. жанры — сімфонія, саната, стр. квартэт, сфарміраваліся санатна-сімф. цыкл і сімф. аркестр. На мяжы 18—19 ст. новыя формы К. характэрны для музыкі кампазітараў франц. рэвалюцыі канца 18 ст. Ф.Гасека, Э.Меполя, Л.Керубіні і інш. У рус. музыцы рысы К. ў спалучэнні з элементамі інш.маст. кірункаў выявіліся ў творах М.Беразоўскага, Дз.Бартнянскага, В.Пашкевіча, Е.Фаміна, І.Хандошкіна.
У муз. спадчыне кампазітараў Беларусі (Міхал Казімір Агінскі, М.Радзівіл, В.Казлоўскі) К. існаваў у спалучэнні з сентыменталізмам, элементамі рамантызму, барока і ракако, развіваўся ў рэчышчы агульнаеўрап. традыцый. У 1770—90-я г. ў магнацкіх т-рах Нясвіжа, Слоніма, Гродна ставілі камічныя оперы італьян. кампазітараў («Фраскатанка, ці Залатая дзева» Дж.Паізіела, «Джаніна і Бернардоне» Д.Чымарозы, «Вясковыя сцэны рэўнасці» Дж.Сарці і інш.). Тыповыя рысы К., характэрныя для еўрап. опернага мастацтва, увасоблены ў муз. помніку школьнага т-ра — оперы «Апалон-заканадаўца, ці Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага, створанага для т-ра Забельскага дамініканскага калегіума. Рысы К. маюць творы паслядоўніка берлінскай і венскай класічных школ Я.Д.Голанда (опера «Агатка, або Прыезд пана», опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць», уверцюра да балета «Арфей у пекле»), музыка Радзівіла (6 паланэзаў і дывертысмент для камернага аркестра), Казлоўскага (да трагедыі «Фінгал», скрыпічны канцэрт і інш.). У традыцыях ранняга К. напісаны творы літургічнай музыкі 18 ст. (месы ў гонар Дзевы Марыі, у гонар Нараджэння Хрыста і інш.).
Літ.:
Ренессанс. Барокко. Классицизм: Проблема стилей в западноевропейском искусстве XV—XVII вв. М., 1966;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала XVII в. М., 1967;
Литературные манифесты западноевропейских классицистов. М., 1980;
Обломиевский Д.Д. Французский классицизм. М., 1968;
Русский и западноевропейский классицизм: Проза. М., 1982;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г.Кн. 1—2. 2 изд. М., 1986—87;
Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990;
Інструментальная музыка Беларусі XVIII ст.Мн., 1991;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992.
Да арт.Класіцызм. Сядзібны дом у в. Алешкавічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл. Малюнак Н.Орды. 19 ст.Да арт.Класіцызм. А.Р.Менгс. Парнас. 1761.Да арт.Класіцызм. Палац Мезон-Лафіт каля Парыжа. Арх. Ф.Мансар. 1642—51.