ГАРА́ЎСКІЯ,

бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.

Апалінар Гілярыевіч (30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац. маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.Л.Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).

Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац. маст. музеі Беларусі.

Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

Л.Н.Дробаў.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)