ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ, Кравец камень,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1990). Размешчаны за 500 м на З ад в. Вароніна Сенненскага р-на Віцебскай вобл., у пойме р. Абалянка. Валун буйназярністага ружавата-шэрага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату (авоіды ад 2 да 8 см у папярочніку). Даўж. 10,2 м, шыр. 6 м, выш. 2,7 м, у абводзе 26,4 м, аб’ём 60 м³, маса бачнай ч. каля 150 т. Ч.к. — другі па памерах ледавіковы валун на Беларусі. Формай нагадвае цэглу з акругленымі бакамі — класічны прыклад ледавіковай апрацоўкі. Прынесены ледавіком каля 20—17 тыс. г. назад з ПдЗ Фінляндыі. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВО́НЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л ПРАФСАЮ́ЗАЎ, Прафінтэрн,

міжнароднае аб’яднанне левых прафсаюзаў у 1921—37. Утвораны на 1-м Устаноўчым кангрэсе ў ліп. 1921 у Маскве; дэлегаты ад 42 краін прадстаўлялі левыя прафес. і вытв. саюзы, выключаныя з Амстэрдамскага інтэрнацыянала прафсаюзаў. Прафінтэрн змагаўся за адзінства сусв. прафруху ў нац. і міжнар. маштабах на аснове абароны інтарэсаў рабочага класа і згуртавання антыфаш. сіл. Усе кангрэсы прафінтэрна адбыліся ў Маскве: 2-і (1922), 3-і (1924), 4-ы (1928), 5-ы (1930, прадстаўнікі ад 51 краіны). У 1935—37 у Францыі, Іспаніі, Індыі, Канадзе і інш. краінах адбылося аб’яднанне прафсаюзаў. Да канца 1937 частка фракцый Ч.і.п. перастала існаваць, і ён спыніў сваю дзейнасць.

Літ.:

Адибеков Г.М. Красный Интернационал профсоюзов. М., 1971.

т. 17, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ПІК Міхаіл Піліпавіч (3.8.1925, в. Залессе Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 22.11.2000),

бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952). У 1951—85 мастак-дэкаратар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу: «Вечар у вёсцы» (1953), «За намі родная зямля» (1958), «Горад увечары» (1961), «Уставай, краіна вялікая» (1967), «Курган славы» (1970), «Працоўныя будні» (1973), «На Купаллі» (1975), «Час цвіцення траў» (1980), «Партызанская быль» (1985), «Вячоркі» (1989), «Бульба» (1991), «Над родным Нёманам. Я.​Калас», «Сон» (абедзве 1992); у акварэлі, графіцы, плакаце. Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Вертэр» Ж.​Маснэ (1959). Творы вызначаюцца прастатой, раўнавагай і суразмернасцю кампазіцыі, яркай дэкаратыўнасцю, паэтызацыяй вобразаў.

Л.​Ф.​Салавей.

М.П.Чэпік.
М.Чэпік. На Купаллі. 1975.

т. 17, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГУ́Н Георгій Іосіфавіч (парт. псеўд. Максімаў; 5.10.1903, в. Пузевічы, цяпер в. Партызанская Гродзенскага р-на — 13.9.1960),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1925). З 1922 на падп. парт. рабоце ў Зах. Беларусі: чл. і сакратар Скідзельскага раённага, чл. Гродзенскага, сакратар Баранавіцкага, Пінскага і Беластоцкага акр. к-таў КПЗБ. На III канфер. КПЗБ (1926) выбраны чл. ЦК. За рэв. дзейнасць у 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Пасля вызвалення з турмы на падп. рабоце. Адзін з арганізатараў Скідзельскага паўстання 1939. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток). Да чэрв. 1941 заг. аддзела Скідзельскага райвыканкома. Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1945 на сав. і гасп. рабоце ў г. Скідзель.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПО́РЫН Юрый Аляксандравіч (8.11.1887, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 9.12.1966),

расійскі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1954). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913) і Петраградскую кансерваторыю (1918). У 1919—34 узначальваў муз. частку драм. т-раў у Ленінградзе, з 1939 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Працягваў героіка-патрыят. традыцыі рус. класічнай музыкі. Сярод твораў: опера «Дзекабрысты» (паст. 1953), сімфонія-кантата «На полі Куліковым» (1939), араторыі «Паданне пра бітву за рускую зямлю» (1944), «Дакуль каршуну кружыць» (1963), сімфонія для хору і арк. (1932), рамансы на вершы рус. паэтаў. Сярод вучняў Я.Святланаў, А.Фляркоўскі, Р.Шчадрын і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1966.

Тв.:

Литературное наследие: статьи, письма... М., 1989.

Літ.:

Мартынов И.И. Юрий Шапорин. М., 1966.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРТГО́РНСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, шартгорн (ад англ. shorthorn караткарогі),

парода мяснога і малочна-мяснога кірунку. Выведзена ў 18 ст. ў Вялікабрытаніі паляпшэннем мясц. караткарогай жывёлы пры скрыжаванні з галандскімі пародамі. Пашырана ў краінах Еўропы, ЗША, Аўстраліі. Выкарыстоўвалася пры вывядзенні парод бястужаўскай, курганскай, санта-гертруда.

Жывёлы мяснога тыпу маюць далікатную рыхлую канстытуцыю, тулава кампактнае і шырокае, галава і шыя кароткія і шырокія, добра развіта мускулатура. У жывёл малочна-мяснога тыпу тулава падоўжанае, галава лёгкая і сухая, шыя доўгая і тонкая. Рогі кароткія, сустракаецца камоласць Масць чырв., белая, шэрая. Маса быкоў 850—950, кароў 450—570 кг. Скараспелыя. Надой малака за год 3500—4000 кг, тлустасць 3,7—3,9%.

Шартгорнская парода.

т. 17, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСТАКО́Ў Міхаіл Дзянісавіч (3.11.1907, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1942),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу.(1931), камандныя курсы пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. фронце. Танк. батальён на чале з капітанам Ш. вызначыўся 12.5.1942 у баі каля г. Харкаў (Украіна): фарсіраваў р. Бабка, захапіў у палон шмат гітлераўцаў з узбраеннем; у баі за с. Непакрытае паланіў батальён варожай пяхоты, асабіста Ш. пры адбіцці контратакі праціўніка агнём з танка знішчыў 4 гарматы з разлікамі, вызваліў сяло. Загінуў у гэтым баі. Яго імем названа вуліца ў в. Нача.

М.​Дз.Шастакоў.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХ-ДЖАХА́Н (5.1.1592, г. Лахор, цяпер Пакістан — 22.1.1666),

правіцель Магольскай імперыі [1627—58]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Джахангіра. У маладосці меў імя Хурам, у 1616 за перамогі ў Дэкане атрымаў імя-тытул Ш.-Д. («правіцель свету»). У 1622—25 узняў паўстанне супраць бацькі, але быў разбіты і памілаваны. Калі стаў Вял. Маголам (1627), забіў сваіх братоў і сваякоў, каб пазбавіцца ад прэтэндэнтаў на прастол. Пры ім пабудаваны Тадж-Махал, «Чырвоны форт», «Саборная мячэць» (у Дэлі) і інш.; узмацнілася пранікненне ў Індыю еўрап. гандл. кампаній. Чуткі пра смерць Ш.-Д. ў 1658 прывялі да міжусобнай вайны паміж яго сынамі, у выніку якой прастол захапіў старэйшы сын Аўрангзеб. Ш.-Д. быў зняволены ў сваіх пакоях да самай смерці.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУРМАВІ́К,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння малапамерных і рухомых наземных (марскіх) цэлей з малых і гранічна малых вышынь. Мае бамбардзіровачнае, ракетнае, артыл. ўзбраенне і бранявую засцярогу. У СССР першы серыйны Ш. — Іл-2 (1939); найб. пашыраны ў Вял. Айч. вайну (выраблена больш за 36 тыс.). Сучасны рас. Ш. Су-25 (1978) мае ўзлётную масу 14,5 т, макс. скорасць 970 км/гадз, практычны паталок 7 км, макс. далёкасць палёту 1250 км; узбраенне — 30-мм двухствольная пушка, ракеты «паветра-зямля» з лазерным навядзеннем, блокі некіруемых ракет і бомбы. З канца 20 ст. на ўзбраенні ВПС некат. інш. краін наступныя Ш.: у ЗША — «Тандэрбалт», у ФРГ і Францыі — «Альфа-Джэт», у Вялікабрытаніі — «Хок».

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУЛЁНАК, шулячок (Falco, або Erythropus, vespertinus),

птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных, або дзённых драпежных птушак. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў невял. гаях і на асобных дрэвах. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 28—34 см, маса 130—200 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне шчыльнае, цвёрдае. Афарбоўка самцоў шыза-бурая, галава чорная, задняя ч. бруха, падхвосце і апярэнне галёнак рыжыя, лапы чырвоныя. Самкі шэрыя з цёмнымі буравата-шэрымі папярочнымі палоскамі на спіне, ніз вохрысты, галава рыжая, уніз ад вока невял. бурыя «вусы», лапы аранжавыя. Дзюба моцная, кручкаватая, блакітнаватая. Нясе 3—4 яйцы. Корміцца насякомымі, зрэдку мышападобнымі грызунамі, птушкамі і інш.

Шулёнак: 1 — самка; 2 — самец.

т. 17, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)