ШАХ-ДЖАХА́Н (5.1.1592, г. Лахор, цяпер Пакістан — 22.1.1666),

правіцель Магольскай імперыі [1627—58]. З дынастыі Вялікіх Маголаў, сын Джахангіра. У маладосці меў імя Хурам, у 1616 за перамогі ў Дэкане атрымаў імя-тытул Ш.-Д. («правіцель свету»). У 1622—25 узняў паўстанне супраць бацькі, але быў разбіты і памілаваны. Калі стаў Вял. Маголам (1627), забіў сваіх братоў і сваякоў, каб пазбавіцца ад прэтэндэнтаў на прастол. Пры ім пабудаваны Тадж-Махал, «Чырвоны форт», «Саборная мячэць» (у Дэлі) і інш.; узмацнілася пранікненне ў Індыю еўрап. гандл. кампаній. Чуткі пра смерць Ш.-Д. ў 1658 прывялі да міжусобнай вайны паміж яго сынамі, у выніку якой прастол захапіў старэйшы сын Аўрангзеб. Ш.-Д. быў зняволены ў сваіх пакоях да самай смерці.

т. 17, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)