ШАСТАКО́Ў Міхаіл Дзянісавіч (3.11.1907, в. Нача Крупскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1942),
Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу.(1931), камандныя курсы пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі РСЧА. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах. фронце. Танк. батальён на чале з капітанам Ш. вызначыўся 12.5.1942 у баі каля г. Харкаў (Украіна): фарсіраваў р. Бабка, захапіў у палон шмат гітлераўцаў з узбраеннем; у баі за с. Непакрытае паланіў батальён варожай пяхоты, асабіста Ш. пры адбіцці контратакі праціўніка агнём з танка знішчыў 4 гарматы з разлікамі, вызваліў сяло. Загінуў у гэтым баі. Яго імем названа вуліца ў в. Нача.