машына для адводу цеплаты ад цела, якое ахаладжаецца, і перадачы яе ахаладжальнаму асяроддзю (вадзе, навакольнаму паветру). Дзеянне грунтуецца на розных халадзільных цыклах. Найб. пашыраны кампрэсійныя і абсарбцыйныя Х.м., у якіх ахаладжэнне дасягаецца кіпеннем холадагенту. У халадзільнай тэхніцы выкарыстоўваюць таксама параэжэктарныя і тэрмаэл. Х.м.
У кампрэсійных Х.м. холадагент кіпіць (выпараецца) у выпарніку і аднімае цеплату ў цела, што ахаладжаецца. Утвораная пара адпампоўваецца кампрэсарам, сціскаецца ім і падаецца ў кандэнсатар, дзе ахаладжаецца вадой або паветрам (кандэнсуецца). Потым холадагент зноў паступае ў выпарнік. У абсарбцыйных Х.м. рабочае рэчыва — растворы 2 кампанентаў з рознымі т-рамі кіпення. Кампанент з больш нізкай т-рай кіпення выконвае функцыю холадагенту, другі — абсарбенту. У выпарніку за кошт цеплаты, што аднімаецца ад ахаладжальнага цела, холадагент выпараецца, а ўтвораная пара паглынаецца абсорберам. У параэжэктарных Х.м. сціснутая вадзяная пара расшыраецца ў эжэктары, стварае разрэджванне ў выпарніку, што даводзіць т-ру кіпення вады да ≈5 °C (выкарыстоўваецца як холадагент); тэрмаэлектрычныя заснаваны Пельцье з’яве, складаюцца з электрычна звязаных тэрмаэлементаў. Выкарыстоўваюцца Х.м. ў розных галінах прам-сці (харч., буд., хім., медыцыне) і побыце (гл.Халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛАДЗІ́ЛЬНІК,
збудаванне ці апарат для ахалоджвання, замарожвання і захоўвання біял. аб’ектаў, мед. прэпаратаў, харч. ці інш. скорапсавальных прадуктаў пры т-рах, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Ахалоджванне ажыццяўляецца з дапамогай халадзільнай машыны.
Адрозніваюць Х. хатнія і прамысловыя. Хатні (бытавы) — шафа (2- і 3-секцыйная) для кароткачасовага захоўвання (да некалькіх сутак) ахалоджаных і працяглага (да 12 месяцаў) замарожаных харч. прадуктаў, а таксама для атрымання лёду. Бываюць кампрэсійныя (холадагент — хладон-12; гл.Хладоны), абсарбцыйныя (на сумесі аміяку з вадой і вадародам) і тэрмаэл. (дзеянне ахаладжальных прыстасаванняў заснавана на Пельцье з’яве). У параўнанні з кампрэсійнымі абсарбцыйныя Х. бясшумныя, больш надзейныя ў эксплуатацыі. але расходуюць больш электраэнергіі. Бытавыя (кампрэсійныя) Х. з’явіліся ў ЗША (1910). Прамысловыя Х. бываюць вытв. (уваходзяць у склад харч. прадпрыемства, напр., мясакамбіната, малочнага з-да) і размеркавальныя (для захоўвання харч. прадуктаў на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання). У камерах Х. т-ра каля 0 °C, для замарожвання -18 — -23 °C, для захоўвання прадуктаў да -18 °C (гл.Ахаладжэнне, Замарожванне харчовых прадуктаў).
На Беларусі Х. вырабляюцца на Мінскім заводзе халадзільнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫХ ЗЛУЧЭ́ННЯЎ,
раздзел хіміі, які вывучае ўласцівасці каардынацыйных злучэнняў і спосабы іх атрымання.
Са стараж. часоў людзі выкарыстоўвалі прыродныя каардынацыйныя злучэнні ў побыце, медыцыне і вытв-сці. У 18—19 ст. гэтыя злучэнні пачалі мэтанакіравана сінтэзаваць; узнікалі тэорыі, якія тлумачылі іх будову. У 1893 А.Вернер прапанаваў каардынацыйную тэорыю, якая грунтуецца на ўяўленнях аб каардынацыі, «галоўнай» і «пабочнай» валентнасці, каардынацыйнай лічбе, унутр. і знешняй сферах, геаметрыі комплекснай малекулы. Уклад у развіццё Хк.з. зрабілі Л.А.Чугаеў, Э.О.Фішэр, Т.Таўбе і інш.Найб. актыўна развіваюцца кірункі Х.к.з. — металакомплексны аналіз, каардынацыйная хімія паверхні, біянеарган. хімія і інш.
На Беларусі даследаванні пачаліся ў 1950-яг. ў БДУ і Ін-це хіміі, вядуцца ў ін-тах хім. профілю Нац.АН, БДУ, Бел.тэхнал. ун-це. Вывучаюцца фотахім. і радыяцыйна-хім. пераўтварэнні каардынацыйных злучэнняў у водных растворах; комплексаўтварэнне галагенідаў металаў у газавай фазе; сінтэз матэрыялаў з каштоўнымі ўласцівасцямі (ферамагнетызм, тэрмахімізм, біял. актыўнасць) і інш.
Літ.:
Кукушкин В.Ю., Кукушкин Ю.Н. Теория и практика синтеза координационных соединений. Л. 1990;
Костромина Н.А.Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990;
Логинова Н.В. Биолеорганическая химия: металлокомплексы в медицине. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІ́ХАНАЎ Віктар Пятровіч (н. 27.9.1955, в. Пук шына Віцебскага р-на),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1978). Адрадзіў на Беларусі стараж. тэхніку разьбы на ляўкасе ў спалучэнні з жывапісам: «Дзед Сцяпан» (1976), «Успамін» (1977), «Слова аб Радзіме. Ф.Скарына», «Песня-ўспамін. М.Гусоўскі» (абодва 1980), «Свята ўраджаю», «Вянок жыцця. М.Багдановіч» (абодва 1981), трыпціхі «Сейбіты», «Вяртанне» (абодва 1982). Аўтар манум. работ: фрэска «Горад юнацтва» ў СШ № 67 (1981), вітражы «Прырода» ў Ін-це эксперым. батанікі Нац.АН Беларусі (1982), у Літ. музеі М.Багдановіча (1991) у Мінску; мазаіка «Лясная песня» ў кінатэатры «Радзіма» (1982), вітраж «Гарады Беларусі» ў будынку аўтавакзала (1984, усе ў сааўт.) у г. Маладзечна Мінскай вобл., размалёўка царквы святых Пятра і Паўла ў г. Семятычы (Польшча, 1987); іканастас Свята-Мікалаеўскай царквы ў Брэсце; кампазіцыя «Мір табе, зямля пад белымі крыламі» (1989). Жывапісныя творы вылучаюцца пуантылістычнай манерай выканання, экспрэсіўнасцю, гарманічнымі тонавымі суадносінамі: «Спадчына» (1978), «Мой родны кут. Я.Колас» (1982), «Ля вытокаў. В.Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Сустрэча ў вёсцы Белае» (1984), «Восень на Браслаўшчыне», «Кастрычнік» (абодва 1997), «Цёплы дзень» (2001), цыкл з 21 карціны «Восень у Баварыі» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫН (кіт., літар. — чыстая),
імператарская дынастыя ў Кітаі ў 1644—1912 з маньчжурскага роду Айсінь Гіёра. Прыйшла да ўлады ў выніку заваявання значнай ч. Кітая войскамі Маньчжурыі ў час падаўлення сялянскай вайны 1628—45, якая прывяла да падзення дынастыі Мін; пры першых імператарах Шуньчжы [1644—61] і Кансі [1662—1722] да 1683 авалодала ўсёй тэр.б. імперыі Мін. У 1680—1790-яг. цынскія імператары далучылі да Кітая землі Прыамур’я, Усх. Туркестана, Тыбета і інш.); найвыш. росквіту дасягнула кіт. сярэдневяковая культура. З канца 18 ст. імперыя Ц. паступова прыходзіла ў заняпад. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў выніку шэрагу няўдалых войнаў і нераўнапраўных дагавораў Кітай трапіў у залежнасць ад вядучых зах.-еўрап. дзяржаў, Расіі і Японіі; аўтарытэт дынастыі Ц. у кіт. грамадстве быў падарваны. Пры імператару Гуансюю [1875—1908] y 1898 здзейснена спроба рэфармавання Кітая (гл.«Сто дзён рэформ»), але задушана імператрыцай Цысі (фактычная правіцельніца краіны ў 1861—1908). Дынастыя Ц. скінута Сіньхайскай рэвалюцыяй 1911—13. 12.2.1912 ад прастола адрокся апошні цынскі імператар малалетні Пу I (у 1934—35 імператар Маньчжоў-Го), у Кітаі быў усталяваны рэспубліканскі лад.
Літ.:
Маньчжурское владычество в Китае: [Сб. статей]. М., 1966;
Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́ПА Вячаслаў Алегавіч (н. 10.1.1955, Душанбе),
расійскі і бел. рэжысёр. Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі (1969—71), скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных (1976), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1981). З 1981 рэжысёр-пастаноўшчык Растоўскага т-рамуз. камедыі. З 1984 в.а. гал. рэжысёра, з 1987 гал. рэжысёр Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі, у 1992—98 рэжысёр-пастаноўшчык Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Яго работы вызначаюцца рэжысёрскай фантазіяй, паэтычна-рамант. светаадчуваннем, пошукам новых выразных сродкаў. У т-ры муз. камедыі паставіў «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна, «Сільва» І.Кальмана (абедзве 1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994), «Чараўнік» Д.Рансуінка (1992, Дзіцячы муз.т-р «Казка»); у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (1989, канцэртная версія), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1996). З 1998 працуе ў Расіі.
Літ.:
Брылон В. Слава для мяне не самамэта // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАБАНЕ́НКА Віктар Антонавіч (н. 12.9.1937, с. Елізаветаўка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна),
украінскі мовазнавец, лексікограф, літ.-знавец, крытык, паэт.Засл. дз. нав. і тэхн. Украіны (2002). Скончыў Запарожскі пед.ін-т (1959). З 1965 працуе ў Запарожскім ун-це (з 1984 заг. кафедры, у 1985—96 дэкан ф-та). Друкуецца з 1957. Даследуе праблемы лінгвастылістыкі, сацыялінгвістыкі, укр. дыялекталогіі, гісторыі ўкр. мовы, міжслав. моўных і літ. узаемасувязей. У працы «Асновы Моўнай экспрэсіі» (1984) аналізуе экспрэсіўна-стыліст. функцыі беларусізмаў ва ўкр. мове. Склаў «Слоўнік гаворак Ніжняй Наддняпроўшчыны» (т. 1—4, 1992). Выдаў працу «Вялікі Луг запарожскі: Гісторыка-тапанімічны слоўнік» (1999). Кн. «Славістычныя даследаванні» (2003) пра беларусазнаўчыя зацікаўленасці ўкр. вучоных і бел.-ўкр.літ. сувязі. На ўкр. мову пераклаў вершы М.Багдановіча, Р.Барадуліна, Я.Купалы, А.Лойкі, П.Макаля, П.Панчанкі, М.Танка і інш. Запісвае ўкр. фальклор (зб-кі «Савур-магіла», 1990; «Сястра арлоў», 1991; «Мудрае слова», 1992; «Гартаванае слова», 1995; «Сечавая скарбніца», 1999). У паэт. зб-ках «Сабор душы маёй» (1996), «У вечным змаганні» (2000), «Аратанія» (2001) філас. роздум над гісторыяй Украіны, над праявамі дабра і зла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАН КАЙШЫ́, Цзян Цзешы,
Цзян Чжунчжэн (31.10.1887, в. Сікоку, прав. Чжэцзян, Кітай — 5.4.1975),
кітайскі дзяржаўны і ваенны дзеяч. Генералісімус (пасля 1927). Скончыў ваен. курсы ў г. Баадзін (Кітай) і пях. вучылішча ў Токіо. З 1908 у рэв. арг-цыі Тунмэнхой. З часу Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 паплечнік Сунь Ятсена і адзін з кіраўнікоў Гаміньдана. Адзін з кіраўнікоў узбр. сіл ва ўрадзе Сунь Ятсена, з 1926 галоўнакаманд. Нац.-рэв. арміяй; адначасова з 1926 лідэр Гаміньдана. Кіраўнік Паўночнага паходу 1926—28, у выніку якога Кітай аб’яднаны пад уладай Гаміньдана. З таго часу галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Кіт. Рэспублікі і яе фактычны кіраўнік (з 1943 прэзідэнт). З канца 1920-х г. вёў амаль няспынную барацьбу з камуністамі. Кіраваў Нацыянальна-вызваленчай вайной кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45. Пацярпеў паражэнне ад камуністаў у новай грамадз. вайне (1946—49), эвакуіраваўся з рэшткамі войск на в-аўТайвань, якім кіраваў да канца жыцця як прэзідэнт Кітая. У 1950—60-яг. ініцыіраваў эканам. рэформы, якія ператварылі Тайвань у адзін з найб. развітых рэгіёнаў Азіі.
Літ.:
Галенович Ю.М. Цзян Чжунчжэн, или Неизвестный Чан Кайши. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАСО́ВЫ ПАЛЯВЫ́ АЎДЫТАРЫЯ́Т (ЧПА),
карны орган пры штабе войск Віленскай ваен. акругі, які выносіў прысуды ўдзельнікам паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Дзейнічаў у Вільні з 12.10.1863 да 25.8.1867. Разглядаў судова-следчыя справы ўдзельнікаў паўстання на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай і Аўгустоўскай губ., зацвярджаў прыгаворы ваенна-палявых судоў, прадстаўленні мясц. органаў. Арыгіналы разгледжаных спраў заставаліся ў аўдытарыяце. Дакументальны фонд ЧПА захоўваецца ў Дзярж.гіст. архіве Літвы і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі паўстання і тагачаснага грамадска-паліт. жыцця. Уключае справы К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Навагрудскай і інш.рэв. арг-цый, нелегальных т-ваў «Бібліятэка ашмянскай моладзі» і «Пянтковічаў», матэрыялы пра распаўсюджванне газ.«Мужыцкая праўда», склад і дзеянні паўстанцкіх атрадаў, барацьбу розных плыней у вызв. руху, удзел у паўстанні бел. пісьменнікаў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Вуля і інш.
Літ.:
Обушенкова Л.А. Архивные материалы судебно-следственных учреждений 1863—1866 гг. по делам участников восстания // К столетию героической борьбы «за нашу и вашу свободу». М., 1964;
Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУРЛЁНІС (Čiurlionis) Мікалоюс Канстанцінас (22.9.1875, г. Варэна, Літва — 10.4.1911),
літоўскі жывапісец і кампазітар; прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў рысавальнай школе Я.Каўзіка (1902—05) і маст. вучылішчы (1905) у Варшаве. Вывучаў музыку ў Варшаўскім муз. ін-це (1894—99) і Лейпцыгскай кансерваторыі (1901—02). Чл. аб’яднання «Свет мастацтваў» (1911). У аснове яго твораў «нар. рамантыка» літоўскага фальклору, у позні перыяд прасочваюцца аналогіі музыкі і выяўл. мастацтва. Творчая манера вылучаецца своеасаблівай абагульненасцю, вытанчаным каларытам: жывапісныя кампазіцыі «Саната вясны», «Саната сонца» (абодва 1907), «Саната мора», «Саната зорак» (абодва 1908), трыпціх «Казка» (1907), цыклы «Стварэнне свету» (1904—06), «Казка каралёў», «Знакі задыяка», «Вясна», «Зіма» (усе 1907), «Жэмайскія крыжы» (1909). Муз. творчасць Ч. адносіцца да неарамантызму, звязана з літ. фальклорам. Аўтар першых літ.сімф. паэм («У лесе», 1900; «Мора», 1907), стр. квартэта, больш як 200 твораў для фп. і інш. Запісваў і гарманізаваў мелодыі літ.нар. песень. З 1965 у Літве праводзіцца конкурс выканаўцаў імя Ч. (з 1991 міжнар.). Мемар. музеі ў гарадах Каўнас і Друскінінкай.
Літ.:
Чюрлените Я.К. Воспоминания о М.К.Чюрленисе: Пер. с лит. Вильнюс, 1975;
Ландсбергис В.В. Творчество Чюрлениса. 2 изд. Л., 1975.