ХАЛАДЗІ́ЛЬНІК,

збудаванне ці апарат для ахалоджвання, замарожвання і захоўвання біял. аб’ектаў, мед. прэпаратаў, харч. ці інш. скорапсавальных прадуктаў пры т-рах, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Ахалоджванне ажыццяўляецца з дапамогай халадзільнай машыны.

Адрозніваюць Х. хатнія і прамысловыя. Хатні (бытавы) — шафа (2- і 3-секцыйная) для кароткачасовага захоўвання (да некалькіх сутак) ахалоджаных і працяглага (да 12 месяцаў) замарожаных харч. прадуктаў, а таксама для атрымання лёду. Бываюць кампрэсійныя (холадагент — хладон-12; гл. Хладоны), абсарбцыйныя (на сумесі аміяку з вадой і вадародам) і тэрмаэл. (дзеянне ахаладжальных прыстасаванняў заснавана на Пельцье з’яве). У параўнанні з кампрэсійнымі абсарбцыйныя Х. бясшумныя, больш надзейныя ў эксплуатацыі. але расходуюць больш электраэнергіі. Бытавыя (кампрэсійныя) Х. з’явіліся ў ЗША (1910). Прамысловыя Х. бываюць вытв. (уваходзяць у склад харч. прадпрыемства, напр., мясакамбіната, малочнага з-да) і размеркавальныя (для захоўвання харч. прадуктаў на прадпрыемствах гандлю і грамадскага харчавання). У камерах Х. т-ра каля 0 °C, для замарожвання -18 — -23 °C, для захоўвання прадуктаў да -18 °C (гл. Ахаладжэнне, Замарожванне харчовых прадуктаў).

На Беларусі Х. вырабляюцца на Мінскім заводзе халадзільнікаў.

С.​Я.​Дзям’янаў.

Халадзільнікі вытворчага аб’яднання «Атлант»: 1 — двухкамерны МХМ 1605; 2 — аднакамерны МХ 367; 3 — маразільнік ММ 164; 4 — шафа-вітрына ШВУ-0,4-1,3.

т. 16, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)